Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 лістапада: носяць белыя стужкі, сьвятары гуляюць у футбол, прэзэнтуюць лодку, якая плыве сама па сабе


Жанчына трымае белую стужку
Жанчына трымае белую стужку

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У сьвеце сёньня адзначаецца Міжнародны дзень змаганьня супраць гвалту ў дачыненьні да жанчын. У Беларусі з гэтай нагоды сумесную кампанію праводзяць Фонд ААН у галіне народанасельніцтва і Дзяржаўтаінспэкцыя. Яны прапануюць сёньня на відным месцы выкарыстаць сымбаль кампаніі – белую стужку. Гэта знак таго, што чалавек дае абавязаньне ніколі не чыніць гвалту над жанчынамі, не апраўдваць і не замоўчваць такіх фактаў.

Сёньня пачынаецца двухдзённы візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Італію, у праграме заплянаваная сустрэча з Папам Францішкам.

У Менску на базе Цэнтру вадалазна-выратавальнай службы а 15-й гадзіне абяцаюць паказаць вопытную мадэль першага ў СНД бесьпілётнага катэра.

У Лепелі адбудзецца чэмпіянат па міні-футболе сярод сьвятароў Беларусі. Удзел прымуць каманды Менска-Магілёўскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Пінскай япархій.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1795 – кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трону на карысьць расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ.

1867 – Альфрэд Нобэль запатэнтаваў дынаміт.

1936 – Нямеччына і Японія заключылі Антыкамінтэрнаўскі пакт.

1992 – Фэдэральная Асамблея Чэхаславаччыны прагаласавала за разьдзяленьне краіны на Чэхію і Славаччыну (ад 1 студзеня 1993 году).

2010 – у жывым эфіры Беларускага тэлебачаньня выступілі кандыддаты ў прэзыдэнты Яраслаў Раманчук і Віктар Цярэшчанка. Выбарчая кампанія была выключнай нагодай, калі афіцыйныя СМІ былі вымушаныя паводле закону даваць слова альтэрнатыўным палітыкам.

У гэты дзень нарадзіліся:

1884 – беларускі мастак Уладзімер Кудрэвіч, майстар краявідаў.

1922 – беларускі кінакрытык, гісторык кінамастацтва прафэсар Ефрасіньня Бондарава.

1955 – экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы палітычны вязень Аляксандар Казулін.

У гэты дзень памерлі:

1988 – трагічна загінула беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«У краіне растуць праблемы, яны ўсім ужо бачны. Трывала і хутка растуць цэны. Давайце згадаем: у 1994 годзе літар малака каштаваў 25 беларускіх рублёў. Булка хлеба – 15 рублёў, кіляграм бульбы – 10 рублёў. Пасьля гэтага ў краіне прайшлі 2 грашовыя дэнамінацыі, у 1994 годзе грошы павысілі ў намінале ў 10 разоў, у 2000 годзе – у тысячу разоў. Сёньня ў краме літар малака і булка хлеба – каля 2 тысяч, кіляграм бульбы – 1 тысяча 500 рублёў. За 16 гадоў у краіне з улікам дэнамінацыі цана малака падвысілася ў 16 тысяч разоў».

З выступу кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Цярэшчанкі 25 лістапада 2010 году
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG