Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка апісаў будучыню Беларусі адной фразай, — Зісер


Юры Зісер
Юры Зісер

Юры Зісер, заснавальнік заснавальнік парталу Tut.by, удзельнічаў у сустрэчы прэзыдэнта з кіраўнікамі беларускіх СМІ і задаў, па ягоных словах, важнае і глыбокае пытаньне: якой прэзыдэнт бачыць будучыню Беларусі.

«Але адказ быў зусім кароткі. Звычайна на кожнае пытаньне быў адказ на 20 хвілінаў, а тут адказалі адной фразай. Было ўжо позна, і я ня стаў дапытвацца. Мне проста адказалі, што ў 2030-м годзе Беларусь будзе незалежнай краінай».

«Гэта была свайго роду выведка перад выбарамі. Спроба пазнаёміцца, данесьці нейкія свае думкі, — Юры Зісер апавядае Радыё Свабода, як прайшла сустрэча. — Я не пачуў нічога новага на гэтай сустрэчы, але прэзыдэнт быў у добрым гуморы. Ніякіх глябальных адкрыцьцяў не было. Агульнае ўражаньне ад сустрэчы добрае. Вельмі адкрытая камунікацыя. Сустрэча цягнулася больш за пяць гадзін».

Паводле Юрыя Зісера, прэзыдэнт яўна азнаёміўся зь біяграфіямі кожнага з прысутных, шмат разоў зьвяртаўся да іх асабіста:

«Ён мяне хваліў усю дарогу. Ведаў, што я праграміст, што не магу ўзяць крэдыт за 45 працэнтаў, бо дорага. Пахваліў мяне за тое, што тры гады таму я пахваліў указ № 60» («Аб мерах па ўдасканальваньні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнта сеткі Інтэрнэт». — РС).

Кіраўнік БелаПАН Алесь Ліпай задаў пытаньне пра палітвязьняў. Найбольш пыталіся пра эканоміку, гаварылі пра спорт.
Калі шчыра, я што чакаў пачуць, тое і пачуў. У мяне не было адчуваньня, што нешта новае там прагучала

Фармат сустрэчы ўсё ж быў бліжэйшы да «адказ-пытаньне» і мала нагадваў дыскусію. «Нам пытаньняў ніхто не задаваў. Камунікацыя прадугледжвае пытаньні. А іх не было, — кажа Юры Зісер. — Калі шчыра, я што чакаў пачуць, тое і пачуў. У мяне не было адчуваньня, што нешта новае там прагучала».

Перад сустрэчай ва ўдзельнікаў, «як звычайна», адабралі тэлефоны і дыктафоны.

«Частавалі гарбатай, кавай, пячэньнем, — расказвае Юры Зісер. — Запрашалі ў „Прэзыдэнт-гатэль“ на абед, але, здаецца, ніхто не паехаў, бо ўсе паехалі „адпісвацца“».


На сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам былі запрошаныя:

  • заснавальнік парталу TUT.BY Юры Зісер,
  • старшыня НДТРК Генадзь Давыдзька,
  • генэральны дырэктар СТВ Юры Казіятка,
  • кіраўнік АНТ Рыгор Кісель,
  • генэральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА Дзьмітры Жук,
  • кіраўнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай,
  • галоўны рэдактар газэты «Беларусь Сегодня» Павал Якубовіч,
  • галоўны рэдактар выдавецкага дому «Звязда» Аляксандар Карлюкевіч,
  • галоўны рэдактар газэты «Прэсбол» Уладзімер Беражкоў,
  • галоўны рэдактар штотыднёвіка «„Аргументы и факты“ в Беларуси» Ігар Сакалоў,
  • дырэктар прадстаўніцтва ў Беларусі тэлерадыёкампаніі «Мир» Уладзімір Перцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG