Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква плаціць Януковічу за адмову ад эўраінтэграцыі, — Лагвінец


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

З якіх прычынаў кіраўніцтва Расеі вырашыла зьнізіць цану на газ для Ўкраіны і патраціць 15 мільярдаў даляраў на ўкраінскія каштоўныя паперы?

Як удзельнікі Майдану ў Кіеве могуць адрэагаваць на гэтыя зьвесткі і як вынікі перамоваў у Маскве паўплываюць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ва Ўкраіне? На гэтыя пытаньні адказвае беларускі палітоляг Алесь Лагвінец

Цыганкоў: Чаму Расея пайшла на такі беспрэцэдэнтны крок? Як можа зьмяніцца сытуацыя ва Ўкраіне і геапалітычны расклад у выніку сёньняшніх пагадненьняў у Маскве?

Лагвінец: Гэта сьведчыць пра тое, што сапраўды раней былі дасягнутыя патаемныя пагадненьні паміж Пуціным і Януковічам і цяпер Масква, па сутнасьці плаціць за адмову Януковіча падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Масква чарговы раз дэманструе, што гатовая плаціць даволі высокую цану за аднаўленьне сваёй сфэры ўплыву, каб краіны СНД не ўдзельнічала ў альтэрнатыўных геапалітычных праектах.

Вядома, Масква выступае таксама за тое, каб цяперашняя ўлада ва Ўкраіне захоўвала сваё панаваньне. Крамлю прасьцей дамаўляцца з аслабленай аўтарытарнай уладай, чым будаваць адносіны на празрыстых эканамічных рэйках. Атрымліваецца, што Расеі з 88 мільярдаў з фонду нацыянальнага дабрабыту некалькі мільярдаў выдаткоўвае на тое, каб утрымліваць Украіну ў сваёй арбіце. Курс на аднаўленьне неаімпэрыі Расея абвясьціла даволі даўно, і цяпер яна выкарыстоўвае свой асноўны аргумэнт — цэны на газ і нафту.

Мы гэта бачылі ў выпадку Беларусі, якая ў Эўропе мае самы нізкі кошт на газ.Украіна пасьля завышанага кошту цяпер атрымлівае на траціну меншы, і гэта ёсьць выратаваньнем для сёньняшняй улады, якая давяла сытуацыю да моцнага эканамічнага крызісу.

Цыганкоў: Як удзельнікі Майдану ў Кіеве могуць адрэагаваць на вынікі перамоваў у Маскве? Ці можна чакаць, што цяпер галоўным і адзіным лёзунгам пратэстоўцаў стане адстаўка Януковіча?

Лагвінец: Зразумела, што такая навіна дадасьць напружанасьці ва ўнутранай украінскай сытуацыі. Вядома, што людзі на Майдане мелі вялікія падставы не давяраць Януковічу. Сёньня гэтыя перасьцярогі спраўджваюцца.

Можна чакаць, што ў бліжэйшыя тыдзень-два напружанасьць вырасьце. Хаця складана прагназаваць, у які бок павернецца сытуацыя. Бо, маючы такі падарунак ад Расеі, Януковіч можа «набываць» ляяльнасьць пэўных слаёў насельніцтва. Важна тое, як сустрэне Кіеў вяртаньне Януковіча ва Ўкраіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG