Яшчэ з прыемных уражаньняў — мне спадабалася адкрыцьцё нашай выставы ў Ляйпцыгскім Культурным доме з фатаграфіямі Цішына, Клінава і плякатамі Цэсьлера, на адкрыцьці былі чытаньні з новай кнігі Клінава „Партызан“, была вельмі добрая атмасфэра, шмат людзей, добрая дыскусія».
Антон Кашлікаў, 34mag.net: «Мне падалося, што сёлета вялікая ўвага была прыцягнутая да Ўкраіны — на ўкраінскім стэндзе ўвесь час вельмі шмат людзей, таксама шмат людзей прыходзяць паслухаць выступы ўкраінскіх аўтараў. Натуральна, гэтае зацікаўленьне выклікана апошнімі трагічнымі падзеямі, але добра, што гэтае зацікаўленьне ёсьць, што людзям не ўсё роўна — яны ходзяць і спрабуюць зь першых вуснаў даведацца, што адбываецца. Бо сапраўды, калі знаходзісься ў Нямеччыне і не правяраеш навіны, табе здаецца, што ў сьвеце ўсё спакойна. Дык вось, добра, што людзі цікавяцца, падыходзяць, размаўляюць».
Дар’я, Вашкевіч, літаратурны агент: «Самае цудоўнае — гэта атмасфэра поўнай свабоды, мне падабаюцца ўсе гэтыя эльфы, чэшырскія каты, тысячы дзіўных людзей, якія ходзяць навокал, і ніхто не зьвяртае на іх увагі (У адным з павільёнаў кірмашу адбываецца зьлёт аматараў мангі і анімэ, і адпаведна апранутыя наведнікі маюць зьніжкі на ўваходныя білеты. — Рэд.).
Я прыемна зьдзіўленая тым, колькі людзей прыходзіць на імпрэзы, прысьвечаныя Беларусі і Ўкраіне, і даседжваюць да канца! Ім сапраўды цікава, яны пахыходзяць, бяруць каталёгі, глядзяць кнігі — нават тыя, хто не чытае па-беларуску. Вось толькі што была адна спадарыня, немка — купіла чытанку для маленькіх і вырашыла паціху вывучаць беларускую мову, што вельмі прыемна.
Ігар Логвінаў, выдавец: «Найбольш інтэнсіўнае — адчуваньне сьвята, бо тут на чатыры дні зьбіраюцца людзі, якія любяць кнігі, пры ўсім сёньняшнім крызісе чытаньня, і ад гэтага зьяўляецца надзея на будучыню. Вельмі шмат людзей, вельмі шмат выдавецтваў, яны цікавыя адны адным, вельмі шмат аўтараў, якія кругом выступаюць. Адбываецца нешта вельмі вялікае і пазытыўнае, што так адразу і не зразумець — патрэбны час, каб усё асэнсаваць. І яшчэ адно ўражаньне — вакол, як заўсёды, шмат вельмі добрых і добразычлівых людзей, шмат сяброў, шмат цікавага».
Катарына Раабэ, выдавец: «Вялікі інтарэс да падзеяў ва Ўкраіне, да панэлі, прысьвечанай Эўрамайдану зь Юрыем Андруховічам, Андрэем Курковым і Ірэнай Карпай, якая атрымала значны водгук у аўдыторыі. Паўсюль ходзяць людзі з блакітна-жоўтымі стужкамі на вопратцы. Для мяне на гэтым кірмашы існуе толькі адна тэма — падзеі ва Ўкраіне, уварваньне ў Крым, страх за Ўсход Украіны, страх таксама за Беларусь, вялікая заангажаванасьць Польшчы, зацікаўленьне з боку нямецкай публікі, якое, на жаль, усё яшчэ занадта малое».
Сяргей Жадан, пісьменьнік: «Пачну з таго, што засмуціла. Засмуціла рэакцыя часткі нямецкіх інтэлектуалаў — ёсьць такая група нямецкіх трацкістаў, якія раздавалі ўлёткі пра тое, што „ў Кіеве да ўлады прыйшлі фашысты“ і таму „немцы мусяць згуртавацца вакол зьнешняй палітыкі Пуціна“, мусяць падтрымаць Пуціна. Для мяне гэта шок, нешта абсалютна незразумелае. Шчыра кажучы, я быў лепшай думкі пра нямецкіх левых.
Прыемны быў вялікі інтарэс да Ўкраіны, хоць я і разумею, што ён быў выкліканы трагічнымі і драматычнымі падзеямі. Вельмі добра, што нямецкія мэдыі цікавяцца, намагаюцца пра гэта гаварыць — вялікі ім за гэта дзякуй, бо так ці йнакш Украіну сёньня трэба падтрымліваць. Праблема Ўкраіны на сёньня — гэта праблема ўсёй Эўропы»
Вера Бурлак, паэтка: «Для мяне сёньня вельмі ўражвальным было тое, колькі людзей сабралася, каб паслухаць пра сытуацыю ва Ўсходняй Эўропе. Каля ўсіх стэндаў шмат людзей, а на дыскусіях і круглых сталах не хапала месцаў, усе хацелі пра гэта пачуць — гэта было вельмі моцна, я вельмі ўдзячная людзям за гэтую цікаўнасьць да Ўсходняй Эўропы, да Ўкраіны і Беларусі. Увогуле ўражаньні вельмі разнастайныя, вельмі моцныя, бо такога маштабу выставаў я ў сваім жыцьці ня бачыла».