Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Тварановіч: Беларуская філялёгія мусіла б быць сымбалем Унівэрсытэту ў Беластоку


Галіна Тварановіч
Галіна Тварановіч
Размова з прафэсаркай Галінай Тварановіч, кіраўніцай Катэдры беларускай філялёгіі Філялягічнага факультэту Ўнівэрсытэту ў Беластоку. Нагодай для размовы стала нядаўняе паведамленьне, што дэкан Філялягічнага факультэту прыняў пастанову прыпыніць набор студэнтаў на Катэдру беларускай філялёгіі у сувязі са слабым зацікаўленьнем гэтай спэцыялізацыяй сярод патэнцыяльных студэнтаў. Калі так адбудзецца, згаданай катэдры ў Беластоку – адной зь нешматлікіх устаноў за мяжой, дзе вывучаюць беларускую мову на ўнівэрсытэцкім узроўні – можа пагражаць ліквідацыя.

РС: Калі было прынятае рашэньне аб спыненьні набору на беларускую філялёгію ў Беластоку і што галоўным чынам паўплывала на яго?

Галіна Тварановіч: Канкрэтна 29 лістапада дырэктар Інстытуту ўсходнеславянскай філялёгіі, пані прафэсар Супа, паведаміла аб тым, што дэкан вырашыў прыпыніць набор на беларускую філялёгію ў наступным навучальным годзе. Потым гэтую сумную навіну пацьвердзіў дэкан Філялягічнага факультэту, прафэсар Нававейскі. І ён дадаў, што акрамя прыпыненьня набору студэнтаў у наступным годзе, маецца на ўвазе ліквідацыя гэтага накірунку – беларускай філялёгіі ва Ўнівэрсытэце ў Беластоку. Ён абгрунтаваў гэта эканамічнымі прычынамі – тым, што ўнівэрсытэт апынуўся ў цяжкіх фінансавых умовах і што трэба эканоміць на ўсім, на чым магчыма. А беларуская філялёгія, маўляў, такі нерэнтабэльны накірунак, на які набіраецца няшмат студэнтаў, і праца Катэдры беларускай філялёгіі ў сувязі з гэтым таксама не апраўдвае сябе.

Але я хачу адразу падкрэсьліць, што наша Катэдра, якая сёлета адзначыла сваё 20-годзьдзе, у гэтым годзе пасьпяхова прайшла гэтак званую парамэтрызацыю і выйшла на другое месца ў Інстытуце ўсходняй філялёгіі, што тычыцца ацэнкі нашага навукова-дыдактычнага ўзроўню. А тое, што ў гэтым годзе, на вялікі жаль, у нас няма першага курсу, зьвязана, пэўна ж, і з дэмаграфічнымі прычынамі, з тым дэмаграфічным «нізам», які ўвайшоў у Польшчу ў апошнія гады. На іншых накірунках і факультэтах таксама ёсьць праблемы з наборам студэнтаў. Але гэта не зьяўляецца падставай для ліквідацыі беларускай філялёгіі, якая мусіла б быць сымбалем Унівэрсытэту ў Беластоку, таму што дзе ж як не на Беласточчыне, дзе кампактна пражывае беларуская нацыянальная меншасьць, быць вышэйшай беларускай філялягічнай адукацыі?

Мы ўсё ж спадзяемся, што рэктар унівэрсытэту падкарэктуе заяву дэкана і вырашыць захаваць беларускую філялёгію, тым больш што філялёгіі іншых нацыянальных і этнічных меншасьцяў у Польшчы – лэмкаў, кашубаў, немцаў – таксама карыстаюцца падтрымкай дзяржавы.

РС: Вы сказалі, што ваша Катэдра існуе ўжо 20 гадоў. А як было са студэнтамі ў мінулых гадах?

Галіна Тварановіч: Беларуская філялёгія за гады свайго існаваньня выпусьціла каля 200 магістраў і каля 20 ліцэнцыятаў... Зараз на Катэдры працуе малады і вельмі пэрспэктыўны калектыў, і важна падкрэсьліць, што ў асноўным – гэта выпускнікі беларускай філялёгіі Ўнівэрсытэту ў Беластоку...

РС: А колькі студэнтаў вам трэба было б набіраць штогод, каб улады ўнівэрсытэту не выстаўлялі вам прэтэнзій адносна малой зацікаўленасьці накірункам?

Галіна Тварановіч: Зараз кажуць, што адна група мусіць мець ня менш за 30 студэнтаў на кожным накірунку ва ўнівэрсытэце. Зразумела, што 30 студэнтаў для беларускай філялёгіі – гэта цалкам немагчыма. У нас зараз 29 студэнтаў на трох курсах. Гэта цалкам няблага, як нядаўна сказаў нам прадстаўнік Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі, калі параўноўваць нашу сытуацыю з сытуацыяй філялёгій іншых нацыянальных меншасьцяў у Польшчы... Для філялёгій нацыянальных меншасьцяў трэба ўстанавіць нейкі рэальна дасягальны ўзровень студэнтаў...

РС: Я сёлета быў на сэмінары ў Інстытуце русінскай мовы і культуры ў Прэшаве ў Славаччыне. Там у іх прыблізна па пяць студэнтаў на курсе, і ніхто не зьбіраецца ліквідаваць ім гэтага інстытуту. Дарэчы, славацкія русіны спалучаюць навучаньне русінскай мовы зь іншымі спэцыялізацыямі. У іх там выходзяць спэцыялісты, прыкладам, па русінскай і ангельскай мовах. Вы так не спрабавалі ў Беластоку?

Галіна Тварановіч: У нас таксама беларуская спалучаная з ангельскай. І апошнія пяць гадоў мы трымаліся цалкам няблага. Набіралі па 10-15 чалавек на першы курс. Але сёлета – магчыма, з увагі на дэмаграфічны «ніз» і на пэўную насычанасьць ангельскай мовай – гэтая тактыка не спрацавала...

Але ня менш істотны момант – гэта тое, каб беларускае асяродзьдзе на Падляшшы добра падумала, як працаўладкоўваць выпускнікоў беларускай філялёгіі... Я запыталася ў аднаго са сваіх студэнтаў, які закончыў філялёгію гадоў 10 таму, чаму, паводле яго, тады не было праблемаў з наборам. Ён мне адказаў, што тады ішлі на філялёгію тыя, якія сапраўды былі пакліканыя, якія ішлі з патрэбы сэрца і з патрэбы свайго сьветапогляду...

РС: На вашу думку, ці на зацікаўленасьць беларушчынай на Падляшшы ўплывае сытуацыя беларушчыны ў Рэспубліцы Беларусь, ці гэта ня мае вялікага значэньня?

Галіна Тварановіч: Пытаньне, пэўным чынам, правакацыйнае. Вы самі разумееце, што мае. Яшчэ як мае! Зразумела, што сытуацыя, у якой беларуская мова аказалася ў значнай ступені падчаркай на сваёй радзіме, ня можа не ўплываць на тое, якія адносіны да яе і ў Польшчы агулам, і на Падляшшы ў прыватнасьці. Гэта вельмі балючая тэма, і гэтая тэма гучыць ужо з другой паловы мінулага стагодзьдзя...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG