Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША чакае частковае спыненьне дзяржаўных установаў


Некаторыя амэрыканскія ўрадавыя ўстановы ўжо заўтра могуць часова прыпыніць працу з-за нявырашаных спрэчак паміж адміністрацыяй прэзыдэнта Барака Абамы і Палатай прадстаўнікоў вакол дзяржаўнага бюджэту на 2014.

Палата прадстаўнікоў, якая кантралюецца рэспубліканцамі, на сваім пасяджэньні 28-29 верасьня прыняла новы варыянт рэзалюцыі аб часовым фінансаваньні фэдэральных міністэрстваў і ведамстваў. Аднак лідэры Сэнату, які кантралюецца дэмакратамі і зьбіраецца на пасяджэньне сёньня, паведамілі, што разглядаць яго ня будуць. Белы дом таксама заявіў, што дакумэнт яму не адпавядае і «прэзыдэнт накладзе на яго вета».

У ЗША да гэтага часу няма бюджэту на 2014 фінансавы год, які пачынаецца 1 кастрычніка. У сувязі з гэтым у Кангрэсе ідуць дэбаты аб законапраекце, які прадугледжвае часовае вылучэньне сродкаў дзяржаўным установам. Інакш ужо заўтра яны могуць застацца бяз грошай і спыніць працу. У неаплатныя адпачынкі будзе адпраўлена адна траціна з двух мільёнаў бюджэтных працаўнікоў.

Галоўнае перашкода для зацьвярджэньня бюджэту з боку рэспубліканцаў — праграма рэформы мэдычнага страхаваньня , прапанаваная Абамам. Яна прадугледжвае абавязковае мэдычнае страхаваньне для ўсіх грамадзян ЗША, што выклікае незадаволенасьць рэспубліканцаў .

Поўнага спыненьня працы ўраду ня будзе. На сваіх месцах застануцца супрацоўнікі ўсіх дзяржаўных устаноў, ад якіх залежыць нацыянальная бясьпека ЗША. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца амаль паўтара мільёна амэрыканскіх вайскоўцаў, паліцыянтаў, пажарнікаў і авіядыспэтчараў. Працягнуць працу дзярждэпартамэнт, цэнтар кіраваньня палётамі НАСА, а таксама пошта, якая знаходзіцца на самафінансаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG