Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Максімюк пра дыгітальную сьмерць моваў


Ян Максімюк
Ян Максімюк

Чаму варта карыстацца беларускай вэрсіяй (вэрсіямі) Вікіпэдыі, інсталяваць беларускамоўныя вэрсіі кампутарных праграмаў і аплікацый, карыстацца беларускай мовай у пошукавай сыстэме Google? Адказ на гэтае пытаньне, як аказваецца, дае і матэматычная лінгвістыка.

Паводле вядомага лінгвіста Андраша Корная з Вугоршчыны, у інтэрнэце людзі выкарыстоўваюць менш за 5% вядомых чалавецтву моваў.

У сваім досьледзе, апублікаваным нядаўна ў часопісе «PLOSOne», Корнай выказвае думку, што сёньняшні інтэрнэт дапамагае астатнім 95% моваў сысьці ў магілу.

Корнай, які зьяўляецца спэцыялістам у гэтак званай матэматычнай лінгвістыцы, распрацаваў адпаведную праграму, якая дазволіла яму наведаць усе значнейшыя дамэны ў сусьветным сеціве ды стварыць каталёгі словаў у кожнай сустрэтай там мове. Ён таксама прааналізаваў шматмоўныя старонкі Вікіпэдыі ды выкарыстаньне моваў у розных апэрацыйных сыстэмах і спэл-чэкерах (праграмах праверкі артаграфіі).

Паводле лінгвістаў, цяпер у сьвеце людзі ўжываюць ня менш за 7776 ідэнтыфікаваных моваў, шмат зь якіх маюць усяго па некалькі сотняў або некалькі тысяч носьбітаў. Досьлед, праведзены Корнаем, устанавіў, што колькасьць моваў, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце, не перавышае 5% ад гэтага агульнага ліку. Паводле вугорскага лінгвіста, гэта вельмі дрэнны прагноз для жыцьцяздольнасьці астатніх моваў – інакш кажучы, імавернасьць таго, што памрэ мова, якая не прысутнічае ў сеціве, значна перавышае імавернасьць сьмерці моваў, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў Вікіпэдыі, сацыяльных сетках і на іншых лічбавых пляцоўках. Як здаецца, гэтая выснова Корная не пярэчыць інтуіцыі і здароваму клёку звычайнага карыстальніка інтэрнэту, які не цікавіцца ні матэматычнай, ні якой іншай лінгвістыкай.

Але самае цікавае пытаньне тут, мабыць, зьвязанае з тым, што людзі разумеюць пад сьмерцю мовы. Лінгвісты выпрацавалі нешта накшталт «дарожнай мапы», паводле якой мова, калі можна так сказаць, ідзе насустрач сваёй сьмерці. Галоўныя пункты на гэтай «дарозе сьмерці»: 1) носьбіты перастаюць карыстацца мовай у практычных дзялянках жыцьця, такіх, напрыклад, як гандаль; 2) малодшыя пакаленьні носьбітаў трацяць зацікаўленасьць у карыстаньні мовай сваіх продкаў; 3) урэшце самае маладое пакаленьне перастае наогул гаварыць на мове сваіх бацькоў і дзядоў.

Мова тэарэтычна жыве, пакуль яе ведае хоць адзін носьбіт. Наогул мінае шмат гадоў ад часу, калі пачынаецца заняпад мовы, да дня, калі памірае яе апошні носьбіт. Тэарэтычна магчыма, што ў любы момант паміж гэтымі дзьвюма часавымі межамі носьбіты могуць паспрабаваць «ажывіць» мову, разьвіваючы актыўнасьць на ёй у інтэрнэце. Калі такая актыўнасьць усё ж не зьяўляецца, то мова, паводле Корная, асуджаная на сьмерць.

«Амаль лябараторна чыстым» прыкладам заняпаду мовы і яе ўваходу на «дарогу сьмерці» зьяўляецца для Корная сытуацыя зь дзьвюма нарвэскімі мовамі: букмолам і нованарвэскай. Нованарвэская, як выявіў дасьледнік, амаль непрысутная ў інтэрнэце. Нягледзячы на тое, што на нованарвэскай гавораць 10%-15% нарвэжцаў (500-750 тысяч чалавек) і што гэтая мова моцна прысутнічае ў адукацыйней сыстэме Нарвэгіі, Корнай кажа, што нованарвэская памірае. «Нягледзячы на збалянсаваную афіцыйную моўную палітыку, якая падтрымлівае нованарвэскую мову, нарвэскае насельніцтва ўжо вырашыла сваімі блогамі і паведамленьнямі ў Туітэры, што яно забярэ з сабой у дыгітальную эпоху толькі букмол» – піша вугорскі лінгвіст.

Тут узьнікае ня менш істотная пытаньне – а ці інтэрнэт у змозе адвярнуць сьмерць мовы? Корнай лічыць, што такія магчымасьці дае праект Вікіпэдыі і разьвіцьцё розных моўных вэрсій папулярных кампутэрных праграмаў і аплікацый. Але ён адначасова перасьцерагае, што гэтага недастаткова, каб падтрымаць жыцьцяздольнасьць мовы ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, асабліва калі існуе больш папулярная і дамінантная мова, якой людзям зручней карыстацца онлайн.

Тым ня менш, інтэрнэт зьяўляецца занадта складаным арганізмам, каб рабіць доўгатэрміновыя прадказаньні. Лінгвісты, каб ацаніць, памірае дадзеная мова ці не, выкарыстоўваць гэтак званае «правіла 100 гадоў» – калі з ацэнак вынікае, што праз 100 гадоў дзеці носьбітаў нейкай мовы ўсё яшчэ будуць на ёй гаварыць, мова лічыцца жывой або такой, якой не пагражае зьнікненьне. Уявіць, як будзе выглядаць інтэрнэт праз 100 гадоў, значна складаней, ня кажучы ўжо пра тое, якімі мовамі будуць у ім карыстацца. Але адну рэч можна прадказаць ужо сёньня – гэтых моваў будзе менш, чым цяпер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG