Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія паралімпійцы застаюцца ў Сочы, каб патрабаваць міру


Сёньня ў Сочы адкрываецца Паралімпіяда-2014. Адметнасьць імпрэзы ў тым, што на знак пратэсту супраць расейскай інтэрвэнцыі ў Крым пра байкот Гульняў заявілі заходнія кіраўнікі, а таксама афіцыйныя асобы Ўкраіны. Паралімпійцы ж пастанавілі застацца і патрабаваць міру.

Напярэдадні тры дзясяткі ўкраінскіх паралімпійцаў пад авацыі заўзятараў узьнялі жоўта-блакітны сьцяг у Алімпійскай вёсцы. Падчас выкананьня дзяржаўнага гімну Ўкраіны многія плакалі — ня толькі спартоўцы, але і сябры афіцыйнай дэлегацыі, валянтэры. Яны хоць і прыехалі ў Сочы аднымі зь першых, але іхні ўдзел у гульнях заставаўся пад пытаньнем. Прэзыдэнт Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Ўкраіны Валер Сушкевіч падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі прызнаўся: магчымасьць байкоту абмяркоўвалася да апошняга:

Валеры Сушкевіч
Валеры Сушкевіч
«Гаворачы пра нашае рашэньне адносна ўдзелу ці няўдзелу ў Паралімпіядзе, учора адзін са спартоўцаў сказаў наступную фразу (дазволю сабе агучыць яе на роднай украінскай мове): „Пан прэзыдэнт, зразумей, будзь ласка: калі мы пакінем Паралімпійскія гульні, пра нас будуць згадваць усяго толькі 2, 3, 5 гадзін. А калі мы застанемся тут, пра нашыя звароты да міру і нашыя перамогі, якія таксама будуць прысьвечаныя міру, будуць памятаць усю Паралімпіяду“. То бок спартовец сказаў пра сваё жаданьне тут быць зь мірам, тут нагадваць усясьветнай супольнасьці і ўсім, хто не разумее гэтага, што людзі бяз ног, людзі бяз рук, людзі невідушчыя, у вазочках, паралімпійцы любой краіны хочуць міру. І мінімальнае, што сёньня трэба зрабіць, — каб гэты мір быў падчас Паралімпійскіх гульняў».

Пра нялёгкі выбар украінскіх паралімпійцаў сьведчыць тое, што дагэтуль Валеры Сушкевіч правёў шэраг перамоваў з зацікаўленымі асобамі, папярэдзіўшы іх пра магчымы байкот спаборніцтваў атлетамі сваёй краіны. У прыватнасьці, такая інфармацыя была даведзеная прэзыдэнту Міжнароднага паралімпійскага камітэту Філіпу Кравіну, прэзыдэнту паралімпійскага камітэту Расеі Ўладзімеру Лукіну, Пастаяннаму прадстаўніку ПРААН ва Ўкраіне Аляксандры Цісо, выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандру Турчынаву. Учора спадар Сушкевіч меў паўгадзінную сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, аднак ці пачуты заклік Украіны да замірэньня — не паведамляецца.

Тым часам нядаўна абраны міністрам спорту і моладзі, пакалечаны невядомымі актывіст аўтамайдану Дзьмітры Булатаў заявіў пра асабісты байкот сочынскай Паралімпіяды, падкрэсьліўшы: упершыню ў гісторыі краіна-гаспадыня гульняў непасрэдна перад пачаткам найважнейшага спартовага форуму распачала агрэсію супраць адной зь дзяржаў-удзельніц, увёўшы войскі ў Аўтаномную рэспубліку Крым і ўзяўшы ў аблогу часьці Ўзброеных сіл Украіны.

Разам з украінцамі рыхтуюцца да выступаў у Сочы дзесяць беларускіх паралімпійцаў (па пяць жанчын і мужчын), якія пазмагаюцца за мэдалі ў дзьвюх дысцыплінах — лыжных гонках і біятлёне. Летась у Ванкувэры яны здабылі 9 узнагародаў і сёлета разьлічваюць прынамсі паўтарыць той вынік. Але ці не адбіваецца на іхнім стане агульная нэрвознасьць расейска-ўкраінскага супрацьстаяньня ды ранейшыя пагрозы тэрактаў? Самая ўганараваная беларуская паралімпійка Людміла Ваўчок спадзяецца, што на галоўныя для любога спартоўца старты зьнешнія фактары не паўплываюць:

Людміла Ваўчок
Людміла Ваўчок
«Спадзяюся, што там усе сілы, усе магчымасьці будуць кінутыя на бясьпеку, на забесьпячэньне спрыяльных умоваў для спартоўцаў. Таму асабіста я не баюся, не асьцерагаюся нейкіх надзвычайных здарэньняў. Да таго ж мы летась ужо былі на гэтых трасах, трэніраваліся, спаборнічалі, пазнаёміліся з тымі, хто непасрэдна адказны за падрыхтоўку. Мяркую, што з улікам розных падзеяў усе высілкі цяпер скіраваныя найперш на тое, каб стварыць належныя ўмовы ўдзельнікам Паралімпіяды, каб яны не турбаваліся з нагоды падзеяў, не зьвязаных са спортам. Таму цяпер хваляваньні толькі за старты, усё астатняе, спадзяюся, вырашыцца бяз нашага ўдзелу».

На фоне фактычнай інтэрвэнцыі ў Крым міжнародная супольнасьць актывізавала высілкі дзеля байкатаваньня чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску. Адзін з пасьлядоўных праціўнікаў таго, каб буйныя спартовыя спаборніцтвы праводзіліся ў аўтарытарных краінах, польскі эўрадэпутат Марэк Мігальскі выступіў з адмысловай заявай.

Найперш ён зьвяртае ўвагу, што Алімпіяда ў Сочы ўжо паказала ўсяму сьвету, што такое спорт у руках дыктатараў: «Сёньня, калі Ўкраіна стаіць на парозе вайны, а прэзыдэнт Пуцін пасылае войскі ў Крым, неабходна яшчэ раз разгледзець пытаньне адмены чэмпіянату сьвету па хакеі, які павінен прайсьці ў траўні гэтага году ў Менску».

На перакананьне спадара Мігальскага, перанос першынства будзе найлепшым знакам салідарнасьці з народамі Беларусі і Ўкраіны, а таксама зразумелым сыгналам для Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія гатовыя на ўсё, абы ўтрымаць свае рэжымы і зьнішчыць свабоду ў суседняй Украіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG