Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія паралімпійцы могуць байкатаваць гульні ў Сочы


У Сочы зьяжджаюцца паралімпійцы, якія маюць тыдзень, каб адаптавацца да ўмоваў высакагор’я.

Пачалі абжывацца ў Алімпійскай вёсцы і 10 прадстаўнікоў Беларусі, якія паспрачаюцца за мэдалі ў дзьвюх дысцыплінах — лыжных гонках і біятлёне. 7 сакавіка на стадыёне Фішт адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё Паралімпіяды, на якую сваіх спартоўцаў дэлегавалі амаль паўсотні краінаў. Аднак на фоне фактычнай інтэрвэнцыі ў Крым расейскіх войскаў сьвята можа азмрочыцца: асобныя лідэры ўжо заявілі, што не пашлюць сваіх афіцыйных прадстаўнікоў у Расею.

Адной зь першых у Сочы прыбыла паралімпійская зборная Ўкраіны, якая разьмясьцілася ў комплексах «Лаура» і «Роза Хутар». Аднак, паведамляе Нацыянальны камітэт спорту інвалідаў Украіны, падзеі, якія адбываюцца на роднай зямлі, выклікаюць у сябраў дэлегацыі занепакоенасьць, трывогу і глыбокае абурэньне, таму ўдзел у белых гульнях застаецца пад пытаньнем.

На сайце арганізацыі паведамляецца: у зьвязку з рашэньнем Дзярждумы дазволіць увод расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны ды фактычным пачаткам агрэсіі ў Крыме, на даручэньне прэзыдэнта Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Ўкраіны Валерыя Сушкевіча 2 сакавіка адбылася сустрэча шэфа місіі ўкраінскай каманды Алены Зайцавай з кіраўніцтвам Міжнароднага паралімпійскага камітэту, падчас якой абмяркоўвалася недапушчальнасьць з боку краіны, што прымае гульні, парушэньня ідэяў паралімпізму і нівэляваньне прынцыпу «алімпійскага замірэньня».

Прэсавая служба Нацыянальнага паралімпійскага камітэту паведамляе: 3 сакавіка Валеры Сушкевіч зьбірае вышэйшы калегіяльны орган — Раду камітэту — каб прыняць канчатковае рашэньне што да фармату ўдзелу альбо няўдзелу зборнай у ХІ зімовых Паралімпійскіх гульнях. Заўтра, 4 сакавіка, спадар Сушкевіч плянуе прыбыць у Сочы, дзе і будзе абвешчаны канчатковы вэрдыкт. У офісе камітэту сказалі, што сытуацыя надзвычай сур’ёзная і рашэньне можа быць радыкальным:

«У нас ужо некалькі гадзінаў цягнецца гэтае паседжаньне, і яно будзе працягвацца да таго часу, пакуль удзельнікі ня прыйдуць да нейкага кансэнсусу. Калі гэта здарыцца дакладна — сказаць цяжка, бо пытаньне складанае і прынцыповае. Але, хутчэй за ўсё, усё стане вядома ўжо сёньня, бо заўтра вынікі трэба будзе давесьці да спартоўцаў. Прынамсі, як толькі рашэньне будзе прынятае, інфармацыя зьявіцца на нашым сайце».

Тым часам у сваім мікраблогу ў Твітэры прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран напісаў, што брытанскія міністры адмовяцца ад наведваньня Сочы: «З прычыны сур’ёзнай сытуацыі ва Ўкраіне лічу, што будзе памылкай іх прысутнасьць на Паралімпійскіх гульнях у Сочы». Раней з аналягічным папярэджаньнем выступілі прадстаўнікі ЗША.

З гэтай жа прычыны лідэры ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, а таксама Рады Эўропы і Эўракамісіі абвясьцілі пра спыненьне падрыхтоўкі да сёлетняга саміту G8 у Сочы, асудзіўшы пазыцыю Крамля па Ўкраіне.

Як лічаць аналітыкі, 50 мільярдаў даляраў, укладзеных Расеяй у арганізацыю Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Сочы, могуць пайсьці ў пясок — спадзяваньні выправіць і без таго небездакорны імідж Крамля празь вялікі спорт былі адным махам перакрэсьленыя імпэрскімі амбіцыямі.

Мала таго, Расея рызыкуе страціць іншую прапагандысцкую пляцоўку — чэмпіянат сьвету па футболе 2018 году. Улады Ўкраіны праз дыпляматычныя каналы зьвярнуліся да Эўразьвязу з просьбай ініцыяваць пазбаўленьне Расеі права на ўсясьветнае першынства. Такі захад, у прыватнасьці, падтрымаў экс-дырэктар аргкамітэту футбольнага чэмпіянату Эўропы-2012, дырэктар кантынэнтальнага баскетбольнага першынства 2015 году ва Ўкраіне, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Маркіян Лубкіўскі.

Вядомы беларускі футбольны арбітар, судзьдзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук камэнтуе, ці можа Ўкраіна пазбавіць Расею мундыялю:

«Я думаю, што наўрад ці. Тым больш, дэвіз заўсёды такі, што палітыка не павінна ўмешвацца ў справы спорту, уключна з правядзеньнем спартовых мерапрыемстваў. Тое ж самае, як, вы ведаеце, у Менску хацелі перанесьці хакейны чэмпіянат, але, зноў жа, нічога не атрымалася. Мяркую, такі ж варыянт будзе і ў дадзеным выпадку. Наўрад ці гэта магчыма, калі ўжо фактычна пачалася актыўная падрыхтоўка. Хоць, дзеля справядлівасьці, яшчэ дастаткова доўгі шлях да чэмпіянату сьвету, і пакуль зусім не зразумела, як будуць далей разгортвацца падзеі вакол Украіны. Усё, вядома, будзе залежаць ад стабілізацыі — як сытуацыя будзе разьвівацца і ў Крыме, і па-за ім. Падзеі вельмі неадназначныя і становішча надзвычай складанае, таму будзем чакаць бліжэйшых дзён. Паглядзім, як бакі будуць выходзіць з гэтага найцяжэйшага становішча».

Украіна таксама заклікала Эўразьвяз прыняць супраць Расеі меры палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага парадку. Так, прапануецца замарозіць візавы дыялёг паміж Масквой і Брусэлем адносна лібэралізацыі візавага рэжыму, увесьці кропкавыя санкцыі супраць асобаў, датычных да вайсковай агрэсіі ў Крыме, і абвясьціць мараторый на вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Эўразьвязам. Захад ужо даў зразумець расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, што ягоная палітыка прывядзе да міжнароднай ізаляцыі краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG