Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таксісты ня хочуць езьдзіць на кітайскіх машынах


Гарадзенскія таксісты распачалі збор подпісаў супраць праекту ўказу аб рэгуляваньні працы таксі, які рыхтуецца Міністэрствам транспарту.

Сяргей Верамеенка —таксіст. Сваім пасажырам ён прапаноўвае падпісацца супраць указу, які цяпер рыхтуецца. З праектам ён азнаёміўся ў інтэрнэце. Калі ўказ будзе падпісаны, то ўжо з траўня наступнага году забароняць эксплюатацыю ў якасьці таксі ня толькі машын, старэйшых за 8 гадоў, але і тых, якія не адпавядаюць габарытам: 4,4 мэтра ў даўжыню і 1,7 мэтра ў шырыню.

Верамеенка перакананы, што падобны ўказ можа моцна нашкодзіць як таксістам, так і пасажырам.

Сяргей Верамеенка
Сяргей Верамеенка
Верамеенка: «Галоўнае, што цяперашні ўзровень жыцьця ў Беларусі такі, што кіроўца таксі зараз ня можа сабе дазволіць набыць новае аўта за 15–20 тысяч даляраў. І пасажыры, карыстальнікі нашага таксі, таксама ня могуць плаціць 50 і 100 тысяч за адну паездку. А калі гэты ўказ уступіць у сілу, то кошты на праезд моцна ўзрастуць».

Яшчэ адзін кіроўца таксі, Валянцін, які паставіў подпіс пад зваротам, тлумачыць, што ва ўказе прадугледжваюцца вельмі жорсткія патрабаваньні да аўта.

Спадар: «На дадзены момант на рынку прысутнічае вельмі мала такіх машынаў. А па-другое, набыць больш новае аўта праблематычна, бо ў краіне вельмі высокае ўвазное мыта. І само паняцьце — да васьмі гадоў — занадта жорсткае. Хапіла б і 12 гадоў, бо прыдатнасьць транспартнага сродку для эксплюатацыі ў нас вызначаецца тэхаглядам, а гэта і ёсьць жорсткія патрабаваньні, і зь іх трэба зыходзіць».

Кіроўца таксі з дваццацігадовым досьведам спадар Мікалай з абурэньнем успрыняў праект новага ўказу:

Спадар: «А чорт іх ведае, жывём як на вулькане: сёньня так, а заўтра так. У мяне вось машына добрая, якраз для пасажыраў: шэсьць месцаў, шосты год — сама людзей вазіць. І таксомэтар працуе як мае быць, і кандыцыянэр... От, сядзяць у гэтых кабінэтах і выдумляюць, абы выдумаць...»

Пасажырка, спадарыня Кацярына, якая, зь яе слоў, часта карыстаецца паслугамі таксі, кажа, што чытала пра гэта ў інтэрнэце. Распавядае, што днямі прыехала зь Вільні і там езьдзіла на таксоўках, якім па 12–13 гадоў. Галоўнае, што аўта ў добрым стане.

Яна перакананая: навацыі для беларускіх таксістаў зьвязаныя з тым, што Лукашэнка распачаў выпуск сумесна з кітайцамі новых аўта, і паколькі, на яе думку, наўрад ці знойдуцца ахвотныя іх купляць, то трэба такім чынам некага абавязаць.

Спадарыня: «Па-першае, мне шкада тых таксістаў, якія гэтай працай зарабляюць грошы для сваіх сем’яў. Вось у чалавека — добрая машына, але пасьля гэтага ўказу ён павінен будзе адставіць яе ўбок і невядома чым заняцца. А па-другое, ведаючы нашу ўладу, якая нічога для людзей ня робіць, а толькі выцягвае зь іх апошняе, думаю, гэта будзе чарговая авантура з кітайскімі машынамі».

Яшчэ адзін пасажыр, Аляксей, кажа, што ўзровень таксі ў Беларусі варта падымаць, але, на яго думку, гэта павінны быць перш за ўсё разумныя, пралічаныя захады.

Спадар: «Так, сапраўды ёсьць машыны, якія насамрэч не адпавядаюць паслугам таксі. Але можна нават на ўзроўні мясцовых уладаў вырашыць гэтую праблему, зрабіць гарадзкія дазволы на адпаведнасьць зьнешняга выгляду і г.д. І пры гэтым не ламаць ніякіх дроў».

Кіраўнік гарадзенскай фірмы «Веста» Ўладзіслаў Пашкоўскі кажа, што прачытаў пра праект указу таксама ў інтэрнэце. Але ён ня верыць, што ў Беларусі нешта падобнае можа быць прынята.

Пашкоўскі: «Гэта нерэальна — у людзей няма грошай купляць новыя машыны да васьмі гадоў. Тым больш у Горадні толькі 20% машынаў, якія адпавядаюць гэтаму ўказу. А калі яшчэ ўзгадаць пра габарыты, то гэта наагул неверагодна».

Паводле Сяргея Верамеенкі, у Горадні зьбіраюць подпісы 15 чалавек, пад зваротам ужо падпісаліся каля 200 чалавек, да гарадзенскіх таксістаў далучаюцца іхнія калегі з Ваўкавыску і Менску. Зварот плянуюць накіраваць у Міністэрства транспарту Беларусі, а таксама ў адміністрацыю прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG