Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова зьнялі з выбараў


Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

Нягледзячы на тое, што выбарчая кампанія на Гарадзеншчыне практычна не адчуваецца, апазыцыйных прадстаўнікоў спачатку не рэгістравалі ў кандыдаты, а цяпер яшчэ і здымаюць з выбарчай кампаніі.

У Гарадзенскай гарадзкой тэрытарыяльнай камісіі сёньня абвясьцілі кандыдату ў дэпутаты, лідэру гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіму Саранчукову, што ён ня можа далей удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата, бо дадатковая праверка камісіяй ягонай дэклярацыі выявіла парушэньні. Кажа Вадзім Саранчукоў:

Саранчукоў: «Нібыта камісія знайшла доказы таго, што кватэра, якая належыць маёй жонцы на правах уласнасьці, павінна была быць запісана ў маёй дэклярацыі. На дзьвюх папярэдніх выбарчых кампаніях, дзе я таксама прадстаўляў дэклярацыю, такога патрабаваньня не было, а цяпер высьвятляецца, што трэці кандыдат на акрузе лішні і яго можна зьняць».

Паводле Саранчукова, ён ужо распачаў кампанію, надрукаваў улёткі, праграму, яго прозьвішча было занесена ў выбарчыя бюлетэні. Рашэньне камісіі ён лічыць незаконным і будзе яго абскарджваць.

Па Цэнтральнай выбарчай акрузе № 7 у Гарадзенскі гарадзкі савет былі зарэгістраваныя тры кандыдаты. Цяпер на акрузе засталіся актывістка АГП Натальля Слуцкая і былы кіраўнік абласнога УУС генэрал Уладзімер Сычэўскі, якога нядаўна Лукашэнка звольніў з прычыны пэнсійнага ўзросту.

У Слоніме зарэгістраваныя пяць апазыцыйных кандыдатаў у раённы савет ад БНФ і БХД. Усе яны ўжо правялі пікеты, адкрылі рахункі і паклалі на іх уласныя грошы, надрукавалі і раздалі ўлёткі са сваімі праграмамі. У той самы час астатнія кандыдаты нават не адкрывалі ніякіх рахункаў і не правялі дагэтуль ніводнага пікета.

Вось што распавёў Свабодзе кандыдат у дэпутаты ад БНФ Іван Шэга.

Іван Шэга
Іван Шэга
«Яны лічаць, што дастаткова таго, што іх зарэгістравалі. Ім ня трэба агітаваць людзей, бо бальшыня зь іх ідзе па безальтэрнатыўных акругах, а там, дзе альтэрнатыва існуе, сыстэма адпрацаваная так, што перамога гарантаваная. Таму яны надта і не напружваюцца».

Сёньня Гарадзенскі абласны суд разглядаў скаргі траіх сябраў АГП на рашэньне Ленінскага суду Горадні, паводле якога іх аштрафавалі на 15 базавых велічынь за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Зьбіраючы подпісы за сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты, яны прапаноўвалі падпісаць і патрабаваньне да ўладаў адмяніць новы падатак на аўта.

Усім сябрам АГП адмовілі ў задавальненьні скаргі. Кажа Аляксандра Васілевіч, кіраўнік гарадзенскай арганізацыі АГП:

«Суд ня ўзяў пад увагу нашы спасылкі на міжнародныя нормы і законы, не прыняў да ўвагі тое, што міліцыянты самі парушылі беларускае заканадаўства. Затое судзьдзя радасна нам паведаміла, што мы маем права на тое, каб абскардзіць яе рашэньне».

Астравецкі актывіст Іван Крук таксама скардзіўся ў абласным судзе на рашэньне выбарчай камісіі, якая адмовіла яму ў рэгістрацыі на падставе нібыта таго, што пяць подпісаў, пастаўленых за яго вылучэньне, зробленыя не самімі выбарцамі.

Да суда яму адмаўлялі ў азнаямленьні з актамі праверкі, а ў судзе ён зь імі азнаёміўся і хадайнічаў аб правядзеньні экспэртызы, каб устанавіць дакладнасьць подпісаў, але суд яму ў гэтым адмовіў і цалкам заняў бок прадстаўнікоў выбарчай камісіі. Вось што сказаў Іван Крук Свабодзе пасьля суду:

Іван Крук
Іван Крук
«Яны прынялі ўсе меры, каб я ня быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Чаму? Таму што людзі мяне ў раёне добра ведаюць. Я заявіў у судзе, што яны зьдзейсьнілі палітычнае злачынства. І я надалей буду даказваць, што Астравецкая выбарчая камісія зьдзейсьніла злачынства. Цяпер пішу скаргу на рашэньне суду, пішу ў праваахоўныя органы, каб узбудзілі крымінальную справу, і маю намер дайсьці да міжнароднага суду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG