Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнік фэдэрацыі гандболу: Раніцай размаўляў з Канаплёвым, той абяцаў пасьля трох быць на працы


Уладзімер Канаплёў
Уладзімер Канаплёў

Супрацоўнік Беларускай фэдэрацыі гандболу, які не пажадаў, каб было названае ягонае прозьвішча, абверг зьвесткі пра тое, што старшыня фэдэрацыі Ўладзімер Канаплёў знаходзіцца пад вартай.

«Сёньня раніцай я размаўляў зь ім па тэлефоне. Ён пацікавіўся справамі і сказаў, што будзе на працы пасьля трох гадзінаў дня. Пра зьвесткі ці чуткі адносна ягонага затрыманьня мы не размаўлялі», — паведаміў супрацоўнік фэдэрацыі гандболу.

Паводле суразмоўцы, ў дадзены момант ў фэдэрацыі не вядзецца праверка з боку праваахоўных ці якіх кантралюючых органаў.

«У нас усё добра», — запэўніў суразмоўца.

Паводле апошніх дадзеных выданьня «Прессбол», якое першым распаўсюдзіў зьвесткі пра затрыманьне Уладзімера Канаплёва, тры дні таму яго нібыта затрымалі супрацоўнікі адной з праваахоўных структураў і ўжо вызвалілі пасьля праверкі.

У Нацыянальным алімпійскім камітэце, віцэ-прэзыдэнтам якога зьяўляецца Уладзімер Канаплёў, паведамілі адносна сытуацыі з верагодным затрыманьнем Уладзімера Канаплёва:

«У Нацыянальны алімпійскі камітэт ніякіх дакумэнтаў адносна гэтага не дасылалі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG