У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ
У Маскве зьбіраюцца на сустрэчу кіраўнікі ўрадаў краін СНД.
На прапанову ААН у сьвеце адзначаецца Сусьветны дзень дзіцяці. У гэты дзень у 1959 годзе была прынятая Сусьветная дэклярацыя правоў дзіцяці, а ў 1989 Канвэнцыя правоў дзіцяці. У Менску сёньня адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная вопыту прыёмных сем’яў дзяцей.
У сталічнай бібліятэцы імя Я. Коласа а 16-й гадзіне адбудзецца вечарына, прысьвечаная 65-годзьдзю паэтэсы Яўгеніі Янішчыц (памерла ў 1988 годзе).
У лідзкай бібліятэцы імя Янкі Купалы можна будзе пачуць песьні філяматаў і філярэтаў. Беларускія музыкі, сярод якіх Алесь Лось, Алеся Сівохіна, Алена Мялешка, агучаць песьні на вершы Яна Чачота, Тамаша Зана, Адама Міцкевіча з арыгінальнымі мэлёдыямі, ноты якіх захаваліся з пачатку ХІХ ст.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
1648 – вялікім князем ВКЛ і польскім каралём абралі Яна Казіміра (сына караля Жыгімонта III Вазы).
1930 – Янка Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.
1982 – у Менску адкрыўся першы музычны фэстываль «Беларуская музычная восень» (з той пары праводзіцца штогод).
1985 – кампанія «Майкрасофт» упершыню прадставіла апэрацыйнае асяродзьдзе пад назваю «Ўіндаўз» – Microsoft Windows 1.0.
У гэты дзень нарадзіліся:
1899 – беларускі пісьменьнік, перакладчык і крытык Міхась Клімковіч, першы старшыня Саюзу пісьменьнікаў БССР (1934-1939), аўтар тэксту Дзяржаўнага гімну БССР.
1901 – беларускі празаік, драматург, перакладчык і крытык Міхась Зарэцкі. Рэагаваў часопіс «Маладняк» (1926-1927), быў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». У 1929-м быў выключаны з камуністычнай партыі за «праявы нацыянал-дэмакратызму». У 1936-м арыштаваны. 29 кастрычніка 1937 году расстраляны.
1902 – беларускі архітэктар Аляксандар Воінаў. Сярод яго менскіх працаў – Палац піянэраў і школьнікаў, гатэль «Сьвіслач», будынак былога ЦК КПБ (цяпер – адміністрацыя прэзыдэнта).
1948 – беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Трагічна загінула ў 1988 годзе, выкінуўшыся з акна сваёй менскай кватэры.
1954 – беларуская гімнастка Антаніна Кошаль, чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1972 году.
У гэты дзень памерлі:
1910 – расейскі пісьменьнік, публіцыст, мысьляр Леў Талстой.
1925 – польскі пісьменьнік і публіцыст Стэфан Жаромскі, часта званы «сумленьнем польскай літаратуры».
1950 – расейскі і беларускі публіцыст, крытык, журналіст і літаратар Леў Клейнбарт. Дасьледнік тэндэнцыяў і кірункаў беларускага літаратурнага руху. Першы біёграф Янкі Купалы.
1975 – гішпанскі дыктатар Франсыска Франка. Кіраваў краінаю з 1939 году да сьмерці ў 1975-м.
1998 – расейская палітычная дзяячка Галіна Старавойтава. Была застрэленая ў Санкт-Пецярбургу пры дасюль не да канца высьветленых абставінах.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Дзіця мае права на спэцыяльную абарону законам і іншымі сродкамі. Дзіцяці павіны быць дадзеныя магчымасьці і спрыяльныя ўмовы, якія б дазвалялі яму разьвівацца фізычна, разумова, маральна, духоўна, сацыяльна здаровым і нармальным шляхам ва ўмовах свабоды і годнасьці.
Пункт 2 Дэклярацыі правоў дзіцяці