Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інфабанк» стаў офісам Дзеда Мароза для сірот


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

У чаканьні Калядаў «Інфабанк» шукае неабыякавых, каб парадаваць 75 дзяцей-сірот з Чэхаўшчынскай школы-інтэрнату, што ў Валожынскім раёне.

На адмысловай старонцы банк разьмясьціў лісты, якія выхаванцы інтэрнату адрасавалі Дзеду Марозу.

Такім чынам, любы ахвотны можа абраць сабе дзіця і выканаць яго жаданьне. Дзеці запісвалі свае пажаданьні падчас розных урокаў, частка зь іх напісаная па-беларуску, некаторыя аздобленыя малюнкамі.

«Мы ня мелі ніякіх жорсткіх крытэраў, калі выбіралі ўстанову для дабрачыннай акцыі. Але выбіралі такі інтэрнат, дзе жывуць дзеткі-школьнікі, гэта значыць не зусім маленькія. А таксама хацелі, каб гэта была вёска. Таму што ў вясковых дзіцячых дамах звычайна ўсё горш, чым у гарадзкіх», — распавядае мэнэджэр «Інфабанку» Жана Кулакова, якая займаецца арганізацыяй дабрачыннай акцыі.

Далучыцца да добрай справы нескладана: пажаданьні дзетак хоць і розныя, кошт кожнага падарунка наўрад ці перавысіць 20-30 даляраў. Маладзейшыя дзеткі загадалі цацкі — машынкі, пісталеты, лялькі, старэйшыя — флэшкі, навушнікі, плэеры, музычныя калёнкі, сёе-тое з касмэтыкі.

«Па лістах бачна, што дзецям не хапае таксама гігіенічных сродкаў і вопраткі: просяць шампуні, пену для галеньня, касмэтыку, таксама вязаныя шалікі і шапкі. Абсалютна не было ніякіх неверагодных па кошце замоваў, ніякіх айфонаў дзеці не загадвалі. Калі абагульніць, дык гэта цацкі і простая тэхніка», — кажа Жана Кулакова.

Ахвотныя парадаваць дзяцей, якія засталіся без бацькоў, могуць абраць ліст з пажаданьнем і скантактавацца з «Інфабанкам», дзе абяцаюць забясьпечыць далейшай інструкцыяй. Таксама можна ахвяраваць грошы, таму што ў любым разе супрацоўнікі будуць арганізоўваць салодкі стол для дзетак.
Жадаючыя ашчасьлівіць 52 зь 75 дзетак ужо знайшліся.

«Ужо ў першы дзень акцыі мы атрымалі процьму званкоў. Ёсьць людзі, якія ўзялі 2-3 дзіцяці, нехта нават для 7 будзе рыхтаваць падарункі. Тут няма перасьцярогі, што дзеці атрымаюць розныя падарункі і гэта будзе для іх незразумела. Таму што калі чалавек хоча парадаваць дзіця, пазбаўленага сямейнага цяпла, ён ня будзе набываць нешта падкрэсьлена кепскае. Таксама людзям больш прыемна самастойна выбраць падарунак, чым ахвяраваць грошы. Таму я перакананая, што дзеці, якія атрымаюць падарункі, будуць вельмі задаволеныя», — падсумавала Жана Кулакова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG