Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Манія велічы


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Падчас самітаў, дзякуючы тэлерэпартажам і фотаздымкам, публіка ўпершыню ўбачыла інтэр’еры Палаца незалежнасьці. Уражаньне — ашаламляльнае. Такой прэтэнцыёзнасьці й раскошы ўнутраных пакояў Беларусь яшчэ ня ведала. Нясьвіскі замак у параўнаньні зь ім выглядае як правінцыйная забава.

Расейскія журналісты, што прыехалі асьвятляць саміт, параўналі гэтае збудаваньне з палацам у Ашхабадзе, пабудаваным Туркменбашы. А мне ён нагадвае Дом Рэспублікі ў Бухарэсьце, створаны ў апошнія гады кіраваньня Нікалае Чаўшэску. Гэты цыкляпічны палац, пабудаваны ў разгар найвастрэйшага сацыяльна-эканамічнага крызісу ў Румыніі, лічыцца найбуйнейшым у сьвеце грамадзянскім адміністрацыйным будынкам. Чаўшэску разьлічваў, што ён стане ўвасабленьнем ягонай славы і велічы. А сёньня турыстам апавядаюць пра яго як пра сымбаль дыктатарскага самадурства. Проста дзіва, як яны ўсе аднолькава мысьляць.

Напярэдадні саміту, у сераду, Лукашэнка зладзіў апошнюю праверку новабудоўлі. І ў якасьці сымбалічнага акту пасадзіў першыя дрэвы каля палаца, заклаўшы алею ганаровых гасьцей. Лягічна было б, каб гэтую цырымонію, гістарычную падзею ў жыцьці краіны, якая павінна ўвасабляць замацаваньне беларускай незалежнасьці, прэзыдэнт ажыцьцявіў разам з вышэйшымі дзяржаўнымі асобамі. Ці запрасіў выбітных асобаў Беларусі, прадстаўнікоў грамадзкасьці: вэтэранаў, моладзь і іншых. Аднак Аляксандар Лукашэнка садзіў дрэвы з сваімі сынамі. Ганаровыя госьці. Што вельмі сымбалічна. Беларускі народ на гэтым сьвяце сувэрэнітэту апынуўся лішнім. Нам усім хацелі даць зразумець, што беларуская дзяржаўнасьць — гэта праблема вузкага сямейнага кола Лукашэнкаў? У іншай краіне на прэс-службу прэзыдэнта абрынуўся б шквал пытаньняў на гэты конт. А ў Беларусі гэты факт прайшоў амаль незаўважаным. Што таксама вельмі сымбалічна.
Нам усім хацелі даць зразумець, што беларуская дзяржаўнасьць — гэта праблема вузкага сямейнага кола Лукашэнкаў?

Што ўласна да самітаў. Пра вынікі сустрэчы лідэраў краін СНД казаць нешта цяжка, усе абмеркаваныя там пытаньні былі не прэзыдэнцкага ўзроўню.

Саміт Мытнага саюзу таксама прайшоў бы мала заўважным. Ніякіх важных рашэньняў ён не прыняў. Хіба толькі можна канстатаваць, што супярэчнасьці паміж чальцамі Мытнага саюзу выйшлі на паверхню, сталі публічнымі.

Але галоўнае, што зьвярнула на сябе ўвагу, гэта нейкая незразумелая мегаламанія, якая выявілася ў выказваньнях лідэраў трох краін. Нібыта сам мегаламанічны Палац Незалежнасьці, у якім адбываўся саміт, аказаў псыхалягічны ўплыў на прэзыдэнтаў. І яны агучвалі грандыёзныя пляны наконт пэрспэктываў эўразійскай супольнасьці. Гаворка нават не пра Кіргізстан і Арменію.

Спачатку на прэсавай канфэрэнцыі з мэдыямі краін СНД напярэдадні самітаў Лукашэнка заявіў: «З улікам імкненьня шэрагу іншых краін да ўдзелу ў гэтым праекце на шахматнай дошцы геапалітыкі ў самы бліжэйшы час Эўразійскі эканамічны саюз і Эўрапейскі саюз стануць прыкладна роўнавялікімі партнэрамі».

На сустрэчы лідэраў «тройкі» прэзыдэнт Казахстана Назарбаеў сказаў: «Я чую, многія кажуць, што ўжо Сірыя хоча ўступіць у Мытны саюз!… Прэм’ер-міністар Турэччыны Эрдаган звярнуўся да мяне: ці нельга Турэччыну прыняць у Мытны саюз? Турэччына — вялікая краіна, у нас ёсьць агульная мяжа».

Не адставаў і Пуцін: «Толькі што ў нас у гасьцях быў прэм’ер-міністар Індыі. Ён прасіў мяне паставіць пытаньне на нашай сёньняшняй сустрэчы пра тое, што Індыя хацела б разгледзець магчымасьць падпісаньня дамовы аб зоне свабоднага гандлю з Мытным саюзам. Маючы на ўвазе аб’ёмы, маштабы індыйскага рынку, пэрспэктывы разьвіцьця Азіі ў цэлым, нам трэба вельмі сур’ёзна паставіцца да гэтай прапановы».

Жаданьне добрае, але ёсьць адна праблема. Справа ў тым, што на цяперашні момант ні Адзінай эканамічнай прасторы, ні зоны вольнага гандлю ў рамках Мытнага саюзу не існуе. Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясніковіч сёлета 31 траўня на форуме дзелавых людзей Адзінай эканамічнай прасторы ў Менску, заявіў: «Дзьве траціны тавараў і адна траціна паслуг рухаецца ў „тройцы“ свабодна. Значыць, агульнага рынку ў поўным сэнсе слова няма. Ёсьць досыць глыбокія супярэчнасьці ўнутры».

А падчас выступу на саміце ў чацьвер Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на Мытны саюз, колькасьць выключэньняў і абмежаваньняў ня толькі ня зьнізілася, але нават узрасла. На ягоную думку, пакуль прагматычныя мэты інтэграцыі ня будуць выкананыя, далей па інтэграцыйным шляху рухацца ня варта.

Дык да чаго ж далучацца?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG