ПАДЗЕІ ДНЯ
Менск, галерэя сучаснага мастацтва «Ў» запрашае на навагодні арт-кірмаш. На ім будуць прадстаўленыя працы Руслана Вашкевіча, Сяргея Кірушчанкі, Міхаіла Гуліна, Аляксея Лунёва, Тамары Сакаловай і іншых. Пачатак а 11.00.
Менск, у кінатэатры «Перамога» праходзіць шосты штогадовы фэстываль фільмаў «Чалавечая годнасьць , роўнасьць і справядлівасьць», арганізаваны сумесна Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі і Прадстаўніцтвам Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі. У праграме фэстывалю – мастацкія фільмы, прадстаўленыя амбасадамі Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Украіны, Кубы, ЗША, Італіі, якія адлюстроўваюць самыя розныя аспэкты правоў чалавека. Фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з субтытрамі. Уваходныя квіткі можна атрымаць бясплатна ў кінатэатры «Перамога» ў дзень паказу з 18.00.
Канцэрт гурту «Gods Tower» у клюбе «Re:public». Пачатак а 18.00.
7 сьнежня – Міжнародны дзень грамадзянскай авіяцыі.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1550 – Барбара Радзівіл каранаваная ў Кракаве як польская каралева.
1921 – з ініцыятывы Браніслава Тарашкевіча ў Радашкавічах утворана Тварыства беларускай школы.
1941 – Японія атакуе амэрыканскую ваенна-марскую базу Пэрл-Харбар, ЗША ўступаюць у Другую сусьветную вайну.
1988 – у землятрусе ў Сьпітаку (Армэнія) загінула больш за 25 тысяч чалавек.
1988 – Ясір Арафат прызнае права Ізраіля на існаваньне.
1991 – у Віскулях пачалася сустрэча Барыса Ельцына, Леаніда Краўчука і Станіслава Шушкевіча. Назаўтра была падпісаная заява аб дэнансацыі дамовы аб утварэньні СССР.
У гэты дзень нарадзіліся:
1912 – Мікалай Раманоўскі, дэкан геаграфічнага факультэта БДУ, навуковец у галіне эканамічнай геаграфіі.
1928 – Радзім Гарэцкі, беларускі вучоны-геоляг, грамадзкі дзяяч.
1928 – Ноам Чомскі, амэрыканскі лінгвіст.
У гэты дзень памерлі:
1943 – загінуў Вацлаў Іваноўскі (нар. 1880), беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч.
1985 – Робэрт Грэйвс, брытанскі паэт, раманіст і крытык.
1993 – Блажэ Конэскі, стваральнік і адзін з кадыфікатараў сучаснай літаратурнай македонскай мовы.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Разумны правадыр – той, хто выбірае разумных людзей, каб яны за яго думалі».
Робэрт Грэйвс