Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая беларускамоўная казка для айпада


Першая беларускамоўная казка для айпада
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:46 0:00
Наўпроставы лінк

Першая казка па-беларуску, адаптаваная для мабільных прыстасаваньняў сямейства Apple, нядаўна створаная для самых маленькіх карыстальнікаў.

Віртуальная казка «Зайкава хатка» — набор інтэрактыўных ілюстрацыяў з тэкстам. Яна адрасаваная тым, хто толькі асвойвае кніжна-кампутарную грамату. Як ужыліся сучасны айпад і казачныя героі — Свабодзе расказала ініцыятарка праекту, праграмістка Надзея Сьцепанчук.

«Зайкава хатка» — сымбіёз гульні і чытанкі. Як кажа Надзея Сьцепанчук, аўдыторыя новага прадукту — дзеткі ад 1,5–2 гадоў, якія з маленства выяўляюць інтарэс да бацькоўскіх IT-прыстасаваньняў. Дзіцячую ўвагу прыцягвае найперш інтэрактыўнасьць. Калі дакрануцца да экрану, героі «ажываюць», падпарадкоўваючыся волі маленькага карыстальніка.

Адным дотыкам можна ажывіць матылька, абтрэсьці яблыню ці прымусіць вылецець зязюлю з гадзіньніка. Усё гэта — пад ненавязьлівую фонавую музыку.

Сюжэт казкі ідзе за народным арыгіналам практычна бязь зьменаў. На пачатку зімы Ліса і Зайчык яшчэ добрыя суседзі, вітаюць адзін аднаго, але прыйшла вясна — і хатка лісы «паплыла». Тады Ліса захоплівае суседзкую нерухомасьць. Заяц ужо не сьмяецца, а горка плача. Неўзабаве пачынаецца этап высяленьня рыжай агрэсаркі: Певень грозіць касой, Мядзьведзь сурова зводзіць бровы. Калі справядлівасьць аднавілася, пераможцы разам п’юць гарбату.

— Надзея, як увогуле нарадзілася ідэя рэалізаваць беларускамоўны праект для самых маленькіх?

— Сама ідэя ўзьнікла найперш з таго, што сталася магчымым яе тэхнічнае ўвасабленьне. Спачатку такі код зьявіўся ў Злучаных Штатах, потым у Расеі. Нават украінцы ўжо маюць сваю вэрсію, а беларусы неяк традыцыйна спазьняюцца. Ну як гэта так? Таму вырашылі, што павінна быць і беларуская вэрсія. Гэта і ёсьць галоўная ідэя — каб мы не былі горшыя за суседзяў.

Надзея Сьцепанчук
Надзея Сьцепанчук
— Ці варта неўзабаве чакаць цэлага казачнага набору?

— Скажам так: гэта было створана маімі ўласнымі рукамі і за мае грошы. Але калі надалей будзе такая фінансавая магчымасьць, то я спадзяюся, што будзе і працяг гісторыі.

— Пакуль гэта ствараецца выключна пад Apple?

— Сапраўды, пакуль гэта пішацца пад Apple, але ў хуткім часе мы плянуем зрабіць нешта аналягічнае і пад Android.

— Што тычыцца фінансавых выдаткаў, яны значныя?

— Фінансавыя ўкладаньні, безумоўна, ёсьць. Калі праграмаваньне мы робім самі і гэта для нас як быццам бясплатна, то малюнкі, гукі, усё астатняе — гэта патрабуе грошай.

— Давялося нейкія моманты ўзгадняць з праваўладальнікамі?

— Не, гэта як адмысловая крама, дзе любы чалавек можа стварыць праграму і яе прадаваць. Безумоўна, мы зьвярталіся да ўладальніка правоў на музыку і малюнкі. А казка — яна народная, на народныя казкі няма аўтарскіх правоў. Мне мае сябры дапамаглі толькі яе апрацаваць.

— Ці выявіўся ўжо нейкі інтарэс ад спажыўцоў, ці ёсьць попыт на «Зайкаву хатку»?

— Натуральна, ужо ёсьць нейкія водгукі, але для пачатку хацелася б атрымаць большы розгалас. Перадусім каб пачуць, што ня так, што трэба зрабіць лепш, у чым мы, магчыма, памыліліся. Канструктыўных водгукаў пакуль няма, усе пішуць збольшага аднолькава: клясна, дзякуй, рабіце яшчэ.

— Можаце прыадчыніць таямніцу: што наступнае ў плянах?

— Што наступнае? Хочам дадаць гульні. То бок — каб была ня толькі анімацыя, ня толькі тэксты, а каб яшчэ і нейкія гульні былі.

— Надзея, скажыце, калі ласка, хто дапамагае ў працы?

— Канкрэтны код піша мой сябра, я займаюся збольшага каардынацыяй, бо зусім не хапае часу — усё робіцца толькі ў вольныя ад працы моманты. Хоць, зразумела, я таксама магла ўсё гэта напісаць, бо я праграміст. Найперш хачу выказаць вялізную падзяку ілюстратару Натальлі Чатковай, бо безь яе не было б такіх цудоўных малюнкаў, а таксама Ўладзімеру Няхаю, які напісаў код. Само сабой, вялізная ўдзячнасьць усім, хто дапамагаў ствараць тэксты, перакладаў, хто рэдагаваў. Усім дзякуй!

Беларуская казка «Зайкава хатка» для iPad ужо зьявілася ў анлайн-краме iTunes. Закладзены кошт — $0,99. За аналягічныя грошы яна даступная таксама на ангельскай, польскай, расейскай і ўкраінскай мовах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG