Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Папараць-кветка


Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Эфір 22 студзеня 2009 году


Папараць-кветка – мітычная кветка, якая, паводле паданьняў, расьцьвітае ў Купальскую ноч і прыносіць чалавеку незвычайнае шчасьце.

У Беларусі гэты вобраз стаў брэндавым і актыўна скарыстоўваецца для назову цэлага шэрагу рэаліяў.


Ракіцкі: З савецкіх часоў у Менску працуе рэстарацыя “Папараць-кветка”, у сталоўках і крамах можна купіць і зьесьці катлету “Папараць-кветка”. Гэтак званае віно-чарніла “Папараць-кветка” можна закусіць салатай “Папараць-кветка”. Менавіта такой назваю аднолькава ахвотна называюць як рэспубліканскі турнір у інтэлектуальных гульнях, гэтак і фэстываль саломапляценьня. У Беларусі хацелі пабудаваць ледзь не самую вялікую ў сьвеце тэлевежу таксама пад назовам “Папараць-кветка”. Чаму зь вельмі багатага беларускага фальклёру менавіта папараць-кветку камэрцыялізавалі?

Тацяна Валодзіна
Валодзіна: Ідэя, закладзеная ў гэты міт, — надзвычай глыбокая, прычым актуальнай ня толькі для сялянскай грамады, а для чалавечай мэнтальнасьці ўвогуле. Дзіўным чынам акумулявала яна ў сабе мары і жаданьні ці ня кожнага з нас. Ну, хто б не хацеў яе адшукаць?

Ракіцкі: Словам, суцэльная і паўсюдная папараць-кветка. І гэта пры тым, што насамрэч папараць не цьвіце. Калі не лічыць падобную да кветкі асаблівую мяцёлку на ніжнім баку лісьця ў каралеўскага папаратніка, які захаваўся яшчэ ў Белавескай пушчы. Ці ўсё ж ёсьць нейкая інфармацыя пра такое цьвіценьне?

Валодзіна: Адмыслоўцы і літаратары спрабавалі зьвярнуцца да гісторыі папараць-кветкі і нават шукалі сьцьверджаньня яе цьвіценьня. Такія зьвесткі нібыта і трапляліся ў старых летапісах. Выказваліся нават меркаваньні пра ўзьдзеяньне кветкі на чалавека — адкрыцьцё энэргетычных каналаў і паўстаньне экстрасэнсорных здольнасьцяў.

Ракіцкі: Калі цьвету гэтага ніхто ўжо даўно ня бачыў, адкуль тады такая неверагодная папулярнасьць у гэтага сымбалю?

Валодзіна: Напачатку крыху пра саму легенду. У купальскую ноч, у самую поўнач яе, зацьвітае на нейкае імгненьне гэта папараць-кветка, прычым гарыць ярка, як агонь. Сьцерагуць яе розныя духі нячыстыя, чэрці і ўсякая нежыць. Чалавек жа, атрымаўшы кветку, набывае незвычайнае шчасьце. Заманліва гучыць – пайшоў, знайшоў, ладна яшчэ, не спалохаўся жахаў – і на табе, ужо шчасьлівы. Прычым і шчасьце часьцей разумеецца як прымітыўнае багацьце. Бо ў асобных варыянтах апавядаецца, што здолее той сьмяльчак адшукаць скарбы. І той прывідны бляск золата асьляпляе і ўжо ня хочацца думаць, якія ж скарбы замыкае сабою папараць-кветка.

Ракіцкі: А якія скарбы яна замыкае? І ці ёсьць скарбы іншыя, акрамя залатых?

Валодзіна: Набыцьцё грошай – настолькі павярхоўны і прымітыўны вынік знаходжаньня кветкі, што і абмяркоўваць яго ня варта. Паказальна толькі тое, што менавіта такі, спажывецка-лянотны варыянт быў падхоплены папулярызатарамі фальклёру, далёкімі ад яго праўдзівай сутнасьці. Калі ж зьвярнуцца да сапраўды народных легендаў, якія і сёньня яшчэ запісваюцца ў нашых вёсках, пабачым, што папараць-кветка дае веды. Незвычайныя, магутныя веды, бо чалавек тады пачынае разумець мову зьвяроў і птушак, словы і шапаценьне кожнага дрэўца і травінкі. Чалавек той ня проста можа весьці зь імі ўсімі гутарку, але і спасьцігае схаваныя ад простых вачэй лекавыя ўласьцівасьці зёлак, умее прадказаць надвор’е і адпаведна сплянаваць сваю дзейнасьць. Умее лекаваць. Чуе плёткі сабакі з катом і даведваецца шмат цікавага пра сямейнікаў і суседзяў. Словам, яму адкрываецца ўвесь навакольны сьвет.

Ракіцкі: Але ж вы напачатку заўважылі, што паход па кветку суправаджаецца жахамі і пужаньнямі. Чаму так?

Валодзіна: Праўда, у легендах скрозь апавядаецца пра скрайнюю небясьпеку такіх пошукаў. Падкрэсьліваецца, што пільнуе кветку чорт, а сьмельчаку падаецца, што паміж лапухоў сядзіць зялёная вужака з галавой пеўня, а ў паветры на рэшаце ляціць ведзьма, махае мятлой, за ёй ляцяць крылатыя каты, лягушкі на кароткіх нагах і ўсялякая нечысьць. У іншых месцах ахоўваюць папараць зьмеі. Шлях з кветкаю поўніцца нежартоўнымі выпрабаваньнямі і вадою, і агнём, і болем. Данесьці да дому нямногім давялося. Расказваюць, адзін прынёс. Але дні праз тры знайшлі яго на тым жа месцы, куды за кветкай хадзіў: вісеў на асіне зь вяроўкай на шыі.

Ракіцкі: Ці не атрымліваем мы парадокс, што ключ ад ведаў належыць чорту? І ён ніяк ня хоча яго аддаць чалавеку. Ці ня так?
Папараць-кветка самім фактам свайго існаваньня або незацьвітаньня беражэ мяжу паміж сьветамі .

Валодзіна: У пэўнай ступені так. Чалавек у імкненьні спазнаць усе таямніцы і мову сусьвету прэтэндуе на тое, каб стаць упоравень з самім Творцам, з Богам. І тады б парушылася зацьверджаная ад пачатку іерархія, трэснуў бы усталяваны на пачатку сьвету касьмічны парадак і наўкола завалодаў бы хаос. Менавіта ў такіх фарбах і вобразах і апісваецца зрываньне кветкі – як страшны катаклізм. Старажытныя мудрацы сказалі б проста: што дазволена Юпітэру, не дадзена быку. Можна сказаць і трошку інакш – чалавек прэтэндуе на мудрасьць засьветаў, на магчымасьць зазірнуць у той сьвет і атрымаць адтуль яму неналежнае. Папараць-кветка самім фактам свайго існаваньня або незацьвітаньня беражэ мяжу паміж сьветамі.

Ракіцкі: Калі гэта так страшна і небясьпечна, то як даведаліся людзі пра чароўныя ўласьцівасьці папараць-кветкі?

Валодзіна: У абсалютнай бальшыні легендаў чароўная кветка трапляе чалавеку па-за ягонай воляй і намерамі. Гаворка ідзе часьцей пра тое, як згубілася ў чалавека жывёліна ды ён пайшоў шукаць яе ў лес. А там, сярод папараці, і ўпалі яму незвычайныя пялёсткі ў лапаць, ад чаго чалавек ня толькі сваю жывёлу знайшоў, але і наслухаўся рознага ад лясных насельнікаў. Толькі ж, пераабуўшыся ды памяняўшы лапці, згубіў ён і свае надзвычайныя здольнасьці.

Ракіцкі: Што ж яшчэ прыносіць гэтая папараць-кветка?

Валодзіна: Неаднаразова даводзілася чуць, што шукаць гэту кветку ідуць з мэтай убачыць там свайго суджанага. Для гэтага голаму трэба было сядзець у зарасьцях папаратніку і чакаць паўночы. З расказу аднаго смельчака – убачыў ён сваю, як ён пасьмяяўся, “крываногую Зінку”, але наўкола так страшна сьвішчэла, верашчэла і палохала, што ён ледзь дабег дадому. Іншыя ж даводзяць, што шукаць тую папараць хадзілі хлопец з дзяўчынаю разам. І няма ў гэтым ніякай супярэчнасьці – бо адшукаць сваё каханьне, блізкага і дарагога чалавека – найвялікшы дар і шчасьце, многа разоў большыя якога б ні было багацьця.

Ракіцкі: Такім чынам, у самой міталягеме “папараць-кветка” закладзены вельмі глыбокі сэнс – магчымасьць атрыманьня дару адчуваць Сьвет і яго насельнікаў. У ёй закладзеная прага да праўдзівага шчасьця і багацьця. Яны могуць быць у суладзьдзі з сусьветам і сваім асабістым “я”. Як жа сталася, што такі важкі сэнс аказаўся размытым і раскіданым па салатах ды катлетах?
доўгі час культываваўся сцэнічна-лубачны варыянт фальклёру…

Валодзіна: Вось тут мы наўпрост падыйшлі да праблемы бытаваньня, папулярызацыі ці беражлівага стаўленьня да сваёй фальклёрнай спадчыны, у якой, як бы патэтычна гэта ні гучала, закладзена векавая мудрасьць. На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што доўгі час культываваўся сцэнічна-лубачны варыянт фальклёру, калі акцэнт рабіўся на зьнешняй нібыта прыгажосьці, яскравасьці, весялосьці. Сумна, але павярхоўная ідэя лёгкага ўзбагачэньня аказалася настолькі прыцягальнай, што пасыпаліся аднайменныя калектывы і кактэйлі. У падобным стаўленьні да фальклёру – росквіт самадзейнасьці побач з занядбаньнем аўтэнтычнай традыцыі. Вонкавым сымбалем нашага фальклёру сталі бабулі ў крамных безгустоўных строях з саламянымі аднадзёнкамі ў руках. І гэта пры тым, што гэтыя бабулі здолелі захаваць праўдзівую філязофію таямнічай папараць-кветкі, не заплямілі і не спаганілі яе сквапнасьцю ці прымітывам. Разам з тым такая папулярнасьць самога сымбалю папараць-кветкі пакідае надзею, што глыбінная, прыгожая і мудрая сутнасьць самой традыцыі

Ракіцкі: Ці патрэбныя ў ХХІ стагодзьдзі сучаснаму грамадзтву міталягізаваць зьявы рэальнасьці з дапамогай фальклёрных вобразаў?

Валодзіна: Натуральна. Але толькі не ў “салатнай” інтэрпрэтацыі. Міты патрэбныя чалавеку заўсёдна. Мітычнае мысьленьне — вельмі важны складнік чалавечай псыхікі і мэнтальнасьці наогул. Іншая справа, чалавек кожнай эпохі падае і аранжыруе іх па-свойму, бо ня ёсьць пастаяннай сыстэма каштоўнасьцяў, не застаецца нязьменным само разуменьне багацьця. Ня выключана, што ў будучым шукальнік чароўнай папараці будзе марыць пра ключ да кампутарных сусьветных сыстэмаў. Пастаяннай выступае толькі няскончаная неспатольная прага чароўнага, прага імгненнага спаўненьня жаданьняў. І ёсьць яна ў кожным з нас. Сучасны чалавек, нягледзячы на ўсе вышыні навукова-тэхнічнага прагрэсу, якога ён здолеў дасягнуць, робіцца ўсё больш і больш самотным у сьвеце бяздушных кампутарных сыстэмаў ды глябальных рынкавых адносінаў. Месца для душы, таямніцы, мары застаецца гранічна мала. Вядома, міт пра папараць-кветку ня стане панацэяй ад фінансавага крызісу і не дапаможа ўзяць ільготны крэдыт, але ён дазваляе чалавеку ўбачыць тое, на што ён не зважаў дагэтуль. Цурчаньне лясной крыніцы, цяпло камянёў і сьпевы птушак могуць дарыць шчырую радасьць чалавеку. А гэта ўжо нямала.

Ракіцкі: У якім накірунку варта разьвіваць фальклёрныя міты?

Валодзіна: Сёньня мы яшчэ можам запісваць, чуць і перажываць голас традыцыі разам зь яе носьбітамі. Мы можам яшчэ падтрымаць тых людзей, якія данесьлі да нас веды і навыкі, можам павучыцца ў іх. Не, ня столькі нават расказваць казкі ды голасна сьпяваць, колькі павучыцца ўспрымаць сьвет ва ўсім яго багацьці, а сябе бачыць у суладзьдзі зь ім. Да таго ж і этнакультуролягі, сярод іншых людзей навукі і мастацтва, нясуць адказнасьць за ўзровень адчуваньня стылю і густоўнасьць, прычым, на ўсіх узроўнях : ад дзіцячых садкоў да айчыннага тэлебачаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG