Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамаўляецца Януковіч з Пуціным?


У Маскве пачаліся перамовы на вышэйшым ўзроўні.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, адкрываючы перамовы з кіраўніком Украіны Віктарам Януковічам, сказаў, што Ўкраіна «без сумневаў, у поўным сэнсе гэтага слова наш стратэгічны партнэр», адзначыўшы, аднак, што за два апошнія гады таваразварот паміж краінамі зьнізіўся на 11% у 2012 годзе і на 14% у 2013 годзе.

«Вядома, настаў час зрабіць энэргічныя дзеяньні для таго, каб ня толькі вярнуцца на ўзровень ранейшых гадоў, але і стварыць умовы для руху наперад» – адзначыў прэзыдэнт Расеі.

Пуцін таксама заявіў, што лічыць неабходным ствараць камфортныя ўмовы для жыцьця і працы грамадзян Украіны ў Расеі. «Вядома, трэба ствараць спрыяльныя ўмовы, каб яны маглі тут свабодна жыць, працаваць, перасоўвацца празь мяжу і дапамагаць сваім сем'ям, якія чакаюць іх падтрымкі дома», – заявіў ён.

Прэзыдэнт РФ адзначыў, што цяпер у Расеі працуюць, толькі паводле афіцыйных зьвестак, каля паўтара мільёна грамадзян Украіны.

Віктар Януковіч прапанаваў Пуціну скаардынаваць працу па актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ня толькі паміж РФ і Украінай, але і з краінамі СНД.

«У эканоміцы падзеньне аб'ёмаў узаемнага гандлю за апошнія два гады патрабуе тэрміновага ўмяшаньня. Думаю, што гэтую працу мы з вамі ў бліжэйшай пэрспэктыве павінны будзем скаардынаваць ня толькі паміж сабой, паміж Расеяй і Украінай, але і зь іншымі краінамі СНД, каб у поўнай меры запрацавала зона свабоднага гандлю» – прапанаваў Януковіч.

Ён таксама выказаў надзею, што газавае пытаньне паміж РФ і Украінай будзе вырашанае на прынцыпах узаемнай выгады. Акрамя таго, Януковіч закрануў пытаньні супрацоўніцтва ў сфэры энэргетычнага машынабудаваньня, транспартнага машынабудаваньня, судна- і авіябудаваньня.

«Усе гэтыя праграмы, яны ці дапрацаваныя або засталося няшмат часу, каб іх скончыць. Калі мы нешта з вамі не падпішам сёньня, то ў бліжэйшы час мы павінны падпісаць і працаваць далей. Гэта значыць, наша сёньняшняя сустрэча ў пэўнай ступені, улічваючы аб'ём рашэньняў, якія падрыхтаваныя, асабліва ў пытаньнях двухбаковага гандлю, зьяўляецца ў пэўнай ступені стратэгічнай» – заявіў украінскі прэзыдэнт.

Паведамляецца, што па выніках пасяджэньня ўкраінска-расейскай міждзяржаўнай камісіі ў Маскве плянуецца падпісаць, у прыватнасьці, такія дакумэнты: «дарожную мапу» дзеля ўрэгуляваньня гандлёвых абмежаваньняў паміж Украінай і РФ на 2013-2015 гады, пагадненьне паміж урадамі дзьвюх краінаў па рэалізацыі дзяржаўнай падтрымкі аднаўленьня будаўніцтва самалётаў АН-124, мэмарандум паміж урадамі аб супрацоўніцтве ў ракетна-касьмічнай сфэры, мэмарандум аб намерах па супрацоўніцтве ў сфэры суднабудаваньня, міжурадавае пагадненьне па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы, пратакол паміж урадамі Ўкраіны і Расеі аб пастаўках тавараў і каапэрацыі ў 2014 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG