Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лойка: Ужываньне сымбалю чужой дзяржавы — гэта акупацыя Беларусі


Гэнік Лойка. Аўтар: Арцём Канцавы
Гэнік Лойка. Аўтар: Арцём Канцавы

Менскі скульптар Гэнік Лойка зьвярнуўся з адкрытым лістом да старшыні КДБ Валера Вакульчыка.

У прыватнасьці, ён зьвяртае ўвагу на тое, што апошнім часам у Беларусі пачасьціліся «выпадкі замаху на дзяржаўны сувэрэнітэт дзяржавы». Паводле ягоных словаў, грамадзяне заўважаюць у кабінах кіроўцаў грамадзкага і службовага транспарту сьцягі чужой краіны — Расейскай Фэдэрацыі. Пра «паляваньне» Гэніка Лойкі на расейскія сьцяжкі Свабода ня так даўно расказвала.

«Дзяржаўны сьцяг — гэта ня цацка, а канкрэтны палітычны сымбаль канкрэтнай дзяржавы. Публічнае ўжываньне сымбалю чужой дзяржавы азначае альбо акупацыю роднага краю, альбо грамадзка-палітычную акцыю, прысьвечаную чужой дзяржаве, на правядзеньне якой неабходная санкцыя органаў мясцовай улады», — даводзіць спадар Лойка кіраўніку КДБ і просіць:

— Спыніць незаконнае ўжываньне расейскіх дзяржаўных сымбаляў па ўсёй Беларусі.

— Пакараць супрацоўнікаў КДБ, якія дапусьцілі замах на сувэрэнітэт нашай дзяржавы і за недагляд у сваёй службе.

— Паведаміць, хто арганізаваў продаж сьцяжкоў, бо іх распаўсюджваньне сярод кіроўцаў выглядае правакацыяй.

Але чаму Гэнік Лойка зьвяртаецца менавіта ў КДБ? Найперш, ён не дае веры, што КДБ нібыта ня ведае, хто стаіць за пастаўкамі сьцяжкоў у аўтапаркі. Па-другое, выяўляць выпадкі парушэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту — непасрэдны абавязак супрацоўнікаў ведамства, за што яго работнікі атрымліваюць зарплату з падаткаў беларусаў:

«Можа, камусьці падасца, што тут няма крыміналу — падумаеш, дарослыя дзядзечкі захацелі памахаць сьцяжкамі? Што тут заганнага, нікому ж не замінаюць? Ды адна акалічнасьць не дае мне спакою: роўна за такое ж парушэньне заканадаўства (а менавіта за «несанкцыянаваную грамадзка-палітычную акцыю) асабіста я пацярпеў рэальна, атрымаўшы 5 сутак турмы. За тое, што захацеў прадэманстраваць сваю любоў да роднай мовы. Дзеля гэтага абраў час — Міжнародны дзень абароны роднай мовы, і месца — школа, якая больш не называецца беларускамоўнай. Ужо зранку ля школы пільнавалі кадэбісты і міліцыянты ў цывільным. Я пасьпеў выказаць свой клопат і боль за беларускую мову, але літаральна праз 15 хвілін мяне затрымалі і асудзілі».

У сваім лісьце кіраўніцтву КДБ Гэнік Лойка пералічвае дзясятак транспартных сродкаў, у кабінах якіх былі заўважаныя дзяржаўныя сымбалі Расейскай Фэдэрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG