Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба адмовіцца ад падзелу школаў на расейска- і беларускамоўныя...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 02 кастрычніка 2013 году

Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды, — лёс беларускай мовы, дыскрымінацыя, зь якой на кожным кроку сутыкаюцца беларускамоўныя грамадзяне. Найчасьцей нашы слухачы і аўтары апісваюць у сваіх лістах на гэтую тэму ўсё новыя і новыя выпадкі пагардлівага стаўленьня да мовы з боку чыноўнікаў і службовых асобаў, якія паводле закону павінны валодаць дзяржаўнай мовай і размаўляць на ёй з наведнікамі, але ў рэчаіснасьці найчасьцей ігнаруюць законныя патрабаваньні беларускамоўных.

Наш слухач Аляксей Былінскі з Рэчыцы, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, прапануе ўласнае выйсьце з драматычнай моўнай сытуацыі. Спадар Аляксей піша:

«Аднаго разу быў сьведкам таго, як у цягніку выпадковая спадарожніца — супрацоўніца „Гомсельмаша“ — скардзілася на тое, як цяжка ўладкаваць дзіця ў беларускамоўную школу. Усе школы ў раёне — рускамоўныя, а чыноўнікі да скаргаў не прыслухоўваюцца.

У Беларусі гэта сапраўды стала вялікай праблемай. Беларуская мова імкліва размываецца расейскамоўнай стыхіяй. Моўная праблема становіцца прадметам частых дыскусій, а часам і палітычных рознагалосьсяў.

Ведаю, як стварыць перадумовы дзеля таго, каб бяз гвалту і прымусу перайсьці да паўсюднага і ўсеагульнага авалоданьня беларускай мовай. Проста трэба адмовіцца ад падзелу школ (ня толькі сярэдніх, але і вышэйшых) на расейска- і беларускамоўныя. Гэты мэтад я б назваў „спалучаным навучаньнем мовам“. Сутнасьць яго ў тым, каб у рускамоўных школах на ўсіх прадметах (за выключэньнем урокаў рускай і замежных моваў) выкладчык да 30 працэнтаў часу вёў прадмет на беларускай мове — у адвольным спалучэньні з выкладаньнем па-руску. Усе тлумачэньні як у руска-, так і ў беларускамоўнай школах павінны рабіцца на абедзьвюх мовах — аж да поўнага авалоданьня тэмай навучэнцамі. Натуральна, самі пэдагогі павінны дасканала валодаць мовамі выкладаньня. Пры гэтым было б лягічна заахвоціць іх да гэтага — скажам, падвышкай акладу ў памеры 15–20 працэнтаў, як пэдагогам вышэйшай катэгорыі».

...Гэтая мэтодыка прапанавана мной шэрагу дзяржаў. Лукашэнка адмаўчаўся, што зусім натуральна для нашай улады. А вось з Расеі адказалі. Выплацілі невялікі ганарар і ўкаранілі ў некалькіх месцах кампактнага пражываньня нацменшасьцяў.

Лічу, што палітычным і грамадзкім сілам, зацікаўленым у захаваньні беларускай мовы, трэба не прасіць, а патрабаваць, праяўляць настойлівасьць. Калі трэба — падключыць суд, міжнародныя арганізацыі.

Цяперашняя ўлада — часовая, і ейнае панаваньне безнадзейна і ганебна завяршаецца. Так што не сядзіце пад венікам, а дзейнічайце«
.

На пачатку 90-х гадоў, у кароткі пэрыяд нацыянальнага адраджэньня, ужо гучалі падобныя прапановы. Праўда, тады многія пэдагогі і мэтадысты схіляліся да думкі, што пачаткова варта ва ўсіх расейскамоўных школах перавесьці на беларускую мову выкладаньне гуманітарных навук — гісторыі, геаграфіі, грамадазнаўства... У шмат якіх школах гэтая ідэя пачала нават ажыцьцяўляцца. Але ўся праграма беларусізацыі была згорнута і забыта з прыходам да ўлады Лукашэнкі.

Зусім магчыма, што ёсьць рацыянальнае зерне і ў прапанаванай вамі, спадар Былінскі, мэтодыцы. Хоць рэалізаваць яе ў сёньняшняй Беларусі, як вы ўжо і самі пераканаліся на ўласным досьведзе, — маларэальна.

Аўтар наступнага ліста — наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну — уважліва сочыць за так званай «калійнай вайной» — скандальнай сваркай паміж беларускімі ўладамі і гаспадарамі расейскага гіганта «Ўралкалій». Слухач піша:

«Улады хваляцца: вунь як крута Лукашэнка ўзяўся за расейскую мафію! Нікога не пабаяўся, кіраўніка „Ўралкалія“ у турму пасадзіў... А таго ня хочуць заўважаць, што праз гэта Беларусь страціць мільярды... Якія інвэстары пойдуць сюды пасьля такога? Каму ахвота сядаць у турму, не паладзіўшы з грозным правадыром?

...Цяпер усім відавочна: беларускай уладзе востра патрэбныя грошы — як таму гульцу ў казіно, які прайграў у рулетку ўсё, што меў, і залез у пазыкі. Адсюль і абсурдная ідэя браць па 100 даляраў зь людзей, якія едуць за мяжу. Ну дзе яшчэ так зьдзекуюцца са сваіх грамадзянаў? Атрымліваецца: калі ў цябе расейскі пашпарт — едзь за мяжу свабодна, а вось калі беларускі — плаці 100 даляраў. Што ж гэта за ўлада, якая прымае такія рашэньні? За каго яна нас трымае?

