Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клічко заклікаў сустрэць Новы год на Эўрамайдане


29 дзень акцыі пратэсту ў Кіеве супраць спыненьня эўраінтэграцыі Ўкраіны.

Лідэр украінскай апазыцыйнай партыі «ЎДАР» і яе фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Віталь Клічко заклікаў ўдзельнікаў акцыі на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве не разыходзіцца, набрацца цярпеньня і змагацца, бо перамога ня можа быць хуткай.

Паводле яго слоў, будзе цяжка, але ўдзельнікі будуць сьвяткаваць Новы год на Майдане, паставіўшы там сваю навагоднюю ёлку — «не гэтую, не крывавую», сказаў палітык пра каркас афіцыйнай гарадзкой ёлкі, патрэба ўсталяваць якую стала падставай для сілавых спробаў разагнаць Эўрамайдан.

Як сказаў Віталь Клічко, трэба не пакідаць Майдан столькі, колькі спатрэбіцца для перамогі — тыдзень, два, месяц ці больш. Ён заклікаў прысутных марыць і ня здраджваць сваёй мары:

«Мы змагаемся за сваю мару, і няма ніякай мары, якую немагчыма было б ажыцьцявіць», — дадаў Клічко.

Ён нагадаў, што апазыцыя патрабуе рэформаў і адстаўкі ўраду.

"І мы зробім, каб у краіне быў новы ўрад, новы парлямэнт і новы прэзыдэнт«,— адзначыў Віталь Клічко і заявіў, што новы прэзыдэнт і падпіша пагадненьне аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўразьвязам.

Раней Клічко заяўляў, што абавязкова будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта на бліжэйшых выбарах, і настойваў на неабходнасьці мець агульнага кандыдата ад апазыцыі.

Эўрамайдан ў Кіеве стаіць ужо амаль месяц, з таго часу, як урад спыніў падрыхтоўку да падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, а прэзыдэнт Віктар Януковіч адмовіўся падпісваць яе на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG