Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяскоўцы пратэстуюць супраць закрыцьця пошты


Жыхары вёскі Верхняе Глыбоцкага раёну патрабуюць пакінуць у іх паштовае аддзяленьне — адзінае на некалькі навакольных вёсак.

Збор подпісаў пад калектыўнымі лістамі — ініцыятыва актывіста кампаніі «Гавары праўду» Яраслава Берніковіча.

Спадар Берніковіч — мясцовы жыхар. Ён згадвае, як два гады таму афіцыйныя мэдыі на ўсю моц расьпісвалі пераўтварэньні ў Верхнім:

Яраслаў Берніковіч
Яраслаў Берніковіч
«Наша Верхняе называлі „аграгарадком“, хаця ў афіцыйных дзяржаўных плянах такога не было. З гэтага і зрабілі сэнсацыю: маўляў, жыхары і кіраўніцтва раёну ўласнымі рукамі ператвараюць вёску ў аграгарадок. Пералічвалі дасягненьні: рамонт Дома культуры, дзіцячага садка і таго самага паштовага аддзяленьня, якое плянуюць зачыніць. Гэта значыць, што вяскоўцам давядзецца езьдзіць за 12 кілямэтраў у Глыбокае, каб атрымаць пасылку, заплаціць за сьвятло і гэтак далей. Дык дзе ж хвалёныя „сацыяльныя стандарты“, калі ў нас аграгарадок, хоць і саматужны? І нават калі проста вёска — навошта ж зьдзекавацца зь людзей, большая частка зь якіх — ужо пажылыя?»

У Верхнім жывуць каля 300 чалавек, паслугамі тутэйшага паштовага аддзяленьня карыстаюцца яшчэ й жыхары шасьці-сямі бліжэйшых вёсак. За пару дзён калектыўны ліст пратэсту падпісалі больш за 30 чалавек — гэта больш за 10% ад колькасьці мясцовага насельніцтва.нават

«Можна сабраць і 100, і 200 подпісаў — гэта не праблема. Бо людзі абураныя непавагай. Калі пра Верхняе пісалі артыкулы з ухваленьнямі ініцыятывы стварэньня аграгарадка, дык вяскоўцы былі важнымі асобамі, носьбітамі дзяржаўнай ідэі ўмацаваньня вёскі і вясковай гаспадаркі. Тады і начальства сюды прыяжджала, і зь людзьмі размаўляла. А цяпер даводзіцца шукаць начальства вось такім шляхам — праз калектыўныя лісты пратэсту», — працягвае Яраслаў Берніковіч.
Можна сабраць і 100, і 200 подпісаў — гэта не праблема. Бо людзі абураныя непавагай

Лісты супраць ліквідацыі паштовага аддзяленьня ў Верхнім адасланыя ў Глыбоцкі райвыканкам і начальніку раённага вузла сувязі.

Вёска, якую два гады таму ўсхвалялі як «народную будоўлю» аграгарадка, у 2014 годзе мае адсьвяткаваць 600-гадовы юбілей. Але сьвяткаваньне можа атрымацца сумным: зараз тут зьбіраюцца зачыніць паштовае аддзяленьне, а наступным годам — школу, якая два тыдні таму адзначыла сваё 50-годзьдзе...

Каб Верхняе не згібела, гэтыя аб’екты трэба захаваць, а яшчэ правесьці сюды газ і пакласьці асфальт, лічыць Яраслаў Берніковіч. І таму распачынае кампанію «Выратуем вёску». Гэта будзе кампанія народных сходаў, калектыўных лістоў да ўладаў — у тым ліку і ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. Бо праблемы захаваньня жыцьцяздольнасьці Верхняга дужа хвалююць вяскоўцаў, і яны гатовыя падпісвацца пад сваімі зваротамі. А калі ліст падпісалі больш за 30 чалавек, дык раённыя ўлады мусяць арганізаваць абмеркаваньне праблем на месцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG