Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расплата за хімічную атаку


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк паведаміў, што распачата крымінальная справа па факце прычыненьня шкоды дзяржаве зрывам тэрмінаў мадэрнізацыі «Віцебскдрэва». Нагадаю, што яшчэ 8 лістапада мінулага году, наведваючы «Барысаўдрэў», Лукашэнка даручыў завесьці крымінальную справу адносна тых, хто праектаваў і будаваў прадпрыемства.

Але зь «Віцебскдрэвам» сытуацыя адмысловая. Справа ў тым, што падчас нарады ў Барысаве кіраўнік дзяржавы даручыў наступную нараду па дрэваапрацоўцы правесьці да 10 сьнежня, прычым у Віцебску на прадпрыемстве «Віцебскдрэў», каб падвесьці вынікі мадэрнізацыі і на канкрэтным прыкладзе паказаць посьпехі беларускай эканомікі.

Але чарговую нараду давялося праводзіць 31 студзеня ў Менску. Бо высьветлілася проста фэнамэнальная, трагікамічная акалічнасьць. Мадэрнізацыя на «Віцебскдрэве» прайшла гэтак пасьпяхова, што ў цэхах, куды зьбіраліся весьці прэзыдэнта, можна знаходзіцца толькі ў рэсьпіратарах, бо ўзровень фармальдэгіду ў два разы перавышае дапушчальную канцэнтрацыю, не працуе вэнтыляцыйная сыстэма. На кагосьці рыхтавалася хімічная атака? Калі б і хацелі прыдумаць больш красамоўны вынік гэтага праекту, то наўрад ці ўдалося б. Фантазіі б не хапіла. Жыцьцё выявілася багацейшым.

Зразумела, пакінуць гэты інцыдэнт без пакараньня было немагчыма. Прэзыдэнт можа дараваць нават безгаспадарчасьць, але за такое давядзецца адказваць.

Дарэчы, на той нарадзе Лукашэнка прыгразіў крымінальнай адказнасьцю за парушэньні чарговых тэрмінаў рэалізацыі ўсім — ад прэм’ер-міністра, губэрнатараў да кіраўнікоў прадпрыемстваў.

У заяве генпракурора па «Віцебскдрэве» ёсьць цікавы момант. Высьвятляецца, што, акрамя вызначэньня вінаватых, «будуць заяўлены пазовы аб кампэнсацыі шкоды, якая нанесена дзяржаве — гэта самае галоўнае», — адзначыў Аляксандар Канюк. То бок дырэктары цяпер будуць ня толькі сядзець, але і расплачвацца ўласнай маёмасьцю.

Увогуле, караць крымінальнай адказнасьцю за безгаспадарчасьць — гэта клясыка адміністратыўнай сыстэмы. У 1930-х гадах у ГУЛАГу масы людзей сядзелі за гаспадарчае «шкодніцтва». Бо калі эканамічных стымулаў няма, іх трэба нечым замяніць. Страх пакараньня — адзін з чыньнікаў, які дазваляе гэтай сыстэме працаваць. Лукашэнка гэта інтуітыўна разумее. Таму кожны раз на эканамічных нарадах ці пры наведваньні прадпрыемстваў зь ягоных вуснаў чуюцца пагрозы пасадзіць у турму.
У постіндустрыяльную, інфармацыйную эпоху сілай прымусіць людзей працаваць значна цяжэй. Тут патрэбныя стымулы, а не прымус

Але фактар страху можа працаваць у індустрыяльную эпоху, калі праца нескладаная, а вытворчасьць простая. Калі трэба будаваць Беламорканал, то можна паставіць вертухая зь вінтоўкай, і сотні людзей будуць капаць. А вось у постіндустрыяльную, інфармацыйную эпоху сілай прымусіць людзей працаваць значна цяжэй. Тут патрэбныя стымулы, а не прымус. Пра што і сьведчаць вынікі эканамічнага разьвіцьця Беларусі.

Улады хоць і дэманструюць паказны аптымізм, аднак усё часьцей вымушаны прызнаваць змрочную рэальнасьць. На сустрэчы з кіраўнікамі мэдыяў 21 студзеня Лукашэнка заявіў: «Мы дасягнулі нейкай столі ў разьвіцьці нашых вытворчых сіл і аддачы ад іх». А на нарадзе аб праблемных пытаньнях разьвіцьця прамысловасьці ў аўторак кіраўнік дзяржавы мусіў канстатаваць, што ў прамысловасьці чысты прыбытак скараціўся амаль у два разы, колькасьць стратных прадпрыемстваў павялічылася ў 1,8 раза, сумарныя чыстыя страты вырасьлі ў 2,6 раза.

Сёньня ўжо можна канстатаваць, што праект мадэрнізацыі правалены. Яскравая ілюстрацыя — дрэваапрацоўчая галіна. Але ня толькі. «МТЗ, МАЗ дамадэрнізаваліся да таго, што прадаць прадукцыю ня могуць», — з абурэньнем казаў Лукашэнка на нарадзе ў аўторак. А старшыня Камітэту дзяржкантролю Аляксандар Якабсон прывёў прыклад з цэмэнтнымі заводамі, на якіх адбылася «глыбокая мадэрнізацыя» за кітайскія крэдыты, а цяпер яны загружаныя ледзь на траціну і стратныя.

На нарадзе чарговым разам высьветлілася, што людзі ня хочуць ісьці ў дырэктары. Гэта ўжо ня першая канстатацыя такога кшталту. Пра такія факты гаварылася і раней, напрыклад, на нарадзе пра будаўніцтва напрыканцы мінулага году.

І гэта цалкам зразумела. Ніхто ня хоча ісьці ў турму, ды яшчэ страціць маёмасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG