Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, галоўны інжынэр Вадзім Ліхута і гендырэктарка «Экамэдсэрвіса» Галіна Валжанкіна на судзе
Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, галоўны інжынэр Вадзім Ліхута і гендырэктарка «Экамэдсэрвіса» Галіна Валжанкіна на судзе

Судзяць лекараў «Экамэдсэрвіса». Жывы рэпартаж

абноўлена

10 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску працягваўся разгляд «справы Экамэдсэрвіса». Абвінавачаныя: былая гендырэктарка мэдычнага цэнтру «Экамэдсэрвіс» Галіна Валжанкіна, анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, галоўны інжынэр Вадзім Ліхута. Іх абвінавачваюць у службовай нядбайнасьці, якая прывяла да сьмерці пацыенткі Юліі Кубаравай. Судзьдзя — Ала Абакунчык. Пракурор — Мікалай Жэчка.

У залі суду прысутнічаюць Юры і Ала Кубаравы — бацькі памерлай Юліі Кубаравай. Яны патрабуюць грашовай кампэнсацыі маральных і матэрыяльных стратаў.

9 студзеня суд прызнаў Алу Кубараву грамадзянскім пазоўнікам па справе.

Пацярпелы Юры Кубараў заявіў, што гэты працэс для яго — кшталту Нюрнбэрскага працэсу. Ён абвінавачвае мэдыкаў і кіраўнікоў «Экамэдсэрвіса» ў бесчалавечнасьці.

27 сакавіка 2013 году пасьля плястычнай апэрацыі жыхарка Горадні Юлія Кубарава не ачуняла і памерла праз 4 тыдні ў 4-м сталічным шпіталі. Паводле сьледзтва, у часе апэрацыі дрэнна працаваў апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
14:23 10.1.2014
Пракурор пытаецца пра газавы аналізатар: а як было зь ім? ( паводле матэрыялаў справы, аналізатар ня быў падключаны).

Шураў адказаў, што газавы аналізатар заўсёды працуе і ён тады перад апэрацыяй не правяраў, ці працуе гэты аналізатар. Паводле Шурава, у гэтага аналізатара вялікая пагрэшнасьць у працы і ён не зусім дакладна паказвае сытуацыю.
14:51 10.1.2014
Пракурор просіць вярнуцца да падзеяў апэрацыі, што ён тады рабіў і што рабілі іншыя. Шураў адказаў, што за сваю практыку зрабіў больш за 10 тысяч анэстэзій. Ён спачатку агледзеў Юлію Кубараву ў прысутнасьці маці наконт допуску да такой апэрацыі з анэстэзіяй. Супрацьпаказаньняў ня выявіў.

Наркоз Кубаравай уводзілі праз адмысловыя лекі, якія ўводзяцца дазатарам, а не праз дыхальную маску — гэта была асаблівасьць такой апэрацыі на носе. Да таго Кубарава падпісала паперу, што папярэджаная пра магчымыя наступствы. Ён праверыў апарат, кісларод падаваўся спраўна. Шураў пасьлядоўна апісаў свае дзеяньні і дзеяньні мэдычнай сястры, як ўвялі Кубараву ў наркоз.
15:08 10.1.2014
Шураў: «Калі пераканаўся, што анэстэзія праходзіць гладка, даў дазвол хірургу Серабро і апэрацыйнай сястры Бандарэнка пачынаць апэрацыю. Хірург Віктар Серабро правёў мясцовую анэстэзію носа і пачаў апэрацыю», — паведаміў Шураў. Ён быў побач, паводле яго словаў, сядзеў на крэсле.

Пракурор: «Як вы ажыцьцяўлялі кантроль за станам пацыенткі ў такі момант?»

Шураў: «Праз паказаньні на маніторы».

Пракурор патрабуе дэталяў, хто што рабіў і як назіралі за станам пацыенткі. Шураў у замяшальніцтве і тлумачыць, што падыходзіць да пацыенткі ня трэба, манітор высока на апараце, паказчыкі вялікія і добра назіраць за імі:

«Мы ня можам падысьці да галавы пацыенткі, вялікая стэрыльная зона пры такой апэрацыі».
15:24 10.1.2014
«Калі пераканаўся, што анэстэзія праходзіць гладка, даў дазвол хірургу Серабро і апэрацыйнай сястры Бандарэнка пачынаць апэрацыю. Хірург Віктар Серабро правёў мясцовую анэстэзію носа і пачаў апэрацыю», — паведаміў Шураў. Ён быў побач, паводле яго словаў, сядзеў на крэсле.

Пракурор: «Як вы ажыцьцяўлялі кантроль за станам пацыенткі ў такі момант?»

Шураў: «Праз паказаньні на маніторы».

Пракурор патрабуе дэталяў, хто што рабіў і як назіралі за станам пацыенткі. Шураў у замяшальніцтве і тлумачыць, што падыходзіць да пацыенткі не трэба, манітор высока на апараце, паказчыкі вялікія і добра назіраць за імі:

«Мы ня можам падыйсьці да галавы пацыенткі, вялікая стэрыльная зона пры такой апэрацыі».

Паводле Шурава, паказчыкі былі нармальныя, але каля 18 гадзінаў апарат пачаў выдаваць гукавы сыгнал. Ён падыйшоў да апарату і ўбачыў на ім надпіс: «Тэхнічная памылка».

Вызначыць, у чым была «тэхнічная памылка» было немагчыма. Ён убачыў, што адсутнічае «экскурсія грудной клеткі»:

«Першае, пра што я падумаў, што гэта адбылася разгермэтызацыя дыхальнага контуру.
Тады ён праверыў трубкі для дыханьня, што нам магла быць разгермэтызацыя, але ўсё было нармальна. Пасьля гэтага ён папрасіў Серабро і Бандарэнку адысьці ад стала і спыніць апэрацыю, каб ён праверыў усю апаратуру.

Тады ён агледзеў пацыентку і заўважыў, што зь месца апэрацыі ідзе кроў больш цёмнага колеру, а скура бляклая. Гэта прыкмета кіслароднага галаданьня. Тады ён пачаў праводзіць ручную вэнтыляцыю лёгкіх. Зрэнкі пацыенткі былі вузкія, з станоўчай рэакцыяй на сьвятло, пульс быў, але рэдкі і слабы.

У гэты момант мэдсястра канстатавала адсутнасьць пульса на руцэ, хаця на соннай артэрыі пульс яшчэ быў. Судзьдзя пытаецца, ці быў ў гэты момант гукавы сыгнал? Не.

Тады Шураў, як ён кажа, папрасіў увесьці праз вэну пацыентцы адрэналін ды іншыя лекі для актывізацыі працы сэрца. Сам пры гэтым некалькі разоў націснуў на грудную клетку. Пасьля ўвядзеньня лекаў скура стала нармальнай, блякла-ружовай. Мэдсясра сказала, што зьявіўся пульс на руцэ.

Ён убачыў, што не падаецца кісларод, яго не было да 18:40. За гэты час праз адмысловую падушку Шураў асабіста падаваў кісларод для пацыенткі. Потым кісларод зьявіўся ў сыстэме, і пацыентку зноў падключылі да апарату. Закончылі апэрацыю а 19:30. Пацыентка была ў прытомнасьці і яе перавялі ў палату.

Ён двойчы заходзіў да яе ў палату і прыкметы сьвядомасьці бачыў. Яна выконвала яго просьбу дыхаць праз рот. У 21:15 апошні раз зайшоў да Кубаравай, вырашыў, што ў яе постнаркозны сон. У 21:30 ён сышоў, папярэдзіўшы мэдсястру. Свае дзеяньні падчас апэрацыі называе адэкватнымі. Але прызнаў, што пасьля апэрацыі недаацаніў стан пацыенткі. Таму прызнае сваю віну часткова.
16:35 10.1.2014
Шураў мяркуе, што цягам наступных чатырох тыдняў Кубараву лячылі як жывога чалавека. Але ў наркознай картцы ён не напісаў пра інцыдэнт з кіслародам — з карпаратыўных меркаваньняў. Ён назваў сумнеўнымі высновы экспэртызы пра сувязь паміж ягонымі дзеяньнямі і сьмерцю пацыенткі.
16:55 10.1.2014
У судзе абвешчаны перапынак на 10-15 хвілін
17:12 10.1.2014
Суд працягвае допыты Шурава. У прыватнасьці высьвятляецца, ці знаёмы ён з нарматыўнымі дакумэнтамі аб прысваеньні чарговых кваліфікацыяў лекарам-анэстэзіёлягам. Таксама Шураву задаў Юры Кубараў.
17:28 10.1.2014
Юры Кубараў спытаўся ў Шурава, ці памятае той, як ён з жонкай Алай былі ў прыёмнай і прасіліся, каб іх прапусьцілі да дачкі. Шураў адказаў, што дакладна ня памятае. Пры гэтым раней ён прызнаў, што запаўняў наркозную карту апэрацыі пазьней, па-памяці.
18:32 10.1.2014
У судзе абвешчаны перапынак да панядзелка, 13 студзеня. Працэс адновіцца а 10:00.
XS
SM
MD
LG