Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прапаганду грошай не шкадуюць


Згодна з праектам бюджэту на 2014 год, дзяржаўная замова на афіцыйную інфармацыю і функцыянаваньне новай вэрсіі інтэрнэт-парталу прэзыдэнта краіны абыдзецца беларускім падаткаплатнікам у суму звыш 15 мільярдаў 300 мільёнаў рублёў.

Гэта пры тым, што фінансаваньне дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё ідзе асобным артыкулам і прадугледжвае выдаткі ў памеры 550 мільярдаў рублёў. Ці апраўданыя падобныя траты на прапаганду?

Агулам асыгнаваньні на дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў наступным годзе перавысяць 670 мільярдаў рублёў, прычым друкаваным СМІ ад гэтай сумы перападзе толькі 20%. Асобным пунктам значыцца падрыхтоўка і напаўненьне зьместам абноўленага прэзыдэнцкага парталу, на патрэбы якога выдаткоўваецца ў эквіваленце больш за 1,5 мільёны даляраў. Ці не занадта шчодрае ўзнагароджаньне? Сваю ацэнку дае прафэсійны праграміст, заснавальнік буйнейшага беларускага інтэрнэт-парталу TUT.by Юры Зісер:

Юры Зісер
Юры Зісер
«Відавочна, што туды ўваходзіць і падрыхтоўка кантэнту. Што тычыцца распрацоўкі, дык сам дызайн, магчыма, і няшмат каштуе, але вельмі дарагое праграмаваньне. Вы ж ведаеце, якія зараз заробкі ў праграмістаў. Тое, што, як падаецца нам з вамі, проста зрабіць, у праграміста выліваецца ў чалавека-месяцы. Дапусьцім, кожны праграміст — гэта 3-3,5 тысячы даляраў, такі атрымліваецца сабекошт. І калі нейкая распрацоўка цягне на чалавека-год, дык у выніку пры элемэнтарным падліку атрымліваецца 36 тысяч даляраў. А хутчэй і ўсе 50 тысяч. Гэта калі адзін праграміст будзе працаваць над сайтам. Аднак туды можна пасадзіць 50 чалавек рэдакцыі, і грошай яшчэ ня хопіць. Таму сума цалкам рэзонная, і я ня бачу ні як праграміст зь вялізным стажам, ні як уладальнік парталу, да чаго ў гэтых лічбах прыдрацца».

Адметна, што год таму Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім зь дзяржаўнага бюджэту на мадэрнізацыю прэзыдэнцкага інтэрнэт-парталу прадугледжвалася выдаткаваць больш за 300 тысяч даляраў. Распрацоўка кантэнту была даручаная спэцыялістам рэдакцыі прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии», аднак за прамінулы час прэзыдэнцкі сайт як вылучаўся сваёй прымітыўнасьцю, так на тым узроўні і застыў. Цяпер — новыя «ўліваньні».

Згодна з расцэнкамі спэцыялізаваных студый, распрацоўка стандартных сайтаў каштуе кліенту ад 1500 даляраў. Інтэрнэт-старонкі, якія могуць дазволіць сабе сур’ёзныя кампаніі, банкі, крамы, у максымальнай камплектацыі каштуюць 10-20 тысяч даляраў. Дэпартаваны зь Беларусі за крытыку ўладаў журналіст Міхаіл Падаляк некалькі апошніх гадоў узначальвае адзін з буйнейшых украінскіх навінных сайтаў «Обозреватель» і перакананы: нават у карумпаванай Украіне не адважыліся б закласьці такія выдаткі на «мадэрнізацыю»:

Міхаіл Падаляк
Міхаіл Падаляк
«Калі ты, скажам так, арабскі шэйх і хочаш замовіць сабе „супэрнаварочаны“ сайт, дык за 30 тысяч даляраў зробіш такое, што, шчыра кажучы, ня будзе словаў. Напрыклад, самыя звычайныя сайты — як правіла, інтэрнэт-крамы і ім падобныя — каштуюць ад 2 да 10 тысяч даляраў. Калі штосьці больш закручанае — нейкая вядомая кампанія хоча сябе паказаць „з падвывертамі“ — дык 30 тысяч даляраў ужо будзе завоблачнай сумай. Гэта ўключна з элемэнтамі абароны: калі ў Галяндыі ці яшчэ дзесьці табе паставяць дублюючы сэрвіс, наробяць кучу „люстэрак“ ды ўсяго іншага. Таму тут яўна хлопцы вырашылі „прашарсьціць“ заказчыка», — кажа Міхаіл Падаляк.

Сайты прэзыдэнтаў суседніх зь Беларусьсю дзяржаў каштуюць ў дзясяткі разоў менш. У Канцылярыі прэзыдэнта Латвіі паведамілі, што на такога кшталту патрэбы яны могуць патраціць ня болей за 20 тысяч латаў, прыблізна 40 тысяч даляраў. Крыху большыя выдаткі закладзеныя ў бюджэтах іншых суседзяў — Літвы, Польшчы, Украіны. Але нідзе лічба не сягае да такіх вышыняў. Як лічыць Міхаіл Падаляк, заяўляць пра намер асучасьніць сайт Лукашэнкі — значыць, проста змарнаваць вялізныя сродкі:

«Маё стаўленьне да Лукашэнкі вядомае, але справа ня ў гэтым. Ён зь вёскі як быў, так там і застаўся. Адпаведна, у яго і сайт вясковы. Ён слова „інтэрнэт“ ня ведае, не разумее, што гэта наогул. Таму і сайт для „чайнікаў“. Ніхто ж не будзе пісаць апэратыўныя рэчы, калі ён прыехаў на „Барысаўдрэў“ і завёў нейкую ахінею. Гэта ж не афіцыйная пазыцыя, гэта яго самадзейнасьць. Хіба што „Советская Белоруссия“ можа напісаць у калёнцы Паўла Ізотавіча, навошта яшчэ на сайце выстаўляць? Я ўвогуле не разумею, навошта яму сайт, шчыра кажучы. Каб пісаць, што ён чарговы самалёт купіў ці мадэрнізацыю з пасадкамі чыноўнікаў правёў? Не ўяўляю, дзеля чаго? У яго афіцыйных сустрэч няшмат, нейкіх важных апэратыўных навінаў практычна няма. А калі ёсьць, то ўсё гэта потым зьявіцца ў той жа „Савецкай Б.“, з інтэрпрэтацыяй адпаведнай. Фуфел нейкі», — кажа Міхаіл Падаляк.

Лукашэнка неаднаразова прызнаваўся, што не сябруе з сучаснымі тэхналёгіямі — адрозна ад «прасунутага» малодшага сына Мікалая, які і паведамляе яму апошнія навіны. Па словах Лукашэнкі, часьцяком Міколка залазіць на прэзыдэнцкі сайт са словамі: «Паглядзім, што там сёньня пра цябе напісалі». Але, як кажа Юры Зісер, прэзыдэнцкі сайт — аб’ектыўна ня тое месца, дзе можна прачытаць нешта цікавае пра кіраўніка Беларусі:

«Яны ўсё роўна нічога на гэтым сайце не зробяць, нават калі б ім далі не 1,5 мільёны даляраў, а мільёнаў 15. Проста таму, што гэта ніхто ня будзе чытаць. Бо гэта як дублікат БелТА будзе, ня больш за тое. То бок, не зусім зразумела, чым распрацоўнікі за гэтыя грошы зьбіраюцца нас зьдзівіць. Па вялікім рахунку, ён увогуле непатрэбны, таму што ніхто туды ня будзе заходзіць. Гэта проста ўсё з ХХ стагодзьдзя. Але людзі гэтага не разумеюць, яны яшчэ ў мінулым стагодзьдзі засталіся», — адзначае Юры Зісер.

Цяперашні сайт www.president.gov.by суправаджаецца ўдакладненьнем, што гэта «афіцыйны інтэрнэт-партал прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Пры тым, што паняцьце «партал» мае на ўвазе перадусім ягоную мультымэдыйнасьць. Аднак інтэрнэт-старонка кіраўніка Беларусі — ці ня самая кансэрватыўная на тле сайтаў іншых кіраўнікоў дзяржаваў. Большую частку займаюць афіцыйныя дакумэнты і пераказы прэзыдэнцкіх сустрэчаў, ніякай асабістай інфармацыі, за выключэньнем сьціслага пераліку этапаў кар’ернага росту. Відэасправаздачаў ці адсылак на сацыяльныя сеткі няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG