Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аптымізацыя» культуры: на Магілёўшчыне зачынілі 30 бібліятэк


Побач з домам, дзе месьціцца дзіцячая бібліятэка, — помнік Леніну і Дом культуры
Побач з домам, дзе месьціцца дзіцячая бібліятэка, — помнік Леніну і Дом культуры

На Магілёўшчыне зачынілі тры дзясяткі бібліятэк. Гэты працэс працягваецца. Афіцыйна іх ліквідацыю называюць «аптымізацыяй працы бібліятэчнай сеткі дзеля ашчаднага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў».

Прызнаецца, што такія захады выкліканыя скарачэньнем фінансаваньня. Тым часам наведнікі бібліятэк незадаволеныя іх закрыцьцём.

Бальшыня бібліятэк, якія падпалі пад «аптымізацыю», — у сельскай мясцовасьці. Ёсьць такія чытальні і ў гарадах. У Магілёве зачыняюць дзіцячую бібліятэку ў мікрараёне аўтамабільнага заводу. Мясцовыя бібліятэкары адмаўляюцца гаварыць на гэтую тэму, але прызнаюць, што неўзабаве бібліятэкі ня будзе. Не хаваюць, што прычына — у зьмяншэньні фінансаваньня.

Рэакцыя жыхароў мікрараёну на закрыцьцё дзіцячай бібліятэкі — прадказальна адмоўная.

Спадарыня: «Калі нават хоць адно дзіця ходзіць у бібліятэку — гэтая бібліятэка павінна працаваць. Чаму мы павінны эканоміць на сваіх дзецях? Сюды хадзілі мае дзеці. Цяпер я ня ведаю, куды будуць хадзіць мае ўнукі. Вось куды тут, на Кірава, дзеці пойдуць у зімовы час?»

Спадарыня: «Куды нашым дзецям пайсьці? Тут чытальная заля вялікая. Я тут во жыву, у суседнім доме, і заўжды адтуль натоўпы дзяцей выходзяць. Дзяцей жа тут шмат».

Спадар: «Якая тут можа быць эканомія? Туды ж дзеці ходзяць. Яны і так мала чытаюць».
Бібліятэка на першым паверсе чатырохпавярховага дому. Перад ім — фігуркі з дыснэеўскіх мульцікаў
Бібліятэка на першым паверсе чатырохпавярховага дому. Перад ім — фігуркі з дыснэеўскіх мульцікаў

У тым, што дзеці ў бібліятэку ходзяць часта, я пераканаўся сам. У першай палове дня ў чытальні быў дзясятак малых. Калі яе зачыняць, ім трэба будзе ці абмежавацца школьнай бібліятэкай, ці езьдзіць у іншы мікрараён, да якога «аптымізацыя» пакуль не дайшла. Але такі варыянт бацькоў не задавальняе:

«Шмат дзяцей, а тут адзіная бібліятэка. А што там у школьнай? Колькі там экзэмпляраў кніг, калі вось па тэме прадметнай зададуць? На ўсіх жа ня хопіць. Куды ісьці? А патрабаваньні ж застаюцца. Гэта дужа дрэнна, што зачыняюць», — разважае спадарыня, ведучы са школы ўнучку.

Афіцыйнае тлумачэньне закрыцьця бібліятэкі наступнае:

Шыльда бібліятэкі, якую зачыняюць
Шыльда бібліятэкі, якую зачыняюць
«Дзіцячая бібліятэка павінна функцыянаваць тады, калі ў дадзеным раёне пражывае ня менш за пяць-сем тысяч дзяцей. А ў дадзеным раёне пражывае ўсяго 700 дзяцей».

У рэгіёне ліквідаваныя найперш тыя бібліятэкі, якія страцілі зоны абслугоўваньня, гэта значыць — у іх зьменшылася колькасьць чытачоў. Некаторыя чытальні аб’ядналі з школьнымі або перавялі ў статус клюбных бібліятэк. Такім чынам эканомяцца сродкі і зьяўляецца магчымасьць папаўняць бібліятэчныя фонды, тлумачыць супрацоўніца абласной бібліятэкі:

«Проста ідзе ўзбуйненьне бібліятэк. Бібліятэкары ў нас нідзе пад скарачэньне ня трапілі. Калі бібліятэка зачыняецца, то там альбо ўжо працаваў пэнсіянэр, альбо прапануецца месца працы ў суседняй бібліятэцы на вёсцы».

Паводле суразмоўніцы, значная частка фінансаваньня ідзе на абслугоўваньне бібліятэчных будынкаў.

Сяргей Аржанцаў
Сяргей Аржанцаў
У школьнай бібліятэцы адпрацаваў амаль два дзясяткі гадоў жыхар Клімавічаў Сяргей Аржанцаў. У 2010 годзе школу зачынілі, і ён застаўся бяз працы. Да «аптымізацыі» ў яго адмоўнае стаўленьне, і не таму, што ён беспрацоўны:

«Аптымізацыю праводзяць, каб скараціць выдаткі на ўстановы культуры. Але навошта нам тады дзяржава, якая ня можа знайсьці грошай? Няўжо сама бібліятэка павінна зарабляць на сваё ўтрыманьне? Для гэтага ж існуе дзяржбюджэт, каб падтрымаць сацыяльную сфэру. Трэба пачынаць не з аптымізацыі культуры, а з рэфармаваньня эканомікі, і тады грошай хопіць на ўсё».

Сяргей Аржанцаў зазначае, што заробкі ў бібліятэкараў мізэрныя. Маладыя супрацоўнікі вымушаныя працаваць амаль што на энтузіязьме. Нават у іхніх калегаў з большым стажам заробак не дацягвае да трох мільёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG