Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засечкі на лбе Пятніцы


Спачатку яму было дадзена трохі досьведу, і толькі потым — выспа. Свая — пра якую можна толькі марыць, бо на ёй, бязьлюднай, як на нейкім закрытым найвышэйшым судзе, ёсьць шанец спазнаць, хто ты ёсьць насамрэч.

«...Я паставіў вялікі драўляны слуп на тым месцы, куды мяне выкінула мора, і нажом выразаў буйнымі літарамі надпіс: „Тут я ступіў на гэты бераг 30 верасьня 1659 году...“ На гэтым слупе я кожны дзень рабіў нажом засечку; а праз кожныя шэсьць засечак рабіў адну даўжэйшую: гэта азначала нядзелю; тыя засечкі, што абазначалі першы дзень кожнага месяца, я рабіў яшчэ даўжэйшымі. Такім чынам я вёў свой каляндар...»

Рабінзон Круза паставіў на належнае месца ня толькі свой слуп — ён і Бога разьмясьціў там, дзе ад яго найбольш карысьці.

З аднаго боку, ён, Рабінзон, чалавек рэлігійны — і толькі дзякуючы гэтаму не вар’яцее ад тых невясёлых пэрспэктываў, якія, быццам акіян навокал, не прапануюць выйсьця, а толькі распасьціраюцца сабе, так далёка, як хочуць, плюючы на самотніка з вышыні сваёй безуважнасьці. Хто верыць — той ужо не самотны. Выспа для яго — пасланае Богам выпрабаваньне, якое варта прыняць з пакорай і згодай. З другога боку, ён ня просіць у Бога асаблівай спагады, не замаўляе больш, чым патрабуецца; ён ня дурань, каб спадзявацца на цуд, на гелікоптэр з анёламі, які зьявіцца зь зіхоткіх вышыняў і скіне вяровачную лесьвіцу. І таму Чалавек бярэцца за справу.

Бог жыве ў Рабінзонавым духу, галава і рукі занятыя іншым: у гэтым сакрэт выратаваньня. Няма каму сказаць Рабінзону, які шчыруе над домам і полем: «Памагай Божа» — але прысутнасьць Бога ён адчувае ўвесь час.

Дарэчы, пра час. У мора няма часу — таму ці ня першае, што ладзіць Рабінзон, гэта каляндар. З календаром сьвет адразу вяртаецца на месца. Ведаючы, калі ты ёсьць, лягчэй вырашыць, кім ты ёсьць. Ахвяраю або героем, аскепкам або востравам. І гора таму, у каго каляндар іншы.

Рабінзон — ваяўнічая мараль, якая паўстае супраць культуры. Увасабленьне Эўропы, зь яе вартасьцямі і яе забабонамі. Зь яе слабасьцямі: прышчэпленая Рабінзону культура не дае яму зьліцца з прыродай, зьнікнуць у ёй; але гэтая слабасьць абарочваецца сілай. Выспа выхоўвае яго і загартоўвае — але не зьмяняе.

Ён і ў такім становішчы — белы чалавек, што прагне падпарадкаваньня, гаспадар, які ўсталёўвае законы. Культура тубыльцаў, якая лічыць канібалізм цалкам нармальным рытуалам, уступае ў канфлікт з культурай, дзе есьці людзей — ня надта прыстойны занятак для джэнтэльмэна.

Рабінзон перамагае ня зброяй і не сваім гуманізмам; ён са сваім календаром наперавес, як вандроўнік у мінулае; няўклюдны, як усе эўрапейцы, слон у аддзеле парцалянавага хронасу — бо парушае натуральную хаду падзей. Ён як сучасны ваяка ў хакі, які трапіў на Каталаўнскія палі і пастраляў усіх «ворагаў» з кулямёта. Пятніца ўратаваны і «акультураны» — але пятніца, вырваная з тыдня, робіцца абсурднай сама і пазбаўляе сэнсу час.

Але часу хапае. І выспа вытрымае дваіх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG