Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казкі па-беларуску будуць у мабільніках


«Кнігі дзеткам» — так называецца праграма для мабільных прыладаў, якую карыстальнікі пляншэтаў і смартфонаў Apple змогуць спампаваць бліжэй да Калядаў.

Праграма Kinderbook будзе даваць магчымасьць прачытаць ці праслухаць казку, запісаную па-беларуску і па-ангельску. Спачатку будуць дадавацца аздобленыя яркімі малюнкамі казкі, разьлічаныя на дзетак 2–4 гадоў.

У бліжэйшых плянах каманды, якая працуе над праектам, — стварэньне Android-вэрсіі.

Ініцыятарка праекту і перакладчыца казак Тацяна Цуканава ў інтэрвію Свабодзе распавяла пра сэнс стварэньня такой праграмы:

«Гэта прыватная ініцыятыва, якая пачалася са стварэньня палічкі казак на расейскай мове. Цяпер Kinderbook — гэта цэлая сетка віртуальных кніжных палічак: расейская, украінская, польская, нямецкая, віетнамская... Рыхтуюцца да выхаду француская і грэцкая. Мы ўзяліся зрабіць беларускую. Сэнс у тым, што кнігі, якія дадаюцца ў гэтую віртуальную палічку, перакладаюцца на ўсе мовы іншых філіяў. Калі мы дададзім беларускія казкі, то дзеці ў іншых краінах змогуць іх чытаць і слухаць на сваёй мове. А беларускія дзеткі будуць чытаць, напрыклад, італьянскія, францускія, польскія казкі. Сэнс у тым, каб стварыць глябальную дзіцячую бібліятэку».



Запусьціўшы «Кнігі дзеткам», карыстальнік убачыць віртуальную кніжную паліцу. На ёй для пачатку 6 беларускіх кніжак, у кожнай — па адной казцы. Мяркуецца, што кожны месяц на палічку будуць выстаўляцца яшчэ 1–2 кніжкі. Для кожнага твора можна будзе абраць фармат з агучваньнем ці без. Усе фарматы (і тэкст, і гук) будуць даступныя па-беларуску і па-ангельску.

«Тыя творы, зь якімі мы працуем цяпер, — гэта невялічкія расейскія аўтарскія казкі для маленькіх дзетак. Яны — пра сяброўства і прыгоды, дабрыню і веру ў сябе», — распавядае Тацяна.

Цяпер ужо запісана чатыры казкі: «Аліна і Паліна выбіраюць хатнюю жывёлу», «Самалёцік выступае на авіяшоў», «Цягнічок і паводка», «Космас». Да новага году запішуць яшчэ дзьве. Аўдыёвэрсіі агучваюць беларускія акторы і музыкі Андрусь Такінданг і Руся.

«Гэтая праграма будзе часткова платнай. То бок сама праграма будзе запампоўвацца бясплатна і будуць некаторыя бясплатныя кнігі, каб карыстальнікі змаглі паглядзець, ці цікава ім плаціць за поўную вэрсію, астатняе будзе за грошы. Але кошт адной кнігі будзе невялікі — ня больш за 2 даляры. Ужо цяпер мы займаемся прасоўваньнем гэтай праграмы. Сярод іншага, я б магла адзначыць суполкі «Кнігі дзеткам», якія існуюць у Facebook’у, «Вконтакте», а таксама ў Twitter’ы.

Тацяна падкрэсьліла ўнікальнасьць праекту ў беларускай мабільнай прасторы. Яна кажа, што ілюстраваных казак на беларускай мове для мабільных прыладаў пакуль што няма.

«Нават калі ёсьць нейкі выбар аўдыёкніг для дзяцей, то гэтыя кнігі існуюць у фармаце дыскаў ці файлаў. Мы ж прапануем праграму для мабільных прыладаў, якія цяпер ёсьць практычна ў кожнага чалавека, і вядома, што сёньня бацькі даюць нават самым маленькім дзеткам свае смартфоны і пляншэты, каб тыя гуляліся. Дык чаму б яшчэ і казку па-беларуску не паслухаць? Таму я лічу, што ёсьць усе падставы для таго, каб такі софт знайшоў свайго карыстальніка», — падсумавала Тацяна Цуканава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG