Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў прызнаў віну Расеі ў «калійнай вайне» і заклікае «не цягнуць» з МАЗам


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску пракамэнтаваў канфлікт вакол выхаду «Ўралкалія» са складу заснавальнікаў Беларускай калійнай кампаніі.

Паводле спадара Сурыкава, у калійным канфлікце вінаватыя абодва бакі, але Расея — у большай ступені:

«Расейскі бок у калійным пытаньні ня ўсё дакладна разьлічыў у сваіх дзеяньнях. Вінаватыя абодва бакі, але больш — Расея. Новыя акцыянэры гатовыя да аднаўленьня супрацоўніцтва зь „Беларуськаліем“, гэта правільны падыход. Лічым, такая праца павінна аднавіцца. Хутчэй за ўсё, гэта будзе зроблена».

Апрача таго, Сурыкаў выказаў спадзеў на аб’яданьне МАЗа і КАМАЗа:

«Ня трэба цягнуць рызіну, калі яна там ёсьць. За КАМАЗам — перадавыя тэхналёгіі. Беларускі бок у канцы мінулага году сваім лістом ад ураду прапанаваў для сумеснай рэалізацыі бізнэсу дзьвюх краін пяць праектаў. Мы гэтую прапанову прынялі, разумеючы, што іх рэалізацыя дапаможа ў тым ліку разьвіцьцю эканомікі Беларусі. Мы разьлічваем, што ў сярэдзіне будучага году „РасБелаўта“ можа запрацаваць».

Пасьля выхаду «Ўралкалія» са складу заснавальнікаў БКК гендырэктар расейскай кампаніі Ўладзіслаў Баўмгертнэр быў арыштаваны ў Менску. Гэта здарылася ў канцы мінулага лета пасьля ягонай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам. Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў яму абвінавачаньне ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Напрыканцы верасьня бізнэсоўца перавялі пад хатні арышт у Менску. 22 лістапада Баўмгертнэра экстрадзіравалі ў Расею, там яго спачатку ўтрымлівалі ў маскоўскім СІЗА № 5, а потым перавялі пад хатні арышт.

Крымінальная справа Баўмгертнэра знаходзіцца ў вытворчасьці Галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Расеі. У Расеі гендырэктар «Уралкалія» абвінавачваецца ў тым, што, «зьяўляючыся асобай, якая выконвае кіраўнічыя функцыі ў камэрцыйнай арганізацыі, выкарыстаў свае паўнамоцтвы насуперак законным інтарэсам гэтай арганізацыі і ў мэтах здабыцьця выгадаў і перавагаў для сябе і іншых асобаў, што пацягнула за сабою цяжкія наступствы».

У сьнежні група ОНЭКСИМ Міхаіла Прохарава і кампанія «Ўралхім» Дзьмітрыя Мазепіна набылі ў стратэгічнага акцыянэра «Ўралкалія» Сулеймана Керымава больш за 41% кампаніі (21,75% акцыяў ОНЭКСИМ і 19,99% «Уралхіма»).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG