Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FIDH і «Вясна» патрабуюць матэрыяльнай кампэнсацыі палітзьняволеным


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) і праваабарончы цэнтар «Вясна» патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць Міколу Статкевіча, а таксама іншых палітычных зьняволеных і цалкам рэабілітаваць іх, пакрыўшы нанесеную ім шкоду.

19 сьнежня 2010-га, усьлед за сілавым разгонам мітынгу пратэсту ў Менску, распачаўся шэраг арыштаў, затрыманьняў і перасьледу прадстаўнікоў апазыцыі. Да сёньня застаецца ў няволі і кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч.

26 траўня 2011 году суд Ленінскага раёну Менску асудзіў яго на 6 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер Статкевіч адбыў палову гэтага тэрміну.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў, якія праводзілі маніторынг судовага паседжаньня, прыйшлі да высновы: у працэсе не была даказаная віна Міколы Статкевіча ва ўчыненьні інкрымінаваных яму дзеяньняў — арганізацыі масавых беспарадкаў альбо непасрэднага кіраўніцтва імі і ўдзелу ў іх. Судовы разбор не адпавядаў стандартам незалежнага і бесстароньняга разгляду. Праваабарончыя арганізацыі таксама выказалі нязгоду з кваліфікацыяй уладамі падзеяў, якія адбыліся 19 сьнежня, як масавых беспарадкаў, а празьмернае ўжываньне сілы і далейшыя рэпрэсіі выклікалі рэзкае і адназначнае асуджэньне міжнароднай супольнасьці.

FIDH і «Вясна» адзначаюць, што права на мірныя сходы гарантавана як Канстытуцыяй Беларусі, так і міжнароднымі юрыдычнымі нормамі ў галіне правоў чалавека. На іх перакананьне, пераслед Міколы Статкевіча зьвязаны выключна зь яго палітычнай дзейнасьцю, у тым ліку зь мірным ажыцьцяўленьнем права на свабоду сходаў і меркаваньняў, і мае на мэце выключна спыненьне яго палітычнай дзейнасьці.

19 чэрвеня 2011 году Працоўная група пры Радзе правоў чалавека ААН пастанавіла, што пазбаўленьне волі Статкевіча ёсьць адвольным і парушае адпаведныя артыкулы Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь. Група заклікала ўрад Беларусі прыняць неабходныя меры для выпраўленьня сытуацыі, у тым ліку — неадкладна вызваліць Статкевіча і выплаціць яму адэкватную кампэнсацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG