Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт СНД без двух прэзыдэнтаў


Прэзыдэнты Туркмэністану і Кіргізстану праігнаравалі запрашэньне Аляскандра Лукашэнкі ўдзельнічаць у саміце кіраўнікоў краін СНД. Форум адкрываецца сёньня ў Менску аб 11-й гадзіне.

Калі адсутнасьць на самітах прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамэдава стала амаль звычайнай справай, то адмова кіргіскага лідэра Алмазбэка Атамбаева наўпрост зьвязаная са знаходжаньнем у Беларусі былога прэзыдэнта Бакіева.

Аляксандар Лукашэнка 21 кастрычніка прапанаваў Кіргізстану, як ён сказаў, новы этап двухбаковых дачыненьняў. Беларускі лідэр нагадаў, што пры Бакіеву супрацоўніцтва было больш інтэнсыўным:

«Цяпер вы рубам паставілі пытаньне пра Бакіева. Я спрабую патлумачыць: мужыкі, перастаньце гаварыць пра Бакіева. Зараз ужо, дзякуй Богу, супакоіліся».

Аднак Кіргізстан не супакоіўся. Ягоны прэзыдэнт зноў папракнуў Менск за тое, што тут хаваюць крывавага злачынцу.

Парадак дня сёньняшняга паседжаньня, на думку незалежных экспэртаў, не ўтрымлівае сур’ёзных праблемаў. Прыярытэт адданы гуманітарным пытаньням. Да таго ж звычайна прэзыдэнты толькі падпісваюць дакумэнты, а іх распрацоўкай і ўзгадненьнем займаюцца шматлікія экспэрты і дарадцы.

Сыходзячы з гэтага можна меркаваць, што паседжаньне ня будзе працяглым. На пытаньне «Свабоды», а якой гадзіне яно скончыцца, адзін з супрацоўнікаў выканкаму судружнасьці адказаў так:

«Дакладнага часу завяршэньня працы няма. У кожнага прэзыдэнта ёсьць свой уласны борт. І ім ня трэба баяцца спазьніцца на самалёт».

Беларусь сёлета старшынюе ў СНД. І так будзе да канца бягучага году. Аднак ужо сёньня будзе афіцыйна названае імя старшыні наступнага. Гэта — Украіна.

Украіна павінна была старшыняваць у СНД яшчэ летась. Аднак так атрымалася, што Ўкраіне прапанавалі старшынства на 2013 год яшчэ ў адной міжнароднай арганізацыі — АБСЭ. Афіцыйны Кіеў тады аддаў перавагу АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG