ПАДЗЕІ ДНЯ
У Менску, у Нацыянальным мастацкім музэі адбудзецца калядны канцэрт камэрнага хору «Паліфоніка». Пачатак у 17.00.
У Менску, у Арт-Сядзібе (завулак Інструмэнтальны, 6, офіс 105) грамадзкая кампанія «У Беларусь і Эўропу – бязь візы!» арганізуе закрыты міні-канцэрт для сяброў кампаніі. У канцэрце выступіць гурт HandMade. Пачатак у 18.00.
У менскім клюбе «Графіці» – канцэрт гурту N.R.M. Пачатак у 19.00.
У магілёўскай ратушы – шляхецкі калядны музычны салён. Пачатак у 15.00.
У Страсбуры (Францыя) і ў памежным рэгіёне ў Бадэне (Нямеччына) пройдзе 36-я Эўрапейская сустрэча моладзі. У ёй прымуць удзел больш за 500 маладых людзей зь Беларусі.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1908 – у Вільні заснаваная друкарня таварыства «Наша хата», што выдавала беларускія падручнікі і дзіцячыя кніжкі.
1913 – у віленскай друкарні Марціна Кухты выйшла першая і адзіная прыжыцьцёвая кніжка Максіма Багдановіча «Вянок».
1918 – на парлямэнцкіх выбарах у Брытаніі ўпершыню чальцом палаты абшчынаў была абраная жанчына – Канстанцыя Маркевіч. Прозьвішча Маркевіч яна мела ад польскага мужа Казіміра Дуніна-Маркевіча.
1920 – скончыліся баявыя дзеяньні Слуцкага Збройнага чыну.
1973 – выйшла з друку кніга Аляксандра Салжаніцына «Архіпэляг Гулаг».
1991 – беларускі ўрад прыняў пастанову аб лібэралізацыі цэн – пераходзе да свабоднага рыначнага цэнаўтварэньня на тавары і паслугі.
1991 – Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з ЗША.
2004 – прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне выйграў Віктар Юшчанка, перамогшы свайго найбліжэйшага канкурэнта Віктара Януковіча.
2010 – Аляксандар Лукашэнка прызначыў прэм’ер-міністрам Міхаіла Мясьніковіча замест Сяргея Сідорскага.
У гэты дзень нарадзіліся:
1856 – Вудра Вільсан, 28-ы прэзыдэнт ЗША, Нобэлеўскі ляўрэат.
1908 – Яўген Вучэціч, савецкі скульптар, аўтар ня толькі славутага помніка на Мамаевым кургане «Радзіма-маці», але і шэрагу скульптур Сталіна, Леніна, Дзяржынскага.
1910 – Іван Шаціла, народны артыст Беларусі.
1944 – Кэры Муліс, амэрыканскі біяхімік, дасьледнік ДНК, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.
У гэты дзень памерлі:
1925 – расейскі паэт Сяргей Ясенін.
1937 – францускі кампазытар Марыс Равэль.
1945 – амэрыканскі пісьменьнік Тэадор Драйзэр.
1984 – пісьменьнік Мiкола Лобан.
ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ
«Простая ісьціна, але і яе трэба выпакутаваць: блаславёныя не перамогі ў войнах, а паразы ў іх! Перамогі патрэбныя ўрадам, паразы патрэбныя – народу. Пасьля перамог хочацца яшчэ перамог, пасьля паразы хочацца свабоды – і звычайна яе дамагаюцца».
Аляксандар Салжаніцын