Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 21 лістапада: прэзэнтацыя кнігі Рублеўскай, Сусьветныя дні вітаньняў, тэлебачаньня, філязофіі, адмовы ад курэньня і Вінны новы год


Вінны Новы год у Японіі
Вінны Новы год у Японіі

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і Маладыя хрысьціянскія дэмакраты праводзяць сумесную прэс-канфэрэнцыю, прысьвечаную пачатку кампаніі супраць гвалту і садызму ў беларускім грамадзтве ў дачыненьні да жывёл. Пачатак а 11.00. Офіс Партыі БНФ.

Менск. Мэмарыяльны музэй Якуба Коласа запрашае аматараў беларускай літаратуры на прэзэнтацыю новай кнігі Людмілы Рублеўскай «Рыфма коштам у жыцьцё...» Пачатак а 16.00.

Лунінец. У межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбудуцца творчыя сустрэчы Вадзіма Жылко, Міколы Кандратава і Аляксея Нежаўца. У Лунінецкай раённай бібліятэцы (вул. Фрунзэ, 12) Мікола Кандратаў прэзэнтуе новую кнігу паэзіі «Кроплі дажджу», Вадзім Жылко пазнаёміць слухачоў з новымі выданьнямі лунінецкіх літаратараў, а бард Аляксей Нежавец прадставіць агульнай увазе свае новыя і ўжо знаёмыя песьні. Пачатак а 12:00.

Менск. Беларуска-літоўскія сустрэчы ўпершыню пройдуць на Катэдры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэту БДУ (вул. Чырвонаармейская , 6 , аўд. 4). Пачатак у 18.00.

Менск. Прымаючы эстафэту ў Нацыянальнага гістарычнага музэю, галерэя твораў Леаніда Шчамялёва працягвае дэманстраваць унікальны фотапраект «Прыгожы фотаздымак мяжы ХIХ–ХХ стагодзьдзяў. Частка I. «Непатрэбнае сваяцтва». Адкрыцьцё а 18.00.

Менск. У рамках фэстывалю японскай культуры «Японская восень у Беларусі 2013» у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў (актавая заля) амбасада Японіі арганізуе дэманстрацыю японскай чайнай цырымоніі. Пачатак а 18.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1368 – Тросьненская бітва паміж войскам ВКЛ на чале зь вялікім князем Альгердам і старажавым атрадам Маскоўскага княства. Назву бітва атрымала ад назвы ракі Тросны, левага прытоку ракі Нары непадалёк ад Масквы. Перамога адкрыла Альгерду шлях на Маскву, але трохдзённая аблога аказалася беспасьпяховай – за год да гэтага быў пабудаваны маскоўскі Крэмль.

1910 – у Менску адбылося ўрачыстае асьвячэньне касьцёлу сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёлу).

1920 – разгортваецца Слуцкі збройны чын. У гэты дзень Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах».

1926 – у Віцебску створаны другі Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2) – цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа.

1990 – Менскі касьцёл сьвятых Сымона і Алены пасьля 46-гадовага перапынку вернуты католікам. Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў урачыстую імшу.

У гэты дзень нарадзіліся:

1694 – Франсуа-Мары Вальтэр, францускі філёзаф.

1874 – Уінстан Чэрчыль, брытанскі палітычны дзяяч.

1921 – Янка Юхнавец, беларускі паэт, пісьменьнік, драматург, мастак, скульптар.

1936 – Марыя Захарэвіч, беларуская акторка тэатру і кіно.

1957 – Мірон Хадакоўскі, гайнаўскі арцыбіскуп, брыгадны генэрал і праваслаўны ардынары польскага войска.

У гэты дзень памерлі:

1790 – Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», ваявода віленскі, староста львоўскі. Ён быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Ягоная лятыфундыя ахоплівала 16 местаў і 683 вёскі, а вакол асобы князя вілося шмат легендаў. Жыў у Нясьвіжы.

1830 – Ян Сьнядэцкі, беларускі астраном, матэматык, філёзаф.

1839 – Матэвуш Ліпскі, грэка-, а пасьля рыма-каталіцкі дзяяч, біскуп.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Сусьветны дзень вітаньняў

Сусьветны дзень тэлебачаньня

Сусьветны дзень філязофіі

Міжнародны дзень адмовы ад курэньня

Beaujolais Nouveau або Новы вінны год

Саміт Кітай-ЭЗ у Пэкіне

Візыт эўракамісара Штэфана Фюле ў Кіеў

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«У момэнт самаадзначэньня ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларусі Рада Случчыны, выпаўняючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, падымае сьцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь...»

Дэклярацыя Рады Случчыны, 1920 год
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG