Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаць калектыўным Пазьняком


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
Неяк мы спрачаліся з прыяцелем, які на жыцьцё зарабляе ў Маскве. З аднаго боку, ён падтрымлівае беларускую нацыянальную ідэю, зь іншага – вінаваціў мяне ў празьмернай нацыяналістычнай зацятасьці. Маўляў, «надуманыя ўсе гэтыя закідоны да расейскай імпэрскасьці», што гэта «нашы беларускія правінцыйныя комплексы».

Апошнія дні назіраю актыўнасьць прыяцеля ў фэйсбуку, і бачу, што ён адкрыў свой асабісты інфармацыйны фронт змаганьня з імпэрскай навалай. Напісаў мне: «Цяпер мы з табою ў адным атрадзе».

«Ты нават у перадавым атрадзе», – падумаў я. Бо першы шок у мяне быў ад самога факту магчымасьці паўнамаштабнай вайны, а не ад таго, што яе можа пачаць менавіта Расея.

У маім юнацтве на пачатку 1990-х Зянон Пазьняк, як самы вядомы сьпікер нацыянальна арыентаванай часткі грамадзтва, усё вельмі папулярна тлумачыў пра імпэрскасьць Расеі на мітынгах, у СМІ і пры мікрафоне ў Вярхоўным Савеце.

Святлана Нілла – «Больш маладое пакаленьне, у тым ліку і я, ня верылі ва ўсюдыісную «руку Масквы», не дапускалі, што Расея можа ўвесьці войскі ў эўрапейскую дзяржаву. Сучасны сьвет, час, прагрэс. Бла-бла-бла... Таму і заявы Зянона Пазьняка пра корань усіх зол успрымалі як трызьненьне паважанага, але зьлёгку ад'ехаўшага дзядзькі. І вось...»

Vadzim Prakopčyk – «Галоўнае ня тое, што яго не ўспрымалі, галоўнае, што ўспрымаеце цяпер, Сьвятлана».

Вядомы юрыст Ekaterina Zabello піша пра сваё адкрыцьцё, пасьля размоваў са знаёмцамі з Расеі пра інтэрвэнцыю ва Ўкраіну:

– «Дыскурс пра братні народ прымусіў думаць, што мы прыкладна ў адной сыстэме каардынатаў жывем, ад яе і адштурхоўваемся – а вось не. Яны іншыя, як іншыя японцы, кітайцы і г.д., дзе многія меркаваньні, правілы і традыцыі падаюцца пачварнымі для эўрапейцаў. … Разуменьне (расейцаў – С.К.) выключанае. Што з гэтым рабіць, я ня ведаю».

Актывіст-эколяг Tatyana Novikova – «Каб Вялікі і Пачварны Пуцін ня ўвёў свае войскі ў Беларусь вызваляць мяне – рускамоўную і этнічна рускую, пачынаю размаўляць і пісаць па-беларуску!»

***
Памятаю, як упершыню па-беларуску загаварыў мой стрыечны брат. Мы паехалі ў Коўна ў 1991 годзе празь некалькі месяцаў пасьля крывавых падзеяў у Вільні, калі савецкія вайсковыя забілі мірных дэманстрантаў за незалежнасьць Літвы. Брат гаварыў па-беларуску, каб яго не прынялі за акупанта.

А я прыгадаў гісторыі, якія шматкроць чуў і чытаў пра беларусаў, што за мяжой прадстаўляюцца расейцамі – так прасьцей: ня трэба доўга тлумачыць, дзе тая новая анікому невядомая Беларусь.

А вось ужо першыя ластаўкі з Эўропы з Гішпаніі пра расейскіх турыстаў:

– «З гучным сьмехам рассаджваюцца за столікі, і вяльможна з ноткай пыхі клічуць афіцыянта. Падыходзіць сталы спадар, кажа па-ангельску, што ён гаспадар гэтай установы, а ягоная кавярня захопнікаў не абслугоўвае. Расейцы пад аплядысмэнты іншых сыходзяць з кавярні».

***

Шкада, вядома, калі пад каток антыімпэрскай хвалі будуць трапляць расейцы з адэкватнымі поглядамі. Чыста па чалавечы нават шкада тых, хто падтрымлівае вайну, бо ведаеш, чым гэта можа скончыцца для ўсіх, у тым ліку для самых ваяўнічых.

Але сёньня для Беларусі самае галоўнае – гэта барацьба не з расейцамі-імпэрцамі, а змаганьне, якое адбываецца ў галовах саміх беларусаў.

Вось дзьве навіны аднаго дня:

«Цэнтральны беларускі тэлеканал пачаў цыкл перадач пра нашу барацьбу з Расейскай імпэрыяй. «Зваротны адлік. 1863-ці. Пад ударам Імпэрыі», пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага».

