Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Беларусь чакае будучыня Сайгону і Гаваны


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі сёньня абвясьціў дадзеныя пра занятасьць насельніцтва ў 2013 годзе.

Статыстыкі сьцьвярджаюць: зь беспрацоўем у Беларусі, як заўжды, о’кей. Беспрацоўныя на канец сьнежня 2013 году складаюць толькі 0,5% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Гэта столькі ж, як і напрыканцы папярэдняга, 2012 году.

Аднак табліца прынятых на працу і звольненых за сьнежань 2013 году выклікае пэўныя пытаньні. Амаль ва ўсіх сфэрах выразна бачная тэндэнцыя — людзей звальняецца болей, чым прыходзіць. Асабліва гэта выразна ў сельскай гаспадарцы, прамысловасьці, будаўніцтве. І толькі ў гандлі, рамонце аўто, бытавой тэхнікі, гатэлях, рэстаранах — адчуваецца зваротны працэс.

Міхась Залескі
Міхась Залескі
«Такое адбываецца ў цывілізаваных краінах, — кажа Свабодзе эканаміст Міхась Залескі. — Адбываецца здаўна. Бо калі краіна разьвіваецца, узмацняе эфэктыўнасьць працы, то ў тых галінах, дзе ўжываецца больш мэханізацыі, аўтаматызацыі, робатызацыі, інфарматызацыі і г.д., людзі вызваляюцца. І яны пераходзяць у сфэру паслуг.

Зьнешне падобна, што такі ж працэс ідзе і ў Беларусі. Але гэта толькі зьнешне, бо сутнасьць яго зусім іншая. Паводле таго ж Белстату, палова сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у нас стратная. І людзі адтуль звальняюцца таму, што стратныя прадпрыемствы няздатныя іх утрымліваць. Гэтаксама як няздатныя прымаць новых працоўных, ствараць новыя працоўныя месцы.

Вось такі працэс адбываецца ў Беларусі. І завецца ён — дэіндустрыялізацыя. Паступова мы ўсё больш робімся такім Сайгонам альбо Гаванай: бардэлі, казіно, абслугоўваньне, гандаль. Дададзім яшчэ нафтаперапрацоўку, калійныя ўгнаеньні і лесапавал. Вось такая прыкладна будучыня вымалёўваецца.

А ў тых, хто сыходзіць з працы, будучыня такая. Лепшая, якасная частка мігруе на Ўсход і на Захад. А няякасная перацякае ў сфэру абслугоўваньня, крымінальную, ператвараецца ў алькаголікаў і наркаманаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG