Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІФА дае шанец футбольным аўтсайдэрам а-ля Беларусь


Шанцы футбольнай зборнай Беларусі трапіць у фінальную частку турніру топ-узроўню істотна падвысіліся. Праўда, дзякуючы зусім не майстэрству гульцоў і трэнэраў, а новым правілам правядзеньня чэмпіянатаў Эўропы, пачынаючы ад 2016 году.

Цяпер нацыянальная каманда месьціцца на 81-й пазыцыі міжнароднага рэйтынгу ФІФА, безнадзейна саступаючы ня толькі ўсясьветным грандам, але і шмат каму зь сераднякоў.

На паседжаньні выканаўчага камітэту ФІФА абнародаваны рэглямэнт кантынэнтальнага першынства, якое праз тры гады пройдзе ў Францыі. Упершыню колькасьць фіналістаў пашырыцца на цэлую васьмёрку — да 24 зборных супраць 16, як было да нядаўняга часу (да сярэдзіны 1990-х у вырашальнай стадыі гулялі ўвогуле 8 камандаў).

Такім чынам, паехаць на Эўра-2016 зможа ледзь ня кожная другая эўрапейская каманда, якая стартуе ў адборачным турніры. Згодна з рэглямэнтам змагацца за права на фінальныя пуцёўкі пачнуць 53 зборныя Старога сьвету, у тым ліку некалькі дэбютантаў. Прыкладам, адмыслова пад спартовы форум будзе сфармаваная зборная Гібралтару. На правах гаспадароў без барацьбы далей пройдуць толькі французы.

Нацыянальная каманда Беларусі яшчэ ніводнага разу не трапляла ў фінальную частку чэмпіянатаў Эўропы ці сьвету, і новая формула заўважна падвышае шанцы скарыць непраходны дагэтуль групавы этап. Галоўнае, лічаць адмыслоўцы, каб спартовыя функцыянэры не пачалі секчы з пляча, патрабуючы даць ім «усё і адразу». Меркаваньне выказвае колішні футбольны камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Алесь Камароўскі:

Алесь Камароўскі
Алесь Камароўскі
«Нічога нельга зрабіць адразу, на вокрык начальніка. Вось паглядзіце, да чаго прыводзяць частыя зьмены галоўных трэнэраў у менскім „Дынама“. Ні да чога. Адзін, другі, трэці — і што? Быццам і трэнэры добрыя, у мінулым футбалісты выдатныя, але проста ім не даюць разгарнуцца. Год пабыў — усё, выкінулі. Некалі Эдуард Васільевіч Малафееў сказаў: трэба даць спэцыялісту сама меней тры гады, каб ён зрабіў нармальную каманду. Я таксама лічу, што ніяк ня меней. Таму спадзяюся, што за гэты час Георгія Кандрацьева з пасады галоўнага трэнэра зборнай прынамсі ня здымуць. Бо ён сваю справу робіць абсалютна шчыра, хоць камусьці не зусім падабаецца, што ўсю праўду пра футбольную інфраструктуру кажа, ня крывіць душой. Але галоўнае, што чалавек нармальна працуе, я рэальна адчуваю ягоны почырк. Цягам апошняга году бачна, што каманда, безь перабольшваньня, вырасла на некалькі галоваў».

Але беларускія ўлады ўжо глядзяць нават далей за Эўра-2016 і выказваюць гатовасьць прыняць у Беларусі некалькі матчаў эўрапейскага першынства 2020 году. Да 60-гадовага юбілею першага чэмпіянату Эўропы, які адбыўся ў Францыі, УЭФА вырашыла на конкурснай аснове выбраць паўтара дзясятка гарадоў, у якіх пройдуць фінальныя матчы. Адпаведную заяўку накіравала і Беларуская фэдэрацыя футболу — пры тым, што ў краіне няма ніводнай пляцоўкі, якая б адпавядала міжнародным патрабаваньням. Абяцаньні збудаваць ультрасучасны стадыён на месцы менскага «Дынама» перагледзелі на карысьць лёгкаатлетычнай арэны, а стадыён «Трактар», які фігураваў у заяўцы, — у поўным заняпадзе. Спартовы аглядальнік Яўген Валошын лічыць: пры цяперашнім падыходзе да справы ў беларускіх функцыянэраў няшмат шанцаў уціснуцца ў лік прэтэндэнтаў на знакавую падзею:

Яўген Валошын
Яўген Валошын
«З такімі тэмпамі, з такім падыходам, калі заяўляецца адно і абяцаньні не выконваюцца, усё выглядае як авантура. Я ня ведаю, чым кіруюцца нашы чыноўнікі, якіх яны чакаюць цудаў, на якія спадзяюцца беспрацэнтныя крэдыты, але я ўпэўнены, што з такімі адносінамі ніякага Эўра-2020 у нас ня будзе. Справа ў тым, што я быў у Фэдэрацыі футболу якраз у той момант, калі зьявілася гэтая інфармацыя. Абсалютна любая краіна Эўропы можа падаць такую заяўку. Для таго каб гэта зрабіць, дастаткова было за 5 хвілін проста запоўніць аркуш паперы памеру А4. Ну, падалі, нібыта ўключыліся ў працэс. Але тое, што выберуць Беларусь як адну з краінаў (а там прэтэндэнтаў вельмі шмат, бо чэмпіянат будзе праводзіцца ў новым фармаце), — я проста ня веру, што такое магчыма ў сёньняшніх умовах».

У посьпех прадпрыемства слаба верыцца адпачатку. Згодна з патрабаваньнямі УЭФА стадыён павінен мець умяшчальнасьць ня менш як 50 тысяч — для групавых стадыяў і ⅛ фіналу, ня менш як 60 тысяч — для ¼, ня менш як 70 тысяч — для паўфіналу і фіналу. «Дынама» ў лепшыя часы мог прыняць 50 тысяч гледачоў, калі да Алімпіяды-1980 збудавалі адмысловы казырок. Пасьля рэканструкцыі 1999 году і замены лавак на індывідуальныя крэслы ўмяшчальнасьць зьнізілася амаль на 10 тысяч. Пры канцы мінулага году там распачаўся чарговы бестэрміновы рамонт.

Абноўлены стадыён «Трактар» павінен быў адкрыцца яшчэ тры гады таму, аднак супрацоўніцтва гарадзкіх уладаў зь літоўскім бізнэсоўцам Уладзімерам Раманавым не задалося — прадпрымальнік уклаў 30 мільёнаў даляраў, але далей за папяровую валакіту нічога ня зрушылася. Сёлета спартовы аб’ект зноў вярнуўся ў камунальную ўласнасьць. Ідэя будаваць новую арэну побач з «Трактарам» малаверагодная, бо няма грошай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG