Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагоню» ў Расеі прыраўнялі да «экстрэмісцка-нацысцкай сымболікі»


Расейская сацыяльная сетка «Вконтакте» ўгледзела ў нацыянальным гербе «Пагоня» прыкметы «экстрэмізму». Пра гэта паведамілі распрацоўніку тэматычнага дадатку да Дня Волі гарадзенцу Кастусю Новікаву.

Адміністрацыя «Вконтакте» заблякавала інтэрнэт-праграму Кастуся Новікава, распрацаваную адмыслова да сьвяткаваньня Дня Волі. За мэту спадар Новікаў ставіў сабраць у сваёй суполцы ня менш як 10 тысяч беларусаў, каб апэратыўна інфармаваць патэнцыйных удзельнікаў пра падзеі, якія будуць праходзіць 25 сакавіка ў розных месцах краіны.

Як паведаміў Кастусь Новікаў, пасьля распрацоўкі праграмы ён накіраваў яе на мадэрацыю, каб яе ўключылі ў агульны каталёг дадаткаў. Аднак атрыманы адказ яго ашаламіў. Спаслаўшыся на ўнутраныя правілы, адміністрацыя падмацавала сваю пазыцыю нормамі расейскага заканадаўства:

«Вам адмоўлена ў разьмяшчэньні дадаткаў ў сувязі з парушэньнем артыкула 20.3 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Расейскай Фэдэрацыі «Прапаганда і публічнае дэманстраваньне нацысцкай атрыбутыкі ці сымболікі, альбо публічнае дэманстраваньне атрыбутыкі ці сымболікі экстрэмісцкіх арганізацый».

На думку спадара Новікава, выглядае, што прыкметы «экстрэмізму, замешанага на нацызьме», мадэратары ўгледзелі ў нацыянальным беларускім гербе «Пагоня» і бел-чырвона-белым сьцягу, бо іншыя «забароненыя атрыбуты» на старонцы не фігуравалі.

З-за таго, што старонка ў гонар Дня Волі ня ўключаная ў агульны каталёг, яна недаступная ў агульным пошуку і наведнікі ня маюць магчымасьці запрашаць сяброў да абмеркаваньня зададзенай тэмы. Да ўдзельнікаў Кастусь Новікаў зьвяртаўся з прапановай: «Абярыце разам са сваімі сябрамі: дзе вы будзеце сьвяткаваць Дзень Волі-2014? Сьвяткуем Разам!» І называліся адрасы: Кастрычніцкая плошча, плошча Незалежнасьці, плошча Якуба Коласа, плошча Бангалор, Нацыянальная бібліятэка. Распрацоўнік не выключае, што якраз гэты пералік і спрычыніўся да блякаваньня ягонай праграмы.

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, звольнены з Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту з ідэалягічных прычынаў, лічыць, што ўніфікацыя нормаў у межах так званай саюзнай дзяржавы тычыцца перадусім ідэалягічнага складніку — беларусы, як і тыя ж украінцы, могуць быць патрыётамі толькі Расеі, усё астатняе трактуецца як экстрэмізм і фашызм:

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук
«Думаю, што адпаведную інфармацыю ў Расеі атрымліваюць ад беларускай адміністрацыі, ад беларускіх спэцслужбаў. Яна, зразумела, не адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці, але гэта падстава, каб дзейнічаць у абсалютна аднолькавым ключы. Зрэшты, было б дзіўна, каб было наадварот... Хоць, як я разумею, „Вконтакте“ — гэта не дзяржаўная кампанія, прыватны праект, таму, вядома, такая рэакцыя кіраўнікоў, уладальнікаў, мякка кажучы, зьдзіўляе.

Дарэчы, я недзе прачытаў, што 60% расейцаў падтрымліваюць вайсковую апэрацыю, а фактычна пуцінскую агрэсію супраць Украіны, так што тут усё лягічна. Усё тая ж прага да імпэрскасьці, асабліва сярод былых савецкіх грамадзянаў. Здаецца, ці не міністар замежных спраў Расеі зьвярнуўся да расейцаў, заявіўшы: калі вы патрыёты, то вы нас падтрымаеце. То бок расеец можа быць патрыётам, а ўкраінскі патрыёт у разуменьні Расеі аўтаматычна становіцца „бандэраўцам“. Нешта падобнае з гледзішча рускага чалавека адбываецца і ў адносінах да Беларусі: маўляў, беларус можа быць толькі расейскім патрыётам, а калі ён за сваю краіну — гэта ўжо фашызм».

На пачатку тыдня на патрабаваньне расейскага ведамства «Роскомнадзор» «Вконтакте» было заблякавана блізу паўтара дзясятка суполак, прысьвечаных акцыям пратэсту на кіеўскім Майдане і падзеям у Крыме. У прыватнасьці, на тэрыторыі Расеі не адчыняюцца старонкі «Ўкраінская рэвалюцыя/Эўрамайдан», колькасьць падпісчыкаў ягой перасягнула паўмільёна, «Правы сэктар» (400 тысяч удзельнікаў), «Рэвалюцыя/Эўрамайдан/Правы сэктар» (350 тысяч сяброў).

У сацыяльнай сетцы ВКонтакте неаднойчы блякаваліся і беларускія суполкі, западозраныя ў неляяльнасьці да ўладаў. Ня раз прыпынялася праца групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», якая ініцыявала рэзанансныя «маўклівыя акцыі», ініцыятывы аўтааматараў у рамках кампаній «Стоп-бэнзін» і «Стоп-падатак», адрасныя групоўкі кшталту «Надакучыў нам гэты Лукашэнка!», «Толькі ШОС!», «Ляпіс Трубяцкі — бясплатны канцэрт у Менску» і г.д. Напярэдадні палітычных акцыяў і шэсьцяў апазыцыі ўзьнікаюць праблемы з доступам на тэматычныя старонкі. Часта стварэньне той ці іншай суполкі спэцслужбы выкарыстоўваюць як падставу для затрыманьня яе стваральнікаў за розныя «антыдзяржаўныя заклікі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG