Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Жаляпаў і Гаўруцікаў судзяцца з гарвыканкамам


Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў

Грамадзкія актывісты Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў хочуць аспрэчваюць забарону віцебскіх уладаў на шэсьце і мітынг — акцыі пратэсту супраць выкарыстаньня карнай псыхіятрыі.

Актывісты лічаць, што гарвыканкам парушыў заканадаўства і патрабаваньні ўласнага рашэньня «Аб правядзеньні масавых акцый у Віцебску».

Скаргу з патрабаваньнем дазволіць акцыі будзе разьбіраць а 15.00 Кастрычніцкі раённы суд Віцебска.

Заяўка каардынатара Руху «За свабоду» па Віцебскай вобласьці Хрыстафора Жаляпава і актывіста аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Аляксея Гаўруцікава тычылася правядзеньня 28 верасьня акцый салідарнасьці зь лекарам Ігарам Пасновым. На той час Пасноў знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні, і віцебскія актывісты хацелі выказаць пратэст супраць выкарыстаньня псыхіятрычных мэдычных установаў для ціску на грамадзянаў, якія выказваюць сваю нязгоду з уладамі.

У Віцебскі гарвыканкам былі пададзеныя заяўкі на шэсьце па тэрыторыі некалькіх раёнаў горада, і на мітынг у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў — месцы, афіцыйна вызначаным пад масавыя мерапрыемствы.

Адмову актывістам падпісаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Шлома. Ён спаслаўся на рашэньне гарвыканкаму ад 10.07.2009 года № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску», згодна зь якім заяўнікі мерапрыемстваў мусяць разам з заяўкай прадставіць уладам і дамовы на абслугоўваньне акцый структурамі ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі.

Такіх дамоваў апазыцыянэры не прадставілі. І яны лічаць, што матываваць забарону гэтым рашэньнем гарвыканкаму не выпадае.

«У рашэньні Віцебскага гарвыканкаму № 881 ніводнага слова не гаворыцца пра арганізацыю шэсьцяў. Адпаведна, чыноўнікі далі нам адмову беспадстаўна. Не кажучы ўжо пра тое, што само гэтае рашэньне абмяжоўвае правы жыхароў Віцебска на свабоду масавых мерапрыемстваў і свабоду выказваньня нашых меркаваньняў»,—патлумачыў сытуацыю Аляксей Гаўруцікаў.

Уласна рашэньне № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску» мясцовыя актывісты лічаць штучна створанай для іх перашкодай. Бо яно практычна невыканальнае: усе спробы напярэдадні пікетаў ці мітынгаў заключыць дамовы з адказнымі структурамі дагэтуль былі безвыніковымі. Адказныя асобы і службы не пагаджаюцца на супрацоўніцтва, пакуль няма дазволу на акцыю ад органа ўлады. А тыя патрабуюць усе дамовы адразу падаваць разам з заяўкай.

Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў просяць суд прызнаць апошнюю адмову гарвыканкаму незаконнай і абавязаць орган улады даць дазвол на акцыі — шэсьце і мітынг, прысьвечаныя ранейшай праблеме. Яны лічаць яе па-ранейшаму актуальнай. Хоць Ігар Пасноў паўтара месяцы таму ўжо выйшаў з псыхіятрычнага шпіталю, пагроза выкарыстаньня псыхіятрычных мэдычных установаў супраць «іншадумцаў» застаецца верагоднай.

Суд будзе працягнуты ў 10.30 у панядзелак, 4 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG