1. Самаабарона і самаарганізацыя
Міліцыянты з аўтаматамі на вуліцах Кіева ўжо не ўспрымаюцца як прыкмета небясьпекі — наадварот, яны як бы сьведчаць, што міліцыя далучаецца да абароны грамадзян, якая яшчэ некалькі тыдняў таму была цалкам у руках «Самаабароны Майдана». Цяпер жа на пастах каля ўрадавых будынкаў разам стаяць і самаабаронаўцы, і міліцыя, унутраныя войскі. Дзеляцца цыгаркамі, перамаўляюцца. Цяжка ўявіць, што зусім нядаўна яны супрацьстаялі адзін аднаму.Ля Вярхоўнай Рады дзяжураць тры аўтаматнікі з унутраных войскаў, тры самаабаронаўцы бяз зброі селі каля мэталічнай бочкі з агнём, грэюцца, гамоняць. Да іх падышлі дзяўчаты, пытаюцца, што прынесьці на абед. «Лобстэраў», — жартам кажа адзін з самаабаронаўцаў, разумеючы, што атрымае вінэгрэт.
Падыходзім, знаёмімся, хлопцы запрашаюць сесьці да бочкі пагрэцца.
Найбольш гаваркі Радзівон зь Львоўскай вобласьці. Яму гадоў 40. Зь ім яшчэ двое, маладзейшы і старэйшы, усе з Заходняй Украіны. Сёмая сотня. Хлопцам ахвота пагаварыць пасьля перажытага.
«Яшчэ пару месяцаў таму ня мог уявіць, што я, былы вайсковец, з палкай пайду на «калашы», — эмацыйна расказвае Радзівон пра крывавыя сутыкненьні, якія скончыліся больш як сотняй ахвяр і тысячамі параненых.
Адно ня могуць патлумачыць мне ўдзельнікі пратэстаў: якім чынам ім удалося выстаяць падчас страшнай атакі ў ноч на 19 лютага, калі «Беркут» атачыў сем тысяч пратэстоўцаў, калі мэтро зачынілі, шыны вакол Майдана палалі, і іх не хапала, каб спыніць «Беркут». Але выстаялі.
«Бог нам памог, — кажа Радзівон. — Здолелі. Калі палалі шыны, дым ішоў не на нас, а на «Беркут».
Радзівону ўдалося застацца цэлым. Але ён перажыў моцны стрэс.
«Я ўпершыню ў жыцьці бачыў тут шэрае рэчыва, мазгі на асфальце. Каля Вярхоўнай Рады 18 студзеня „Беркут“ захопліваў людзей і зьбіваў, а цітушкі ў Марыінскім парку дабівалі... Пасьля ўсяго я тры ночы ня мог заснуць, не знаходзіў сабе месца. Мяне забралі ў псыхіятрычны шпіталь, надзелі ўціхамірвальную кашулю, накалолі лекамі. Пабыў я там колькі дзён — паправіўся, вярнуўся сюды».
Пазьней кіеўскі лекар, якога я спаткаў сярод іншых гасьцей у сваякоў, патлумачыў дыягназ: посттраўматычны сындром.
На яго пакутуюць ня толькі тыя, хто браў удзел у баях, а і многія кіяўляне, якія перажылі гэтыя падзеі ў сваіх кватэрах. За адзін дзень я сустрэў у Кіеве дзьвюх немаладых жанчын, якія проста лямантавалі на вуліцы, на эскалятары ў мэтро. Зь іх немага крыку можна было разабраць асобныя фразы: «Колькі маладых людзей пабіў, гад!»
2. Нябесная сотня
Столькі кветак я ў жыцьці ня бачыў. Вуліца Інстытуцкая, якая вядзе ад майдана Незалежнасьці да Нацбанку і адміністрацыі прэзыдэнта, усыпаная кветкамі, вянкамі, сьвечкамі — на барыкадах, якія ніхто ня мае намеру разьбіраць, на тратуарах, на месцах гібелі людзей.
Гэтыя месцы, дзе ляжалі забітыя, цяпер абгароджаныя пліткай і ўсыпаныя кветкамі, тут жа партрэты забітых, часам бот ці кепка, якія ад іх засталіся. Мэмарыялы. Уся вуліца стала адным вялікім мэмарыялам. У ліхтарных слупах засталіся дзіркі ад куль аўтаматаў і снайпэрскіх вінтовак.
Паводле стану на 11 сакавіка загінулых падчас падзеяў на Майдане Незалежнасьці налічвалася ўжо 102. Некаторыя дагэтуль паміраюць у шпіталях. Іх ужо назвалі «Нябеснай сотняй», а вуліцу Інстытуцкую, дзе большасьць зь іх знайшлі сваю сьмерць, людзі перайменавалі ў вуліцу Нябеснай сотні.
Снайпэры стралялі з гатэля «Ўкраіна» і іншых прылеглых будынкаў, распавядае ўдзельнік «Брацкай сотні» чачэнец Заур, удзельнік тых падзеяў, калі мітынгоўцаў з драўлянымі шчытамі расстрэльвалі з «калашнікавых» і снайпэрскіх вінтовак. Палягло іх тут шмат.
«Калі нашы людзі пачалі гінуць ад куль снайпэраў, чалавек трыццаць з „самаабароны“ пабеглі ў гатэль „Украіна“. Убачылі двух снайпэраў. Адзін зь іх уцёк, а другога мы злавілі. У яго была пазыцыя побач зь літарай „У“ ў назьве гатэля. Хлопцы хацелі яго разарваць, але аддалі ў Штаб нацыянальнага супраціву. У яго быў маскоўскі акцэнт», — распавядае Заур.
З тых самаабаронаўцаў, якія засталіся жывымі, і сфармавалася «Брацкая сотня». На горцы за Жаўтнёвым (Кастрычніцкім) палацам яны паставілі свой вялікі намёт з буржуйкай і зьбіраюцца стаяць тут да выбараў прэзыдэнта — 25 траўня.
Падчас баёў Заур быў лёгка паранены ў нагу, пасьля апэрацыі вярнуўся ў строй.
«Куля зачапіла машонку... Абышлося, а калі б і не, то ня страшна, у мяне чацьвёра дзяцей. Але хачу яшчэ сына», — кажа Заур.
Заур у звычайным жыцьці будаўнік, тынкоўшчык-плітачнік. Пасьля чачэнскай вайны, у якой ён браў удзел, пераехаў у Кіеў. Але баі яго засьпелі і тут. Заур не выключае, што паедзе ў Крым, бо кажа, што іначай Пуцін прыйдзе ў Кіеў.
Разам з Заурам ля намёта дзяжурыў іншы кіяўлянін — Алег, таксама будаўнік, муляр. Згадваючы агрэсію ў Крыме, пра расейскі народ як пра ворага самаабаронаўцы з Кіева не гавораць. «Наш вораг — Пуцін», — кажуць яны.
На разьвітаньне Заур пытаецца: як справы ў Беларусі?
«Ну, так сабе...»
«Што ж, наступны Эўрамайдан будзе ў Менску, а скончым на Краснай плошчы», — кажа Заур і махае рукой.