САЧЫЦЕ ЗА ПАДЗЕЯМІ Ў ЖЫВЫМ БЛОГУ
У раёне Вярхоўнай Рады мітынгоўцы прарвалі міліцэйскі кардон. Пра гэта перадае Інтэрфакс-Украіна.
На скрыжаваньні каля Вярхоўнай Рады некалькі ўдзельнікаў мітынгу забраліся ў аўтамабілі, якія былі перашкодай на іх шляху, і выціснулі адтуль байцоў унутраных войскаў.
На дадзены момант мітынгоўцы пераадолелі аўтамабілі і прарвалі ачапленьне вайскоўцаў унутраных войскаў. З боку ўнутраных войскаў каля Вярхоўнай Рады падцягнуўся «Беркут». Чуваць выбухі пэтардаў, у ход пайшлі дубінкі.
Бой у парку ля будынку Вярхоўнай Рады
Мітынгоўцы завялі аўтамабіль, які перакрываў праезд вуліцы Грушэўскага, і ад’ехалі, вызваліўшы праезную частку. На праезнай часткі застаюцца яшчэ 2 аўтамабілі.
Мітынгоўцы паступова праходзяць за агароджу і спрабуюць разблякаваць вуліцу Грушэўскага.
На вуліцы Шаўкавічнай у Кіеве сілавікі пачалі ўжываць сьвятлошумавыя гранаты, яны маюць пры сабе стрэльбы. Ёсьць параненыя.
Тым часам парлямэнцкая апазыцыя ў Вярхоўнай Радзе блякуе трыбуну, патрабуючы ўключыць у парадак дня пытаньне аб аднаўленьні дзеяньня Канстытуцыі 2004 году.
Пацярпеў фотакарэспандэнт агенцтва Reuters
Падчас сутыкненьняў паміж мітынгоўцамі і міліцыянтамі ў Кіеве пацярпеў фотакарэспандэнт агенцтва Reuters.
Як перадае УНІАН, паводле папярэдніх дадзеных, у грудзі яму трапіла святлошумавая граната, якая разарвала вопратку.
Пацярпелага адвялі да аўтамабіля хуткай мэдыцынскай дапамогі.
Раней пад Радай дзьве жанчыны атрымалі раненьні гумовымі кулямі.
Мітынгоўцы каля Вярхоўнай Рады каля 2 тысяч. Яны кідаюць камяні ў бок праваахоўнікаў, у адказ міліцыянты страляюць святлошумавымі гранатамі. Супраць мітынгоўцаў быў выкарыстаны сьлезацечны газ.
Мітынгоўцы рушылі ў наступ на калёну міліцыі. У адказ міліцыя пачала страляць.
Падчас сутычак быў запалены грузавы аўтамабіль, які перакрывае рух па вуліцы Шаўкавічнай у бок Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
Аўтамабіль палае побач з жылым домам. Вуліца Шаўкавічная зацягнута чорным дымам.