«У Горадні школьнікаў пасьвяцілі ў казакі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел генэральны консул Расейскай Фэдэрацыі ў Берасьці Нікіта Маткоўскі, прадстаўнікі Беларускага саюзу афіцэраў і саюзу вайсковых маракоў, аблвыканкаму, аблваенкамату і духавенства».

То бок, калі на дзяржаўным канале вядзецца пра змаганьне з Расейскай імпэрыяй у мінулым, то ў Горадні пасьвяцілі ў тыя самыя казакі, якія сярод іншага душылі паўстаньне Каліноўскага.

Два кірункі асэнсаваньня сябе як народа. Мы адрозныя, маем сваё, не прымаем навязанае. І – робімся часткай таго, што ў свой час гвалтам прыйшло з усходу.

Dźmitry Hurnievič – «Ледзь ня кожны трэці чалец беларускай Рады Бясьпекі – не зьяўляецца ўраджэнцам Беларусі. Нацыянальнасьць гэтых людзей ня мае значэньня, але іх сьветапогляд, культура, якую яны ўвабралі ў сябе, паняцьце Радзімы і патрыятызму сфармаваліся па-за межамі Беларусі. … Яны кіруюць 1) Распрацоўкай і рэалізацыяй вайсковай дактрыны; 2) Вайскова-тэхнічнымі распрацоўкамі Беларусі; 3) Сыстэмай грамадзянскай абароны Беларусі; 4) Падтрыманьнем правапарадку; 5) Вядуць справаводзтва кіраўніка краіны. Таму для мяне ня будзе дзіўным, калі кіраўнік суседняй «брацкай» дзяржавы будзе ведаць пра пляны абароны Беларусі больш, чым сам кіраўнік Беларусі».

Пакуль мы можам толькі здагадвацца пра бліжэйшыя пляны Крамля адносна Беларусі. Ці ўсплывуць беларускія «казакі» ў адзін момант на пляцах краіны з расейскімі сьцягамі і просьбай абараніць іх ад «уціску беларускіх нацыяналістаў»? Ці проста далей будуць множыцца падобныя выхаваўчыя ініцыятывы як, напрыклад, «Першая ў Беларусі дзетсадаўская кадэцкая група»?

Калі размаўляеш зь людзьмі на вуліцы пра ўкраінскія падзеі, вельмі добра бачна, хто атрымлівае інфармацыю праз расейскія СМІ, а хто – не. Першыя эмацыйна паўтараюць прапагандысцкія штампы пра «захоп Украіны бандай фашыстаў-бандэраўцаў», другія камэнтуюць спакойна і адасоблена. Першых болей.

Гэта значыць, што афіцыйныя беларускія СМІ прайграюць расейскім. Адпаведна, калі ў Маскве вырашаць «мачыць» афіцыйны Менск, Расея будзе мець вялікую колькасьць даверлівых ляяльных спажыўцоў інфармацыі.

І тут узьнікае парадаксальная сытуацыя. Улада дваццаць гадоў прыціскала беларускую нацыянальную, грамадзянскую і палітычную самасьвядомасьць, і сваімі рукамі заганяла Беларусь у «кіпцюры дружбы» з Расеяй. А сёньня мусіць падумаць пра сваю пэрсанальную бясьпеку, на пачатку інфармацыйную. Прапанаваць сваю ідэйную карціну.

Тэзіс пра «братэрства» з Расеяй выглядае тым больш сумнеўным, чым больш павялічваецца верагоднасьць паўнамаштабнай вайны. Мантра «абы не было вайны» матэрыялізуецца на вачох, і «братэрскасьць» яе не перашыбе. Прынамсі, для большасьці.

Гістарычныя адсылкі да Вялікай Айчыннай вайны таксама прайграюць, бо тэма манапалізаваная Расеяй, і эксплюатуецца ёю на сто працэнтаў.

Ізноў, як дваццаць і болей гадоў таму нацыянальна арыентаваная частка беларускага грамадзтва мусіць зьвяртацца да суайчыньнікаў са словамі пра сапраўдную незалежнасьць, пра расейскую імпэрскую пагрозу, і пра неабходнасьць будаваць сваю супольную краіну.

Толькі цяпер да такіх словаў многія будуць ставіцца без іроніі ці абыякавасьці.

«Пасьля пэўнага часу робіцца зразумелым, што Зянон Пазьняк зь ягоным разуменьнем сытуацыі і маштабам зьявіўся папросту ня ў той час, і ня ў тым месцы. Тое, што ён тады рабіў, пісаў і гаварыў – гэта было навырост. А новых Пазьнякоў няма», – выказалася адна мая знаёмая, маючы на ўвазе Пазьняка-палітыка.

Магчыма, сёньня зацікаўленыя ў беларускай будучыні краіны мусяць самі стаць калектыўным Пазьняком.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG