Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кіроўцы ставяцца да новых пакараньняў за п’янства за рулём


Савецкая вуліца ў Гомелі
Савецкая вуліца ў Гомелі
Ад 24 кастрычніка набылі моц папраўкі ў заканадаўства — у кіроўцы, які паўторна цягам году сеў за руль выпіўшы, канфіскуюць аўтамабіль. І ня важна, гэта твая асабістая аўтамашына ці пазычаная ў сваяка альбо прыяцеля. Павялічаны да 13 мільёнаў і штраф за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Як паставіліся да новаўвядзеньня аўтааматары Гомеля, другога па велічыні гораду ў краіне?

Многія аўтааматары, з кім давялося пагутарыць, станоўча паставіліся да больш жорсткай адказнасьці для п’яных за рулём.

Гамяльчук Аляксандар, кіроўца зь дзесяцігадовым стажам:

«Я думаю, што гэта правільная мера. Навошта п’яным сядаць за руль? Гэта патэнцыйны забойца. Няхай пешшу ходзіць! Але нават і пешшу п’яны стварае для тых жа кіроўцаў небясьпеку. А п’яны кіроўца за рулём, паўтару, — гэта патэнцыйны забойца. Толькі „за“ — строга станоўча за такія меры».

Спадар Анатоль — прафэсійны кіроўца. Кажа, што за 40 гадоў працы на машыне яго штрафавалі толькі за перавышэньне хуткасьці й за няправільную паркоўку.

Да канфіскацыі аўтамабіля за паўторнае п’янства за рулём сталага веку кіроўца таксама ставіцца з разуменьнем — нельга бясконца дараваць падобныя выхадкі:

«Ну, раз папаўся п’яны за рулём, другі раз... І што — і трэці, і чацьвёрты, і пяты? Значыць, у яго столькі грошай, што ён можа плаціць і 13 мільёнаў — і зноў піць, і зноў езьдзіць? Так атрымліваецца? Калі не даходзіць, то няхай пасажырам будзе. Паглядзіце, колькі цяпер у горадзе транспарту!»

Аднак далёка ня ўсе гомельскія кіроўцы прынялі як належнае больш жорсткія меры ўладаў у дачыненьні да п’яных за рулём.

Кіроўца Максім: «Маёмасьць забіраць нельга. Саджаць трэба! Няхай караюць і саджаюць, а маёмасьць забіраць ня варта. Другім разам няхай саджаюць — на папраўчую працу. Я наагул супраць таго, каб забіралі маёмасьць. І няважна, п’е чалавек ці не. Сам я наагул ня п’ю. Гэта як забраць кватэру, калі чалавек ня ў стане яе аплаціць, ня маючы грошай. Гэта што — правільна? Няхай чалавек жыве на вуліцы, бутэлькі зьбірае, скрыні з кардону зьбірае?»
Маёмасьць забіраць нельга. Саджаць трэба!

Прыкладна такое ж стаўленьне да канфіскацыі аўтамабіляў і ў маладога гамельчука Валера, за плячыма ў якога восем гадоў стажу кіроўцы:

«Забіраць машыну — гэта ня выхад са становішча. Гэта жорстка — перагнулі палку. Дайце яму грамадзкую працу — няхай карысьць прыносіць людзям. Ну забралі вы машыну — далей што? Калі чалавек піў, п’е, то ён і будзе піць, калі сам ня кіне. У нас як былі штрафы вар’яцкія пры Савецкім Саюзе, так яны й засталіся. Нічога не зьмянілася. Як быў бізун, так і ён і застаўся. Толькі менш яшчэ грошай плацяць. Вы дайце людзям зарабіць, а потым ужо прымайце драконаўскія меры».

Кіроўца дадае, што нельга лічыць аўто, як за савецкім часам, раскошаю:

«Гэта ўсё-ткі не раскоша, а сродак перамяшчэньня. Аўтамабіль да таго ж — гэта прыватная ўласнасьць. Гэта ўкладаньне сродкаў і нэрваў. Тым больш што цяпер чалавек сярэдняга дастатку з заробкам 5 мільёнаў ня можа сабе купіць новы аўтамабіль з салёну, бо там патрабуюць заробак. А дзе яго ўзяць, калі не даюць зарабіць? Ідзі хоць на дзесяць прац — усё адно будзеш мець тыя ж 5 ці 6 мільёнаў. Гэта ў лепшым выпадку».

На Гомельшчыне сёлета за кіраваньне аўтатранспартам у нецьвярозым стане затрымана звыш 5 тысяч кіроўцаў. Зь іх удзелам адбылося 56 дарожна-транспартных здарэньняў, падчас якіх 11 чалавек загінулі й 75 — атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG