Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у ЗША робіць «Некарэктнае ТБ»


Віталь Воранаў
Віталь Воранаў
30-гадовы Віталь Воранаў нарадзіўся ў Беларусі. У 1995 годзе разам з бацькамі эміграваў у Польшчу, а яшчэ празь некаторы час перасяліўся ў Чэхію. Цяпер працуе ў офісе Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у горадзе Уінфілд (штат Канзас), дзе знаходзіцца на двухгадовай стыпэндыі, а таксама выкладае курс беларускай гісторыі і культуры для амэрыканскіх студэнтаў у Southwestern College.

Месяц таму Віталь Воранаў запусьціў аднаасобны праект пад назваю «Некарэктнае ТБ», у межах якога ён, не ўстаючы ад свайго працоўнага стала, робіць відэа-ролікі пра беларускія рэаліі. «За што б’юць Купалу, Чорнага, Багдановіча?», «Эўразьвяз=Савецкі саюз?», «Каляровыя (р)эвалюцыі», «Галоўная памылка беларусаў: мова» — вось назвы некаторых зь іх.

— Віталь, што такое «Некарэктнае ТБ»?

— Гэты аднаасобны праект — спроба развагаў на актуальныя тэмы, якія тычацца Беларусі. Галоўная ідэя «Некарэктнага ТБ» — гэта поўная свабода слова, адсюль і назва. Кагосьці гэта можа зьдзівіць, таму што слова «некарэктнае» мае ня вельмі добры падтэкст. Але тут адмыслова абраная неадназначная назва.

— Ваш відэа-канал — гэта ўсё ж аб’ектыўнае ці асабістае меркаваньне?

— Аб’ектыўнасьць — гэта вельмі адносная рэч. Я ўвогуле не люблю слова «аб’ектыўна». Натуральна, што ў кожнага чалавека ёсьць свае погляды і меркаваньні, таму чыстай аб’ектыўнасьці няма. Але гэтая выснова не азначае, што не існуюць праўда і хлусьня. Я б сказаў, што «Некарэктнае ТБ» — гэта незалежны канал інфармацыі. І менавіта да незалежнасьці ў фінансавым сэнсе трэба імкнуцца беларускім дэмакратычным мэдыям. Я лічу, што ствараць беларускія сродкі масавай інфармацыі за небеларускія сродкі немагчыма, хоць і разумею, што сытуацыя ў Беларусі вельмі спэцыфічная, і многія СМІ проста ня выжылі б за ўласныя беларускія грошы. Але я перакананы, што ў будучыні трэба імкнуцца да фінансавай незалежнасьці.

— Ужо выйшлі 10 выпускаў «Некарэктнага ТБ», падчас якіх Вы разважаеце як пра актуальныя пытаньні накшталт вылучэньня Сьвятланы Алексіевіч на Нобэлеўскую прэмію, так і пра дастаткова вечныя для нашай краіны тэмы — мова, геапалітычны выбар, сьмяротнае пакараньне. Якім чынам Вы абіраеце тэмы для выступаў?

— Так, ёсьць актуальныя тэмы — тыя, якія актыўна абмяркоўваюцца ў беларускім сэгмэнце Інтэрнэту. Іншая частка — гэта тэмы, заўсёды актуальныя для беларускага дыскурсу. У Беларусі, напрыклад, пытаньне мовы ўздымаецца з пэрыядычнасьцю раз на два тыдні: усплываюць нейкія тэксты, і дыскусія працягваецца.

— Чаму Вы вырашылі рабіць тое, што і так ужо робіцца шмат кім?

— У мяне напачатку была асабістая патрэба запоўніць базавы кантэнт, паразважаць над падставовымі для Беларусі пытаньнямі. Гэтая праца яшчэ працягваецца; вядома, ня ўсе пытаньні мной закрытыя.

— Ці думаеце неяк удасканальваць свой праект?

— Хацелася б найперш зьвяртацца да самых актуальных тэмаў, якія абмяркоўваюцца ў дадзены час, але для гэтага трэба вельмі шмат часу, каб, па-першае, апэратыўна адсачыць такую тэму, а па-другое, апэратыўна запісаць ролік. Таксама маю плян тэхнічна ўдасканаліць відэа: напрыклад, здымаць іх не на фоне кніжнай паліцы, а на фоне лягатыпу «Некарэктнага ТБ».

— На чым грунтуецца Ваша нэгатыўнае стаўленьне да Эўразьвязу, што праглядаецца адразу ў некалькіх ужо апублікаваных відэа?
Мой погляд на Эўразьвяз — гэта, перш за ўсё, погляд інсайдэра

— Гэта не нэгатыў, гэта крытычны погляд. Мой погляд на Эўразьвяз — гэта, перш за ўсё, погляд інсайдэра, чалавека які 20 гадоў там пражыў і ведае, якія падзеі адбываюцца ў Эўропе і якія тэмы хвалююць эўрапейцаў. Гэта ня крытыка з эпохі «халоднай вайны», а крытыка грамадзяніна Эўразьвязу, які назірае вельмі хвалюючыя зьявы.

— Якім чынам распаўсюджваюцца відэа?

— Праект знаходзіцца на некалькіх плятформах. Гэта вельмі папулярны на сёньня падыход. Ёсьць старонка праекту www.eSvaboda.org, профілі ў «Facebook» і «Ўкантакце», а таксама прысутнасьць на розных форумах, дзе абмяркоўваюцца гарачыя пытаньні. Праз тое, што мова праекту беларуская, цяпер ёсьць складанасьць распаўсюду ролікаў для англамоўнай аўдыторыі. Але прыходзяць просьбы ад палякаў, а таксама амэрыканцаў, каб ролікі дубляваліся на іх мовы таксама. Рэалізацыя гэтага — таксама ў бліжэйшых плянах. І гэта вельмі важна, таму што Беларусь абмяркоўваюць ня толькі ў Беларусі: няспынны дыскурс адбываецца таксама ў Польшчы і ў іншых краінах.

— Заінтрыгуйце патэнцыйных гледачоў. Якія тэмы будзе асьвятляць «Некарэктнае ТБ» цягам бліжэйшага часу?

— З базавых пытаньняў, якія, на маю думку, хвалююць беларусаў, я б хацеў закрануць тэму праўды. І я маю на ўвазе не гістарычную праўду, а разважаньне на тэму «Што такое праўда наогул». Вось ёсьць у Беларусі такая кампанія «Гавары праўду!», якая зараз пачынае актыўна да прэзыдэнцкіх выбараў рыхтавацца. Вось я і хачу паразважаць, што такое «праўда» і што значыць «гаварыць праўду».

Адзін з выпускаў «Некарэтнага ТВ»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG