Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Майдану ў Беларусі не будзе


Пра гэта заявіў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка пад час выступу на прыёме кіроўнага складу ўзброеных сіл і праваахоўных органаў з нагоды афіцыйнага сьвята Дня абаронцаў Айчыны.

«Для нас майдан не тое што непрымальны. Майдана ў Беларусі не будзе. Гэта наш з вамі, людзей у пагонах, сьвяты абавязак і задача — захаваць мір і стабільнасьць на нашай зямлі», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка сказаў, што «трэба вучыцца на памылках іншых і не дапусьціць нават малых праяў нестабільнасьці ў нашай краіне».

«Паслабленьне ўлады ў дзяржаве, карупцыя, беспакаранасьць і бязладнасьць, безадказнасьць улады, пра што вельмі часта ў апошні час кажам, цягнуць за сабой беспарадкі і анархію. Грамадзтва расколваецца, эканоміка стагнуе, людзі пакутуюць і становяцца сьляпой прыладай дэструктыўных сіл. Калі ў нас сваіх бракуе, нам могуць падкінуць, і гэта мы таксама павінны мець на ўвазе. І нібы каршуны на дзяльбу здабычы зьлятаюцца замежныя „добразычліўцы“, якія яшчэ больш распальваюць страсьці і падкідваюць дровы ў вогнішча», — заявіў Лукашэнка.

Ён лічыць важным, каб была «прадуманая сыстэмная зьнешняя і ўнутраная палітыка, якая дазваляе абараняць Беларусь ад нэгатыўных зьяў, не дапускаць расколу ў грамадзтве або анархію, папярэджваць любыя варожыя намеры». Пры гутарцы зь менакамі пад час ускладаньня вянкоў да манумэнта Перамогі Лукашэнка адзначыў, што Ўкраіна павінна быць цэласнай.

«Украіна павінна быць цэласнай. Ніхто не павінен разьдзярбаніць гэтую вялікую краіну, яна нам не чужая. Таму не трэба перажываць, што вось, там нешта здарылася, у нас будзе. Трэба турбавацца за тое, што нашы людзі там перажываюць гэты цяжкі крызыс. Гэта вельмі цяжка, і гэта толькі пачатак. У іх свае праблемы. Майдан для нас не навіна. Гэта ж не першы раз і, вы ведаеце, з першымі майданаўцамі (Віктар Юшчанка і іншыя) я дагэтуль сябрую. У іх свае пытаньні, у нас — свае, і мы будзем на гэтым будаваць сваю палітыку. У іх свая дзяржава, а ў нас — свая», — цытуе БЕЛТА кіраўніка краіны.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нешта падобнае спрабавалі зрабіць і ў Беларусі ў 2010 годзе. «Цяпер наш народ зразумеў, што магло б быць, калі б гэтаму патуралі. Але мы ж вадой іх не палівалі, сьлёзацечны газ не ўжывалі, нікому нічога не ламалі. Але калі ты дакрануўся да ваеннага чалавека, міліцыянта, спэцназаўца, які вас спрабуе там разьняць, адказ будзе імгненны. Як я магу дазволіць, каб ваеннаму чалавеку плявалі ў твар, а, тым больш, забівалі?Таму вы не хвалюйцеся. Усё будзе нармальна. Мы нічога адзін у аднаго не ўзялі, ні ў каго нічога не скралі і шыкоўнага за чужы кошт нічога не стварылі. Ва Ўкраіне давялі ўжо і людзей да такога стану: некаторыя махнулі, думаюць, горш не будзе».

Тэму падзей ва Ўкраіне Лукашэнка закрануў і пад час размовы з дыпляматамі. «Усё будзе нармальна, мы ж славяне», — сказаў ён паслу Ўкраіны ў Беларусі Міхаілу Ежэлю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG