Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таксоўшчык: «Ёсьць такія машыны, на якія й глядзець страшна, ня тое што езьдзіць»


Таксі на прывакзальнай плошчы ў Гомелі
Таксі на прывакзальнай плошчы ў Гомелі
Ад 1 лістапада ўводзяцца новыя патрабаваньні да тэхнічнага стану аўтамашын, у тым ліку й таксовак. Апрача шкодных выкідаў, будзе кантралявацца чысьціня салёну, стан сядзеньняў, пляфонаў, дзьвярэй для пасажыраў ды шмат чаго іншага. Як ставяцца гомельскія таксоўшчыкі й пасажыры да такіх патрабаваньняў?

Пра экалягічныя патрабаваньні для рухавікоў аўтамабіляў таксоўшчыкі добра ведаюць. І не пярэчаць такія патрабаваньням і зьменам у Тэхнічным кодэксе, бо аўтатранспарт у гарадах і сапраўды моцна забруджвае атмасфэру шкоднымі выкідамі.

Таксоўшчыкі ня супраць чысьціні салёнаў, спраўных сядзеньняў, апазнавальных знакаў. А вось што да патрабаваньня мець у таксі супрацьадкатны ўпор, па-іншаму — калодку пад кола, то гэтага яны не разумеюць.

Таксоўшчык Вячаслаў: «А для чаго супрацьадкатнае прыстасаваньне, калі ў мяне ручны тормаз працуе? Патлумачце мне! Не разумею гэтага! Спраўны мэханізм сядзеньня — зразумела. У мяне рухаецца туды-сюды, рэгулюецца. Можа, у каго й паламанае, я ня ведаю».

Аднак сапраўды непакояць таксоўшчыка зусім ня гэтыя тэхнічныя дробязі, якім дзяржаўныя службы аддаюць такую пільную ўвагу:

«Калі хочаце пачуць маю думку, што трэба зрабіць для таксі, то скажу.

Зрабіць трэба для таксістаў, а не для дзяржавы — прымусіць купляць кітайскія машыны ці яшчэ штосьці такое. Каб таксоўшчыкі працавалі, трэба ўвесьці квоту на колькасьць машынаў-таксі. Як і для маршрутак, бо гэта такі ж гарадзкі транспарт. Каб не адкрываліся лішнія прыватныя прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі. Дапусьцім, на Гомель патрэбна 400 машын-таксовак. Як у той Амэрыцы: пакуль месца ня вызваліцца, жэтон табе не дадуць. А ў нас? Я працую, а заўтра прыходзяць усё новыя — адкрываецца нейкі „Алмаз“ ці яшчэ што. Яны прыходзяць і твой хлеб забіраюць. А дзяржава нічога ня робіць — дае ўсім ахвотным ліцэнзіі, а вы ўжо самі разьбірайцеся, як хочаце. А чаму так?»

Суразмоўца лічыць абсурдным і ўвядзеньне ўзроставых абмежаваньняў для аўтамашын — 8 гадоў. І паказвае свой дагледжаны фальксваген, якому паўтара дзясятка гадоў:

«Патрабаваньне для таксі васьмігадовага ўзросту машыны — супрацьчалавечнае. Выснова такая: пры цяперашнім нашым жыцьці не ўдаецца нават 100 даляраў за месяц адкласьці. Дык за што новую машыну купіць? Ці папытаўся хто пра гэта ў нас? У мяне, напрыклад? І якое дачыненьне мае ўзрост да тэхнічнага стану аўтамабіля?»

Спадар Уладзімер, таксоўшчык з шматгадовым стажам, кажа, што працу надзвычай ускладняюць нелегалы, якія ледзь не за рукі цягнуць пасажыраў у прыватныя машыны:

«Запаланілі ўвесь вакзал. З паўсотні чалавек толькі днём, а ноччу іх наагул 99 адсоткаў — ледзь ня ўсе нелегальныя таксісты. І зь ліхтарамі яны, і з жоўтымі палосамі. Уладам да іх мала справы. Ім прасьцей прыехаць і пакараць афіцыйнага таксіста за розную ерунду».

Пра нелегалаў, а не пра новыя правілы тэхагляду, кажа найперш і таксоўшчык Аляксандар:
Запаланілі ўвесь вакзал. З паўсотні чалавек толькі днём, а ноччу іх наагул 99 адсоткаў — ледзь ня ўсе нелегальныя таксісты

«Я мушу плаціць каля 150 даляраў у месяц — падатак, адлічэньні ў пэнсійны фонд, страхоўку, мэдагляд. І ў той жа самы час я назіраю, як іншыя нелегальна возяць пасажыраў. На вакзале — тут ужо працоўныя дынастыі: бацькі й дзеці. Так і ў Менску, і ў нас — усюды. А тэхагляд — хто праходзіў яго „зьлева“, той і будзе праходзіць „зьлева“. На нас тэхагляд паўплывае ў лепшы бок, бо ёсьць такія машыны-таксі, на якія й глядзець страшна, а ня толькі езьдзіць».

Зь іншага боку, абсурднымі, на думку таксоўшчыкаў, выглядаюць і патрабаваньні, якія зьбіраюцца ўвесьці да памераў таксі. Міні-аўто пры гэтым, вядома ж, не разглядаюцца.

Таксоўшчык Пётар дадае: «Няма ў горадзе й стаянак таксі — іх няма каму арганізаваць. Дыспэтчару таксафірмы стаянкі не патрэбныя. Быў я ў адным з гарадоў Украіны — у Запарожжы бачыў. Дык там на ўчастку 500 мэтраў — чатыры стаянкі для таксі. У Гомелі даводзіцца рызыкаваць — стаяць часта ў зоне дзеяньня забароннага знаку».

Узьнімаюць пытаньне таксоўшчыкі й пра кошт перавозак — ну ня мае права, на іх погляд, дыспэтчарская фірма вызначаць кошты. Гэта павінны рабіць самі перавозчыкі.

Што да пасажыраў, то ў навацыях адносна правілаў тэхагляду таксовак яны бачаць збольшага станоўчы бок. І разважаюць прыкладна так, як і сталага веку гамяльчук, які назваўся Яўгенам Фёдаравічам:

«Цэны растуць, пасажыры больш плацяць. І натуральна, хацелася б большай утульнасьці. Цяпер у асноўным прыватныя машыны, і кіроўцы звычайна самі зацікаўленыя, каб пасажыру было зручна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG