Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 лістапада — рашэньне па скарзе Вольгі Класкоўскай


Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

У аўторак у Стакгольме абвесьцяць канчатковы вэрдыкт у справе беларускі Вольгі Класкоўскай.

Класкоўскую вінавацяць у замаху на забойства мужа — швэдзкага грамадзяніна турэцкага паходжаньня Гёкая Бэзгіна.

Днямі Вольга даслала ліст сваёй маці Людміле Класкоўскай. Класкоўская-малодшая піша: апэляцыйны суд, паседжаньні якога адбыліся пры канцы кастрычніка, — гэта суд апошняй інстанцыі. Менавіта гэты суд вырашае, ці застанецца ў сіле вырак, які вынесьлі Вользе, — 8 гадоў турмы.

«Уся надзея на вэрдыкт апэляцыйнага суду. Вярхоўны суд звычайна такія справы нават не прымае да разгляду. Што сёньня скажуць — тое і будзе, — кажа Людміла Класкоўская. — Я вельмі спадзяюся, што ранейшы прысуд будзе адменены і Вольга вернецца дадому. Вельмі моцна хвалююся. Адзінае, што мяне трошкі супакойвае, — гэта тое, што побач з Вольгай вельмі моцны і сур’ёзны адвакат Томас Нільсан, які вядомы ў Швэцыі тым, што выйграў некалькі падобных справаў».

Грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую затрымалі ў Швэцыі 30 сакавіка. Суд, які адбыўся 23 жніўня, прысудзіў Вользе восем гадоў турмы. Таксама яна павінна выплаціць былому мужу кампэнсацыю ў 110 тысяч швэдзкіх крон. Паседжаньні апэляцыйнага суду адбываліся з 23 да 25 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG