Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: нефармальныя лекцыі пра сталінскія рэпрэсіі


У Бабруйску грамадзкія актывісты апавядаюць мінакам на Плошчы перамогі пра сталінскія рэпрэсіі.

Гутаркі ў форме апытаньняў адбываюцца ля памятнага знаку «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсіяў». Адна з арганізатарак акцыі сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Сьмірнова кажа, што ўвага найперш надаецца моладзі. У маладых людзей запытваюцца, што яны ведаюць пра часы сталінскіх рэпрэсіяў.

Актывістка прызнае, што апытаная моладзь амаль нічога ня ведае пра падзеі, зьвязаныя з масавымі рэпрэсіямі. Мала што могуць сказаць пра тыя часы і людзі да 40 гадоў. Больш дасьведчаныя ў гэтым пытаньні людзі сталага веку, кажа Галіна:

«Мы стараліся падказваць ім, што, маўляў, гэта 30-50 гады мінулага стагодзьдзя, калі правіў у Савецкім Саюзе Сталін, можа, вам вашы бабулі нешта казалі пра той час. Вось тады нешта прыгадвалі. Слова „рэпрэсіі“ моладзь тлумачыла як нешта прыніжальнае. Мы пыталіся, ці ведаюць яны, дзе ў Бабруйску ўсталяваны памятны знак рэпрэсаваным, а ён быў за некалькі мэтраў ад нас, ля яго ўжо ляжалі кветкі і гарэлі сьвечкі. Пыталіся, што гэта за памятны знак. Мы прапаноўвалі да яго падыйсьці, ускласьці кветкі і запаліць сьвечкі, давалі невялікія інфармацыйныя ўлёткі пра тыя часы».

Паводле актывісткі, шмат моладзі пасьля гутарак пыталася, дзе можна больш пачытаць пра сталінскія рэпрэсіі:

«Я перакананая, што пасьля ўскладаньня кветак да знака рэпрэсаваным у памяці моладзі адкладзецца гэтая падзея. Яны пра яе не забудуцца. Вядома ж, у нас стараюцца не казаць пра тыя жахлівыя крывавая часы. Вось гэты памятны знак стаіць у нас сіратліва. Калі й зьбіраюцца ля яго людзі, то найчасьцей, піва каб папіць. А вось насупраць помнік з танкам — ён увесь у кветках. Помнік загіблым у вайну, таксама з кветкамі».

Памятны знак «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсіяў» быў усталяваны на плошчы Перамогі ў 1996 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG