Палітык Вінцук Вячорка ведаў Віктара Івашкевіча з 1981 году.
Да апошняга дня верылася, што Віктараў аптымізм ды жыцьцялюбства адолеюць хваробу. За тыдзень да ягонага сыходу мы сустракаліся ў шпітальным дворыку, гаварылі, дакуль ён фізычна мог. Размова толькі на кароткі час кранулася ягонага стану: Віктар зь бясстрашным гумарам ацаніў у працэнтах свае шанцы выжыць. А далей гаварылі пра Справу. Так мы называлі з пачатку 80-х гадоў клопат пра Беларусь.
Віктар апынуўся ў беларускай незалежніцкай грамадзе і стаў адным з найярчэйшых яе лідэраў цалкам заканамерна. З наймаладзейшых сваіх гадоў ён шукаў адказ на пытаньне, як вярнуць беларускаму народу свабоду, і знайшоў яго ў нацыянальнай незалежніцкай ідэі.
Сваім напорам, аргумэнтацыяй і асабістым прыкладам Віктар надаў тады дзейнасьці нашага кола — людзей «Майстроўні», падпольнай Групы Незалежнасьць — практычны кірунак. Трэба выходзіць на людзей, — казаў ён, — калі мы ведаем, што наша ідэя правільная, нас падтрымае народ! І першы пайшоў ад дзьвярэй да дзьвярэй у менскім раёне Сьляпянцы зьбіраць подпісы за беларускую школу. І атрымалася! І мы пайшлі за ім, і зьбіралі подпісы сотнямі, пакуль нас не пачала затрымліваць міліцыя, але ўлада вымушаная была абвясьціць адну зь сьляпянскіх школаў беларускаю. А гэта быў 1983 год, глухая застойная савецкая пара. Тады і пазьней Віктар Івашкевіч уласным прыкладам паказаў, што беларуская палітыка і нацыянальная справа можа абапірацца на беларускі народ, і тады яна пасьпяховая.
Гэта толькі адзін прыклад, у памяці маёй ды іншых сяброў іх шмат, і мы абавязкова ўзгадаем усё, што Віктар Івашкевіч рабіў, каб Беларусь стала беларускаю і свабоднаю. Ягоная асабовасьць — рэдкае спалучэньне высокай адукаванасьці ды прастаты ў дачыненьнях, адсутнасьці пыхі, уменьня арганізаваць іншых і ўласнай гатоўнасьці рабіць любую чарнавую працу.
Пазытыўны і некрыўдлівы, ён валодаў талентам яднаць людзей у справе, ствараць рэальныя кааліцыі, так патрэбныя ў барацьбе з дыктатурамі. Не баяўся ўладных рэпрэсіяў — сам пабыў у няволі, на «хіміі», два гады. Не баяўся пачынаць новую справу (а ён часта захапляўся новымі палітычнымі ідэямі) у кансэрватыўным беларускім грамадзтве ледзь не самотна, зноў жа ўласным прыкладам паказваючы, што ісьці новым шляхам можна. Проста не баяўся — напрыклад, распаўсюджваць самвыдавецкія ўлёткі яшчэ у савецкі час.
Віктар быў і сам творчым чалавекам ува ўсім, і разумеў і падтрымліваў творцаў, якія спрычыняліся да беларускага Адраджэньня, — пачынаючы зь першага нашага сьведама беларускамоўнага гурта «Мроя». Любіў Купальлі, быў душою беларускіх імпрэзаў, таварыскасьцю і гумарам лёгка здабываў сымпатыю нават незнаёмых і далёкіх ад беларушчыны людзей.
Віктар Івашкевіч — асоба зь першага шэрагу беларускіх нацыянальных дзеячоў. Я перакананы, што гісторыя зьмесьціць ягонае імя ў сьпісе выдатных адраджэнцаў; ёсьць і ягоны важкі ўклад у аднаўленьне незалежнасьці Беларусі.
Шчыра спачуваю родным і блізкім Віктара. Дарагі Віктар, хай пухам табе будзе любімая табой беларуская зямля.