А што робіцца з пэнсіямі? Нібыта паднялі на некалькі працэнтаў. Але, паводле маіх падлікаў, цэны за гэты час утрая апярэдзілі ўсю падвышку. Увогуле я апошнім часам купляю ў краме толькі хлеб. Ну, часам яшчэ каўбасу для коціка....»
.

Некаторыя мае знаёмыя апошнім часам усур’ёз задумваюцца, ці не памяняць беларускі пашпарт на расейскі ці ўкраінскі. І Масква, і Кіеў пасьлядоўна працуюць над тым, каб спрасьціць, а ў блізкай пэрспэктыве ўвогуле адмяніць візавы рэжым з эўрапейскімі краінамі, адкрыць свае межы для цывілізаванага сьвету. Тым часам беларускія ўлады, наадварот, зачыняюцца ад Эўразьвязу ўсё больш шчыльнай заслонай, уводзячы для ўласных грамадзянаў новыя (часам абсурдныя) абмежаваньні. Намер увесьці так званую «выязную пошліну» — якраз з такога шэрагу. Улада яўна разьлічвае на тое, што яе традыцыйны электарат усё роўна за мяжу ня езьдзіць, а таму такі крок калі і ня ўхваліць, то ўспрыме паблажліва. Хоць для найбольш актыўнай, дынамічнай, прадпрымальнай часткі грамадзтва гэта будзе вялізным раздражняльнікам.

Наш слухач Ігнат Гавенскі з Полацку, разважаючы над сёньняшнімі беларускімі рэаліямі, азіраецца на савецкі гістарычны досьвед і знаходзіць там паралелі і аналёгіі. У сваім лісьце на Свабоду спадар Ігнат піша:

«Сёньняшнюю эпоху ў гісторыі Беларусі некаторыя з аналітыкаў Свабоды параўноўваюць з часам перад перабудовай у СССР. Хочацца ў гэта верыць, і ня дай Бог, калі гэтая надзея марная. А і сапраўды, у Саюзе, сутыкнуўшыся зь невырашальнымі эканамічнымі праблемамі, абвясьцілі так званае „паскарэньне“, у нас — „мадэрнізацыю“. У Саюзе, убачыўшы, што краіна захлынаецца ад гарэлкі, увялі „сухі закон“; у нас п’юць яшчэ больш, і ўлада цяпер увесь час падвышае кошты на гарэлку, а таксама час ад часу ўводзіць абмежаваньні на продаж у розных рэгіёнах. А вось цікава: хто зараз выконвае ролю ўсесаюзнага тэледоктара-шаптухі Кашпіроўскага ды да яго падобных чумакоў? Калі вы думаеце, што такіх няма, то памыляецеся. Гэтую ролю ўзялі на сябе некаторыя расейскія тэлеканалы, якія шырока трансьлююцца ў Беларусі. Я неяк натрапіў на цыкль перадач на Рэн-ТВ — пра Атлянтыду, іншаплянэцян, паходжаньне чалавецтва ад іншаплянэтных прышэльцаў ды іншыя падобныя псэўданавуковыя тэмы. Кожная такая праграма — гэта проста псыхічная кулямётная чарга з сумнеўных паранавуковых фактаў, якая літаральна ўзрывае мозг гледача. Да гэтага дадаецца астралягічна-астральны відэашэраг. А фізіялягічны эфэкт ад такіх перадачаў адзін — галаўны боль. Ня ведаю, хто за гэтым стаіць, але мне дужа не падабаецца гэтая стаўка на цемрашальства. Ні да чога добрага гэта не прывядзе».

Параўноўваць сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць з пачаткам перабудовы наўрад ці выпадае, спадар Ігнат. Ніякіх лібэральных рэформаў Лукашэнка не дапускае — і ў гэтым сэнсе ён зусім не падобны да Гарбачова ўзору 80-х гадоў. Так, Беларусь, як і некалі Савецкі Саюз, усё больш паглыбляецца ў вір эканамічнага крызісу. Але ў адказ на гэты выклік сёньняшняя беларуская ўлада толькі тужэй нацягвае лейцы, а зусім не пераймае досьвед Гарбачова і не разьнявольвае грамадзтва. Ні пра якую гарбачоўскую галоснасьць ды дэмакратызацыю нават мовы няма. Так, сярод дзясяткаў тэлеканалаў, якія трансьлююцца ў беларускіх кабэльных сетках, сёньня чаго толькі ня знойдзеш — і пра ведзьмакоў, і пра іншаплянэцян, і пра прываротнае зельле... Улады дапускаюць што заўгодна — за выключэньнем крытыкі на адрас дзейнага рэжыму.

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Яўгеніі Хаменкі зь Менску. Слухачка піша:

«Я шчыра ўдзячна ўсяму калектыву Радыё Свабода за сумленную працу ў інфармаваньні нас, звычайных жыхароў Беларусі. Праўдзівая, сумленная і актуальная інфармацыя ў нашых умовах вельмі шмат значыць. А атрымаць яе можна найперш на вашых радыёхвалях, якія і для мяне, і для многіх маіх знаёмых і сяброў даўно сталі роднымі і блізкімі».

Дзякуй, спадарыня Яўгенія, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG