Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень волі 2014: «Слава Ўкраіне!», «Жыве Беларусь!»


«Дзень волі — гэта нешта нефармальнае»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:32 0:00
Наўпроставы лінк

Апазыцыйныя палітычныя партыі і рухі 25 сакавіка правядуць у Менску вулічнае шэсьце і мітынг з нагоды 96-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлета Дзень Волі пройдзе пад знакам салідарнасьці з Украінай.

Дазвол на правядзеньне мітынгу і шэсьця ад Менгарвыканкаму аргкамітэт атрымаў з другога разу: першапачаткова плянавалася шэсьце на плошчу Незалежнасьці, а ў выніку маршрут будзе традыцыйным — ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор. Сёлета ключавой тэмай сьвяткаваньня будзе салідарнасьць з Украінай, паведаміў адзін з заяўнікаў, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Сёлета акцыя ў вялікай ступені прысьвечаная салідарнасьці з Украінай, адстойваньню права ўкраінскай нацыі на самавызначэньне. Таму мы падрыхтуем стужкі ў колерах украінскага і беларускага сьцягоў. Заклікаем таксама прыходзіць з украінскімі сьцягамі і стужкамі. Натуральна, што для ўсіх, хто супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, ёсьць легальная магчымасьць прыйсьці і выказаць сваё стаўленьне да гэтых падзеяў».

Паводле заяўнікаў, удзел у вулічнай акцыі возьме, як зазвычай у апошнія гады, каля тысячы чалавек. Каб паінфармаваць людзей, вырабілі адмысловыя налепкі.

Што ведаюць пра сьвята незалежнасьці менчукі, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску:

Карэспандэнтка: «Ці ведаеце вы, што такое Дзень Волі альбо Дзень БНР?»

Юначка: «Ведаю, што такі ёсьць, але ня ведаю, што і калі адбылося ў гэты дзень».

Юнак: «Дзень Волі ведаю, што гэта такое — нешта вельмі нефармальнае. Уласна кажучы — і ўсё».

Юначка: «Ня ведаю пра Дзень Волі — вы мне сёньня такую навіну сказалі».

Карэспандэнтка: «Калі, на вашу думку, варта сьвяткаваць Дзень незалежнасьці Беларусі і як гэта рабіць?»

Спадар: «Незалежнасьці? Нават ня ведаю... Нармальна, спакойна, адэкватна — бязь мітынгаў і крыкаў. Дакладна летам — менш у горадзе будзе людзей, бо ў адпачынках, студэнтаў таксама, бо ў студатрадах — менш п’яных будзе».

Яшчэ адна адметнасьць сёлетняга сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка — адсутнасьць сярод заяўнікаў акцыі «Маладога фронту». Сустаршыня Зьміцер Дашкевіч гэтак пракамэнтаваў стаўленьне маладафронтаўцаў да традыцыйнага шэсьця па ходніках і мітынгу на Бангалоры:

«„Малады фронт“ мае досьвед працы ў гэтых аргкамітэтах. На жаль, кожны раз камусьці штосьці трэба даказваць і сварыцца. Таму няма ахвотных ізноў гэта рабіць. Асабіста я прыйду на гэтую імпрэзу, і на гэтым, пэўна, удзел большасьці сяброў „Маладога фронту“ будзе спынены. Мне асабіста не падабаецца тое, што арганізатары спачатку заяўляюць, што ідуць у цэнтар гораду, а затым — на Бангалор. Калі вы адпачатку ведаеце пра Бангалор, то лепш адразу пра гэта сказаць, добра падрыхтавацца, і, магчыма, можна сабраць значную колькасьць людзей. А так — сумна на ўсё гэта глядзець».

Шэсьце на Дзень волі 25 сакавіка рушыць а 18:00 ад кінатэатру «Кастрычнік» у Менску. Яно мае скончыцца мітынгам на Бангалоры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG