Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар Пасноў бароніць ахвяраў міліцэйскага гвалту


Ігар Пасноў
Ігар Пасноў

Віцебскі «лекар-праўдаруб» падаў заяўку на «пікет-рэквіем».

Паводле ягоных словаў, мэта акцыі — ушанаваньне памяці ахвяраў незаконных дзеяньняў міліцыі і спроба прыцягнуць увагу да праблемы неапраўдана агрэсіўных паводзінаў супрацоўнікаў міліцыі:

«Мая мэта, як я напісаў у заяўцы, — гэта кансалідацыя грамадзкасьці гораду супраць гвалту ў міліцыі і за прыцягненьне вінаватых да адказнасьці. Я замовіў акцыю на 20 студзеня, але напісаў, што згодны правесьці яе ў любы выходны дзень, калі гэтая дата — немагчымая... Гэта будзе маўклівы пікет, бо жалобны: у памяць пра тых, хто пацярпеў ці нават загінуў празь дзеяньні міліцыянтаў. Я гатовы выйсьці з плякатам „Ачысьцім міліцыю ад асобаў, схільных да гвалту і садызму“. І з жалобным вянком з чорнай стужкай — у памяць пра ахвяраў. Я асабіста ведаю некалькі выпадкаў, калі людзі пацярпелі ад агрэсіўных дзеяньняў міліцыянтаў. І апошні зь іх — гэта выпадак зь віцебскім палітыкам Сяргеем Рыжовым, якога зьбівалі і катавалі міліцыянты — супрацоўнікі мэдвыцьвярэзьніку», — апавёў Свабодзе Ігар Пасноў.

Ён нагадаў, што Сяргей Рыжоў трапіў у выцьвярэзьнік 16 лістапада. Там яго прывязвалі да крэсла, некалькі разоў ударылі, патрабуючы падпісаць нейкія дакумэнты. Калі ён зьвярнуўся да мэдыкаў, тыя засьведчылі цялесныя пашкоджаньні і перадалі дадзеныя ў Сьледчы камітэт. Пасьля таго як сьледчыя распачалі праверку па гэтых фактах, праз два тыдні пасьля здарэньня Рыжова завезьлі ў Першамайскі РАУС, каб узяць тлумачэньні, а заадно паведаміць, што на яго складзены пратакол за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Ігар Пасноў пэўны, што адміністрацыйная справа супраць Рыжова — гэта спроба апраўдаць жорсткасьць супрацоўнікаў выцьвярэзьніку:

«Спачатку яму нанесьлі цялесныя пашкоджаньні, прычым даволі сур’ёзныя — аж да таго, што цяпер яму, верагодна, спатрэбіцца апэрацыя. І на 20 сьнежня прызначаны суд, дзе яго будуць судзіць нібыта за непадпарадкаваньне. Прычым яго папярэдзілі, што ў выпадку прызнаньня вінаватым на яго завядуць яшчэ й справу за паклёп... Я лічу, што грамадзкасьць павінна ведаць пра ўсе выпадкі неапраўдана жорсткіх дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, таму вырашыў выйсьці на пікет, чым бы гэта ні скончылася для мяне асабіста».

Ігар Пасноў не выключае, што за падобныя заявы яго могуць паўторна накіраваць у псыхіятрычны шпіталь з «абвастрэньнем хваробы». Яго ўжо шпіталізавалі ў «псыхушку» пасьля выступаў у інтэрнэце з крытыкай абласных уладаў у жніўні гэтага году.

Падчас «пікету-рэквіему» ён вырашыў стаяць моўчкі, нічога ня кажучы і нікога ні да чога не заклікаючы. Толькі з плякатам і жалобным вянком. Пасноў кажа, што яшчэ запаліў бы сьвечку, аднак у заяўцы падпісаўся, што ня будзе выкарыстоўваць адкрытага агню ды іншых сродкаў, якія могуць нанесьці шкоду наведнікам акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG